Знайсці
22.06.2022 / 15:15РусŁacБел

«Пацыфізм — няправільны адказ на вайну ва Украіне. Гуляць у нейтралітэт — самы кароткі шлях да катастрофы»

Вядомы левы філосаф Славой Жыжэк у сваёй аўтарскай калонцы для The Guardian разважае пра тое, чаму ўвесь свет мусіць падтрымаць Украіну і які шлях абраць Еўропе, каб захаваць сябе. А таксама — што адрознівае правых ад сапраўдных левых.

Славой Жыжэк. Фота: Simon Plestenjak/flickr.com

Для мяне хіт Джона Ленана Imagine («Уяві») заўсёды быў песняй, папулярнай па няправільных прычынах. Уявіць, што «свет будзе жыць як адно цэлае» — гэта найлепшы спосаб патрапіць у пекла.

Тыя, хто кажа пра пацыфізм перад тварам нападу Расіі на Украіну, трапляюць у пастку ўласнай версіі «ўяўлення». Уявіце сабе свет, у якім напружанасць больш не вырашаецца з дапамогай узброеных канфліктаў…

Еўропа захрасла ў гэтым неіснуючым свеце, ігнаруючы жорсткую рэчаіснасць за межамі Еўропы. Цяпер прыйшоў час абудзіцца.

Летуценне пра хуткую перамогу Украіны, якое толькі паўтарала першапачатковае летуценне пра хуткую перамогу Расіі, знікла. Гэта цяпер выглядае як зацягнутая патавая сітуацыя, у якой Расія павольна рухаецца наперад, і яе канчатковая мэта выразна сфармуляваная.

Больш не трэба чытаць паміж радкоў, калі Пуцін параўноўвае сябе з Пятром І: «На першы погляд, ён ваяваў са Швецыяй, адрываючы ад яе нешта… Ён нічога не адрываў, ён вяртаў… Ён вяртаў і ўзмацняў, вось што ён рабіў… Відавочна, што на нашу долю выпала таксама вяртаць і ўзмацняць».

Мітынг на 23 лютага ў Маскве. Фота: Associated Press

Замест таго, каб засяродзіцца на канкрэтных пытаннях да Пуціна (ці сапраўды Расія проста «вяртае» і дзеля чаго?), мы павінны ўважліва прачытаць агульнае абгрунтаванне ягоных прэтэнзіяў: «каб прэтэндаваць на нейкае лідарства — я нават не кажу пра глабальнае лідарства, я маю на ўвазе лідарства ў любой галіне — у любой краіне, любы народ, любая этнічная група павінны забяспечыць свой суверэнітэт. Бо няма прамежкавага, пераходнага стану: альбо краіна з'яўляецца суверэннай, альбо гэта калонія, незалежна ад таго, як называюць калоніі».

Сэнс гэтых радкоў, як выказаўся адзін каментатар, ясны — ёсць два віды дзяржаваў: «Суверэнныя і заваяваныя. З імперскага пункту гледжання Пуціна, Украіна павінна трапіць у апошнюю катэгорыю».

Не менш ясна з афіцыйных заяваў Расіі за апошнія месяцы, што Боснія і Герцагавіна, Косава, Фінляндыя, краіны Балтыі, і, у выніку, уся Еўропа «трапляе у апошнюю катэгорыю».

Акупаваная Украіна. Салдаты СС на вуліцах Марыупаля. Фота: Associated Press

Цяпер мы ведаем, што азначае заклік дазволіць Пуціну «захаваць твар». Гэта азначае прыняць не нязначны тэрытарыяльны кампраміс на Данбасе, а імперскія амбіцыі Пуціна. Прычына, па якой гэта імкненне павінна быць безумоўна адхіленае, у тым, што ў сённяшнім глабальным свеце, у якім нас усіх пераследуюць адны і тыя ж катастрофы, мы ўсе знаходзімся паміж імі, у прамежкавым стане, не з'яўляючыся ні суверэннай краінай, ні заваяванай.

Настойваць на поўным суверэнітэце перад абліччам глабальнага пацяплення — чыстае вар'яцтва, бо само наша выжыванне залежыць ад шчыльнага глабальнага супрацоўніцтва.

Але Расія не проста ігнаруе глабальнае пацяпленне — бо чаму яна так раззлавалася на скандынаўскія краіны, калі яны заявілі аб сваім намеры ўступіць у НАТА? Ва ўмовах глабальнага пацяплення на карту пастаўлены кантроль над арктычнымі шляхамі (вось чаму Трамп хацеў купіць Грэнландыю ў Даніі). З-за выбуховага развіцця Кітая, Японіі і Паўднёвай Карэі асноўны транспартны маршрут будзе праходзіць на поўнач ад Расіі і Скандынавіі.

Стратэгічны план Расіі складаецца ў тым, каб атрымаць выгаду з глабальнага пацяплення: кантраляваць галоўны транспартны маршрут у свеце, развіваць Сібір і кантраляваць Украіну. Такім чынам, Расія будзе дамінаваць у вытворчасці прадуктаў харчавання настолькі, што зможа шантажаваць увесь свет. Гэта канчатковая эканамічная рэальнасць, якая ляжыць у аснове імперскай мары Пуціна.

Тыя, хто выступае за меншую падтрымку Украіны і большы ціск на яе з мэтай перамоваў, уключаючы прыняцце балючых тэрытарыяльных саступак, любяць паўтараць, што Украіна проста не можа выйграць вайну супраць Расіі. Так, але менавіта ў гэтым я бачу веліч украінскага супраціву: яны рызыкнулі немагчымым, грэбуючы прагматычнымі разлікамі, і самае меншае, што мы ім павінны, — гэта поўная падтрымка, а для гэтага нам трэба больш моцнае НАТА, але не як працяг палітыкі ЗША.

Украінскі салдат каля Харкава, 26 сакавіка 2022 года. Фота: Associated Press.

Стратэгія ЗША ў супрацьдзеянні праз Еўропу далёка не відавочная: не толькі Украіна, але і сама Еўропа становіцца месцам апасродкаванай вайны паміж намі і Расіяй, якая цалкам можа скончыцца кампрамісам паміж ЗША і Расіяй за кошт Еўропы.

У Еўропы ёсць толькі два шляхі, каб выйсці з гэтага становішча: гуляць у нейтралітэт, што ёсць самы кароткі шлях да катастрофы, або дбаць пра свае інтарэсы.

І проста падумайце, як можа змяніцца сітуацыя, калі Трамп пераможа на наступных выбарах у ЗША.

Некаторыя левыя сцвярджаюць, што вайна адпавядае інтарэсам ваенна-прамысловага комплексу НАТА, які выкарыстоўвае патрэбу ў новых узбраеннях, каб пазбегнуць крызісу і атрымаць новыя прыбыткі. Але іх сапраўднае пасланне Украіне такое: добра, вы ахвяры жорсткай агрэсіі, але не спадзявайцеся на нашу зброю, бо так вы гуляеце на руку ваенна-прамысловаму комплексу…

Дэзарыентацыя, выкліканая вайной на Украіне, спарадзіла дзіўных партнёраў, такіх як Генры Кісінджэр і Ноам Хомскі, якія «паходзяць з процілеглых канцоў палітычнага спектру — Кісінджэр займаў пасаду дзяржсакратара пры прэзідэнтах-рэспубліканцах, а Хомскі быў адным з вядучых левых інтэлектуалаў у Злучаных Штатах — і яны часта канфліктавалі. Але калі справа даходзіць да расійскага ўварвання ва Украіну, абодва нядаўна выступілі за тое, каб Украіна разгледзела пагадненне па ўрэгуляванні канфлікту, якое магло б прывесці да адмовы ад прэтэнзій на некаторыя землі, каб хутчэй дасягнуць мірнага пагаднення».

Карацей кажучы, абодва выступаюць за адну і тую ж версію «пацыфізму», якая працуе толькі ў тым выпадку, калі мы грэбуем ключавым фактам, што вайна ідзе не з-за Украіны, а з-за жорсткай спробы змяніць усю нашу геапалітычную сітуацыю. Сапраўднай мэтай вайны з'яўляецца разбурэнне еўрапейскага адзінства, за якое выступаюць не толькі кансерватары ў ЗША і Расія, але і еўрапейскія крайнія правыя і левыя — цяпер, у Францыі, Мэляншон сустракаецца з Ле Пэн.

Самая вар'яцкая ідэя, якая гучыць цяпер, палягае ў тым, што, каб супрацьстаяць новаму саюзу паміж ЗША і Кітаем, якія выступаюць супраць заходняга лібералізму і ўсходняга аўтарытарызму, Еўропа і Расія павінны аб'яднаць сілы і сфармаваць трэці «Еўразійскі» блок, заснаваны на хрысціянскай спадчыне, вычышчанай ад яе «ліберальных празмернасцяў». Сама ідэя «Еўразійскага» трэцяга шляху — гэта форма сучаснага фашызму.

Дык што ж адбудзецца, «калі выбаршчыкі ў Еўропе і Амерыцы, сутыкнуўшыся з рэзкім ростам цэн на энерганосьбіты і разгон інфляцыі, выкліканай санкцыямі супраць Расіі, страцяць цікавасць да вайны, якой, здаецца, няма канца, а патрэбы толькі растуць, бо абодва бакі рухаюцца да зацяжнога тупіка»? Адказ відавочны: у гэты момант Еўрапейская спадчына будзе страчаная, і Еўропа дэ-факта будзе падзеленая паміж амерыканскай і расійскай сферамі ўплыву. Карацей кажучы, Еўропа стане месцам вайны, якой, здаецца, не будзе канца…

Дзень памяці ахвяраў канцэнтрацыйных лагераў у Германіі, красавіка 2022 года. Фота: Associated Press

Што абсалютна непрымальна для сапраўднага левага сёння, дык гэта не толькі падтрымліваць Расію, але і рабіць больш «сціплыя» заявы пра тое, што левыя падзеленыя на пацыфістаў і прыхільнікаў Украіны, і што да гэтага падзелу варта ставіцца як да нязначнага факту, які не павінен уплываць на глабальную барацьбу левых супраць глабальнага капіталізму.

Калі краіна акупаваная, кіруючы клас звычайна падкупляюць, каб ён супрацоўнічаў з акупантамі, каб захаваць сваё прывілеяванае становішча, і барацьба з акупантамі становіцца прыярытэтам.

Тое ж самае можна сказаць і пра барацьбу з расізмам. У стане расавай напружанасці і эксплуатацыі адзіны спосаб эфектыўна змагацца за працоўны клас — гэта засяродзіцца на барацьбе з расізмам. Вось чаму любыя звароты да белага працоўнага класа, якія робяць сёння крайне правыя папулісты — гэта здрада класавай барацьбе.

Сёння чалавек не можа быць левым, калі ён не падтрымлівае Украіну. Быць левым, які «ставіцца з разуменнем» да Расіі, усё роўна што быць адным з тых левых, якія да нападу Германіі на Савецкі Саюз сур'ёзна ставіліся да нацысцкай «антыімперыялістычнай» рыторыкі, накіраванай супраць Вялікабрытаніі, і выступалі за нейтралітэт падчас вайны Германіі супраць Францыі і Вялікабрытаніі.

Калі левыя тут пацярпяць паразу, гульня для іх скончаная. Але ці азначае гэта, што левыя павінны проста ўстаць на бок Захаду, уключаючы правых фундаменталістаў, якія таксама падтрымліваюць Украіну?

У сваёй прамове ў Даласе 18 мая 2022 года, крытыкуючы палітычную сістэму Расіі, экс-прэзідэнт Буш сказаў: «Вынікам з'яўляецца адсутнасць стрымак і проціваг у Расіі і рашэнне аднаго чалавека пачаць абсалютна неапраўданае і жорсткае ўварванне ў Ірак». Ён хутка выправіўся: «Я маю на ўвазе, ва Украіну», затым сказаў «Ірак, няважна» пад смех натоўпу і дадаў «75», маючы на ўвазе яго ўзрост.

Як адзначылі многія каментатары, у гэтым даволі відавочным фрэйдысцкім промаху не могуць не кідацца ў вочы дзве рэчы. Першая — той факт, што грамадскасць успрыняла схаванае прызнанне Буша ў тым, што напад ЗША на Ірак па яго загадзе быў «цалкам неапраўданым і жорсткім уварваннем» са смехам, замест таго, каб разглядаць яго як прызнанне злачынства, параўнальнае з расійскім уварваннем ва Украіну. Другая — загадкавы працяг Бушам свайго выпраўлення, фраза «Ірак, няважна», што ён меў на ўвазе? Што розніца паміж Украінай і Іракам насамрэч не мае значэння? Апошняя спасылка на яго ўзрост ніякім чынам не дае адказу гэтую загадку.

Але загадка перастае існаваць тады, калі мы ўспрымаем заяву Буша сур'ёзна і літаральна: так, з улікам усіх адрозненняў (Зяленскі не такі дыктатар, як Садам), Буш зрабіў тое ж самае, што Пуцін цяпер робіць з Украінай, таму іх абодвух варта ацэньваць па адных і тых жа стандартах.

У той дзень, калі я пішу гэта, мы даведаліся са СМІ, што міністр унутраных справаў Вялікабрытаніі Прыці Патэль ухваліла экстрадыцыю заснавальніка WikiLeaks Джуліяна Асанжа ў ЗША. У чым ён вінаваты? Толькі ў тым, што паказаў злачынства, у якім выпадкова прызнаўся Буш: дакументы, апублікаваныя WikiLeaks, паказалі, як падчас прэзідэнцтва Буша «амерыканскія вайскоўцы забілі сотні грамадзянскіх асобаў падчас вайны ў Афганістане, прытым інцыдэнты былі нідзе не зарэгістраваныя, а апублікаванныя файлы пра вайну ў Іраку паказалі, што было забіта 66 тысячаў грамадзянскіх асоб, і зняволеных катавалі».

Злачынствы, цалкам супастаўныя з тымі, якія Пуцін робіць ва Украіне. Азіраючыся назад, мы можам сказаць, што WikiLeaks выкрыў дзясяткі амерыканскіх Бучаў і Марыупаляў.

Арыштаваны ў Іраку мужчына разам з сынам. 31 сакавіка 2003 года. Фота: Associated Press

Такім чынам, хоць шанец, што Буша будуць судзіць, не менш ілюзорны, чым той, што Пуціна аддадуць у Гаагскі трыбунал, мінімум, які павінны зрабіць тыя, хто выступае супраць расійскага ўварвання ва Украіну — гэта запатрабаваць неадкладнага вызвалення Асанжа. Украіна сцвярджае, што змагаецца за Еўропу, а Расія сцвярджае, што змагаецца за астатні свет супраць Заходняй аднапалярнай гегемоніі. Абодва сцверджанні непраўдзівыя, і тут становіцца відавочнай розніца паміж правым і левым.

З пункту гледжання правых, Украіна змагаецца за еўрапейскія каштоўнасці супраць нееўрапейскіх аўтарытарыстаў. З пункту гледжання левых, Украіна змагаецца за свабоду ўсяго свету, уключаючы свабоду саміх расейцаў. Вось чаму сэрца кожнага сапраўднага рускага патрыёта б'ецца за Украіну.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
37
Панылы сорам
6
Ха-ха
3
Ого
7
Сумна
4
Абуральна
2
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930