Знайсці
21.06.2022 / 22:06РусŁacБел

Эканаміст пра рапсавыя праекты Лукашэнкі: Вырабіць усяго можна колькі заўгодна, але праблема ў рэнтабельнасці 

Эканаміст Леў Марголін ў інтэрв'ю інтэрнэт-газеце «Салідарнасць» на фоне пастаўленай Лукашэнкам падчас учарашняга візіту ў Шклоўскі раён задачы атрымаць мільён тон ураджаю рапсу прагназуе, ці атрымаецца гэтым разам Лукашэнку зрабіць рэвалюцыю ў сельскай гаспадарцы і згадвае, чым заканчваліся ранейшыя падобныя эксперыменты.

— Рэвалюцыі, якія пачынаюцца зверху, як правіла, не паспяховыя, таму што яны не ўлічваюць рэальную сітуацыю. Гэта тычыцца ўсяго — не толькі сельскай гаспадаркі.

Цалкам магу дапусціць, што на радзіме ў Лукашэнкі, для якога сельская гаспадарка — гэта першае каханне юнацтва, і азімы ячмень, і рапс апрацоўваюцца па ўсіх правілах і тэхналогіях. Але ці атрымаецца такім чынам вырашыць харчовую праблему? Думаю, што не. І вось чаму.

Усе гэтыя тэхналогіі, якімі яны карыстаюцца, не з'яўляюцца сакрэтам для іншых. Пытанне, як правіла, упіраецца не ў тэхналогіі, а ў зацікаўленасць. Вось калі нейкую тэхналогію прымяняе фермер, прыватная гаспадарка, яны зыходзяць з пытання прыбытковасці, рэнтабельнасці гэтага праекта, і менавіта з гэтага пункту гледжання яго разглядаюць.

Наколькі ж я разумею з выступу Лукашэнкі, тут пытанне рэнтабельнасці ўвогуле ніхто не разглядае.

Гэта значыць, гэта можа быць паўторам тых самых рэвалюцый, якія ў нас ужо былі ў іншых галінах: і ў дрэваапрацоўцы, і ў цэментнай, і ў цэлюлозна-папяровай прамысловасці, і ў вытворчасці малака — колькі ў нас толькі ні было рэвалюцый. Яны ламаліся на тым, што дзесьці хтосьці не ўлічваў рэнтабельнасць.

Так, можна, напэўна, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі, дамагчыся выдатных ураджаяў ячменю і рапсу. Зыходзячы з гэтых ураджаяў, можна забяспечыць кармамі ўсю жывёлагадоўлю.

Але адразу ўзнікае пытанне: колькі гэта будзе каштаваць, колькі будзе каштаваць выкананне тэхналогій, наколькі гэтыя тэхналогіі рэнтабельныя ў Беларусі.

Умоўна кажучы, можна і бананы ў Беларусі вырошчваць, і ананасы. Але ці будзе гэта рэнтабельна? І наколькі будзе рэнтабельна для жывёлагадоўлі выкарыстанне гэтых кармоў? Зноў-такі, можна прымусіць у загадным парадку жывёлагадоўлю закупляць кармы, прыгатаваныя на аснове гэтых ячменю і рапсу. Якая цана будзе ў выніку на гэтае мяса? Гэтага, на жаль, няма.

І гэта вялікая бяда планавай эканомікі, таму што запланаваць мы можам усё што заўгодна, але калі гэта робіцца ў рынкавых умовах, калі рашэнне канчаткова і беспаваротна прымае не ўлада наверсе, а сам вытворца, ён укладвае ў праект уласныя грошы. І перш, чым іх ўкласці, ён старанна пралічыць і ацэніць усе фактары. І калі будзе бачыць, што гэта сапраўды прынясе яму прыбытак, толькі тады ён гэтыя грошы будзе ўкладваць.

Калі ж гэта робіць дзяржава, то яна часцяком такім «дробязям» значэння не надае. Менавіта таму я лічу, што калі б прарыў можна было ажыццявіць вось такім чынам — праз азімыя, ячмень і рапс, з дапамогай захавання ўсіх тэхналогій, то гэта б ужо даўно хто-небудзь зрабіў.

Абсалютна ўпэўнены, што арганізаваць рэвалюцыю ў сельскай гаспадарцы не атрымаецца. У лепшым выпадку можна будзе стварыць паказальную вытворчасць, дзе гэта будзе выкарыстана, можа быць, нават не толькі вырошчваць гэтыя культуры, але і вырабляць камбікармы на іх аснове і гадаваць буйную рагатую жывёлу, свіней, але я вельмі сумняюся, што гэтая вытворчасць будзе рэнтабельная.

— Лукашэнка заявіў, што забеспячэнне кармамі і вытворчасць мяса і малака азначае, што «ў нас не будзе ніколі праблем з грашыма». Як вы гэта ацэньваеце?

— Праблем з грашыма, можа быць, і не будзе, але толькі ў тым выпадку, калі рэалізацыя прадукцыі будзе праводзіцца ў лепшых традыцыях планавай гаспадаркі. Скажуць закупіць гандлёвым сеткам мяса вось гэтага вытворцы. Мы ж бачым: у нас прадаюць расійскае мяса, і мармуровую ялавічыну, і ўсё што хочаш, але там цэны такія, што іх могуць сабе дазволіць толькі самыя багатыя людзі.

Каб не атрымалася і з нашым мясам аналагічная карціна. Можа быць, яно сапраўды будзе супер-пупер, але ж пытанне ў цане.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
33
Панылы сорам
11
Ха-ха
5
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
8
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930