Знайсці
21.06.2022 / 12:34

«А хто сказаў, што Такаеў чымсьці абавязаны Пуціну?» Што стаіць за рыторыкай прэзідэнта Казахстана 

Кіраўнік Казахстана Касым-Жамарт Такаеў падчас Пецярбургскага форуму не падтрымаў расійскую акупацыю Данбаса і выступіў за адзіную і непадзельную Украіну. Прычым зрабіў гэта ў прысутнасці самога Пуціна. Адны ўспрынялі гэта як дзёрзкі выклік, іншыя — як разыграны спектакль. Але што гэта было насамрэч? 

17 чэрвеня на Пецярбургскім эканамічным форуме падчас адкрытай размовы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным Такаеў заявіў: «Падлічана, што калі права нацый на самавызначэнне будзе рэалізаванае на ўсім зямным шары, то замест 193 дзяржаў на Зямлі ўзнікне больш за 500-600 дзяржаў. Гэта будзе хаос. Па гэтай прычыне мы не прызнаём ні Тайвань, ні Косава, ні Паўднёвую Асецію, ні Абхазію. Гэты прынцып будзе ўжыты і ў дачыненні да квазідзяржаўных тэрыторый, якімі, на наш погляд, з'яўляюцца Луганск і Данецк».

Фота: АР

Гэтыя словы — частка адказу Такаева на пытанне, якое яму задала расійская прапагандыстка Маргарыта Сіманьян, пра тое, як у Казахстане ставяцца да вайны Расіі супраць Украіны. У гэтыя ж дні ў Расіі Такаеву хацелі ўручыць ордэн Аляксандра Неўскага, але прэзідэнт Казахстана адмовіўся прыняць расійскую ўзнагароду. Ён матываваў гэта тым, што да канца сваіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў не хоча атрымліваць ніякіх узнагарод.

«Было б дзіўна, калі б ён, адказваючы на гэтыя пытанні, сказаў нешта іншае»

Палітолаг Роза Турарбекава, якая раней працавала дацэнтам кафедры міжнародных адносін БДУ, каментуе сітуацыю:

«Я не ўбачыла ў гэтым выступленні прэзідэнта Такаева чагосьці звышнатуральнага, за выключэннем таго, на якім фоне і ў прысутнасці каго гэта было зроблена. Для Такаева цяпер вельмі важна прадэманстраваць тое, што ён з’яўляецца сапраўдным новым лідарам пасля нядаўняга прыняцця Канстытуцыі. Цяпер унутры Казахстана адбываюцца пэўныя палітычныя змены, пра якія ўлады заяўляюць як пра рэформу. Наколькі гэтая рэформа рэальная, а не імітацыя, пакажа час, але пакуль што ўсё выглядае жвава».

На думку спадарыні Турарбекавай, рэзананс, звязаны з гэтым выступам Такаева, быў выкліканы тым, што мадэратарам была расійская прапагандыстка Сіманьян. 

«За некалькі тыдняў да гэтага форуму яе муж Кеасаян дазволіў сабе даволі некарэктныя заявы адносна Казахстана, у тым ліку па пазіцыі Казахстана наконт вайны ва Украіне. Унутры Казахстана было сур’ёзнае абурэнне грамадскай думкі, асабліва сярод нацыянальна-патрыятычнай часткі. Для Такаева гэта быў вядомы факт. Акрамя таго, былі пэўныя дэмаршы з боку афіцыйных уладаў Казахстана. Былі пэўныя заявы МЗС», — кажа палітолаг. 

Фота: АР

Такім чынам, мадэратарства Сіманьян на мерапрыемстве з удзелам Такаева само па сабе стварала канфліктную сітуацыю. 

Роза Турарбекава кажа, што Такаеў усяго толькі прагаворваў афіцыйную пазіцыю Казахстана, якая не змяняецца. 

«Было б дзіўна, калі б ён, адказваючы на гэтыя пытанні, сказаў нешта іншае. Іншая рэч, што ён не стаў выкручвацца, рабіць нейкія двухсэнсоўныя заявы. Ён прагаварыў пазіцыю дзяржавы».

Што тычыцца ордэна, то тут таксама нічога дзіўнага няма, бо гэта свядомая пазіцыя Такаева, які сябе хоча аддзяліць ад прэзідэнта Назарбаева, што прымаў ордэны ад усіх краін. Такаеў, у адрозненне ад папярэдніка, адмаўляецца ад усіх замежных ордэнаў, не толькі ад расійскіх. 

«А хто сказаў, што Такаеў чымсьці абавязаны Пуціну?»

На пачатку года ў Казахстане адбыліся масавыя пратэсты, і тады, каб стабілізаваць сітуацыю і ўмацаваць уладу, Такаеў паклікаў у краіну войскі АДКБ. Многія ўспрынялі гэта як сігнал таго, што Казахстан стане больш залежным ад Расіі (якая адыгрывае асноўную ролю ў АДКБ), страціць магчымасці для манеўравання, а Такаеў стане праводзіць больш прарасійскую палітыку. Але Роза Турарбекава з гэтым не згодная. 

«Я не думаю, што Такаеў адчувае сябе абавязаным Пуціну і Расіі», — кажа яна. 

Экспертка нагадвае, што Такаеў падчас пратэстаў звярнуўся не да Расіі, а да сіл аператыўнага рэагавання АДКБ. 

«З такім жа поспехам можна сцвярджаць, што Такаеў абавязаны Лукашэнку», — кажа палітолаг. 

«Расія тады, у студзені, атрымала магчымасць падтрымаць бок, які перамагаў. У гэтым сэнсе Расія ўмацавала аўтарытэт унутры Казахстана. Але ці распаўсюджваецца гэта аўтаматычна на залежнасць Такаева як прэзідэнта ад Расіі — я ў гэтым не ўпэўненая», — дадае яна. 

Таксама спадарыня Турарбекава звяртае ўвагу на тое, што войскі АДКБ былі вельмі хутка выведзеныя з Казахстана і што гэта, імаверна, стала, у тым ліку, вынікам пазіцыі Кітая. 

Такаеў умацоўвае ўладу, клан Назарбаева перажывае падзенне

Самым важным палітычным момантам новага тэксту Канстытуцыі з’яўляецца тое, што адтуль прыбралі згадкі пра Назарбаева і яго ролю, мяркуе палітолаг. 

Таксама яна звяртае ўвагу на тое, што пасля рэферэндуму ў Крэмль паехаў сам Назарбаеў. 

«Думаю, яго роля і яго значэнне на ўнутрыпалітычным полі рэзка скарацілася. Пра гэта сведчаць крымінальныя праследаванні асобных членаў яго сям’і і аўдытарскія праверкі і расследаванні махінацый членаў сям’і», — дадае Роза Турарбекава.

«Клан Назарбаева сёння перажывае сваё падзенне», — рэзюмуе яна. 

Але чаго ж у зменах Канстытуцыі Казахстана больш: рэальнага жадання рэфармаваць краіну альбо імкнення расправіцца з кланам Назарбаева?

«А я б не стала супрацьпастаўляць гэтыя рэчы, прынамсі цяпер. Скарачэнне ўплыву клана Назарбаева на палітыку і эканоміку Казахстана, іх значнасці і іх ролі, сыход іх з палітычнай сцэны, будзе азначаць, у тым ліку, расчышчэнне поля. Іншая рэч, хто цяпер гэтае поле будзе запаўняць», — кажа палітолаг. 

«Па новай Канстытуцыі, прэзідэнт Казахстана захаваў значную частку сваіх паўнамоцтваў, але ў ёй ёсць пэўныя абнадзейлівыя сімптомы. Гэта ўзмацненне ролі палітычных партый, у тым ліку магчымасці іх рэгістрацыі, павелічэнне магчымасцяў удзелу ў палітычным жыцці новых палітычных партый, умацаванне ролі грамадзянскай супольнасці праз рэформы судовай улады», — адзначае Роза Турарбекава.

Пратэсны рух быў дыскрэдытаваны гвалтам на поўдні краіны

Палітолаг мяркуе, што патрабаванні памяркоўнага крыла пратэстоўцаў улічваліся пры распрацоўцы новага тэксту Канстытуцыі. Яна нагадвае, што галоўным лозунгам першых дзён пратэсту на захадзе Казахстана быў «Стары, сыходзь!».

«Вось ён і сыходзіць. І ў Канстытуцыі гэта цяпер замацавана. Іншая рэч, што хацелася б большага. Але гэтага не ўдалося дамагчыся, бо сам пратэсны рух быў дыскрэдытаваны гвалтам на поўдні краіны», — кажа палітолаг. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
79
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
9
Сумна
3
Абуральна
13
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31