Знайсці
29.06.2022 / 09:46РусŁacБел

«Мы адзін народ». Хто такія арыштаваныя ва Украіне браты Канановічы, якіх падняла на шчыт прапаганда

З сакавіка ў лукашэнкаўскіх СМІ пачалі з'яўляцца допісы ў падтрымку братоў Канановічаў з Украіны. Па версіі прапаганды, іх несправядліва арыштавалі ў Кіеве. Расказваем, хто такія гэтыя людзі і чаму на іх звярнула ўвагу СБУ.

Браты Канановічы на «Несмяротным палку» у Кіеве. Фота: сацсеткі

Хто яны і як сталі вядомымі

Браты нарадзіліся ў Лунінецкім раёне, але беларускага грамадзянства не маюць. Абодвум па 42 гады.

Іх бацька быў вайскоўцам, таму яны пераехалі ва Украіну і засталіся там. На беларускай ніве да пратэстаў 2020 года яны былі незаўважныя.

Канановічы сваіх прарасейскіх і прасавецкіх поглядаў ніколі не хавалі.

Зірніце на гэты калаж тут унізе. За аналагічны ў Беларусі Канановіч атрымаў бы крымінальную справу па артыкуле 370 КК «Здзек з дзяржаўных сімвалаў».

Фота: сацсеткі Міхаіла Канановіча

Больш за пятнаццаць гадоў таму Канановічы ўступілі ў Камуністычную партыю Украіны. Міхаіл не раз, але аднолькава беспаспяхова балатаваўся ад камуністаў на мясцовых выбарах у Луцку пачынаючы з 2010 года.

Браты праславіліся ў 2012-м. Тады яны з дапамогай аэраплана раскідалі над пляцоўкай, дзе праводзіўся музычны фестываль «Бандэрштат», улёткі, у якіх сцвярджалася, што лідары ўкраінскіх нацыяналістаў — пасобнікі нацысцкай Германіі, а Бандэру параўналі з Гітлерам.

За гэта іх аштрафавалі на 1020 грывен. Акцыю прызналі небяспечнай, а на ўлётках не былі надрукаваныя выходныя даныя (па некаторых звестках, улёткі пераслалі з РФ).

«Першая ластаўка з Заходняй Украіны для маладой рэспублікі»

У 2014 годзе Канановічы ўдзельнічалі ў розных «антымайданных» рухах. У жніўні 2014 года яны скардзіліся чальцам місіі АБСЕ на дыскрымінацыю рускамоўных ва Украіне.

«Бандэраўскі сцяг на будынку мэрыі Луцка апавяшчае пра новую фашысцкую ўладу ў горадзе і краіне», — сцвярджаў тады Аляксандр.

Канановіч на мітынгу Камуністычнай партыі Беларусі ў Мінску. Фота: сацсеткі

Пасля гэтага браты павезлі ў «ЛНР» гуманітарную дапамогу і зладзілі прэс-канферэнцыю разам з яе кіраўнікамі. Там яны назвалі сябе «першай ластаўкай з Заходняй Украіны для маладой рэспублікі». Аляксандр папрасіў прабачэння за ўкраінскае войска. А армію Украіны ён назваў «горкімі алкаголікамі» і «люмпэнамі, якія грамяць мірнае насельніцтва».

Падчас паездкі ў Луганск. Фота: сацсеткі

Пасля забароны дзейнасці Камуністычнай партыі Украіны Міхаіл узначаліў «Ленінскі камсамол Украіны», дзе былі фактычна тыя ж людзі, толькі пад іншай шыльдай. Асноўны кірунак арганізацыі — адзначэнне савецкіх святаў. Міхаіл ездзіў у Расію, сустракаўся з Зюганавым.

Аляксандр тым часам узначаліў валынскую секцыю г.зв. Антыфашысцкага камітэта Украіны і заставаўся старшынёй «Рускага таварыства на Валыні». 

Міхаіл з Зюганавым у Маскве. Фота: сацсеткі

«Украінцы рабуюць мірных жыхароў, а хто пойдзе ваяваць, вырашаюць за чаркай гарэлкі»

Браты займаліся распаўсюдам пракрамлёўскай прапаганды для ўкраінскай аўдыторыі.

«Мабілізацыя ў войска адбываецца ў асноўным па вёсках і хто пойдзе ваяваць вырашаюць за чаркай гарэлкі», — пісалі Канановічы.

У сакавіку 2015-га пасля распаўсюду фэйку пра тое, што «рускамоўных ва Украіне забіваюць і рэжуць», Аляксандра Канановіча дапытала СБУ.

Канановіча вядуць у СБУ. Скрыншот: відэа Громадське

Браты пастаянна параўноўвалі ўлады Украіны з нацыстамі. Да прыкладу, Міхаіл так выказаўся наконт знішчэння шыльды ў гонар забітага прарасійскага публіцыста Олеся Бузіны ў 2015 годзе: «Пакуль лагерная, акупацыйная адміністрацыя Парашэнкі ва ўладзе, будуць вайна, кроў, пакаранні смерцю і найвялікшая несправядлівасць у адносінах да людзей добрай волі, камуністаў, апазіцыянераў і рыцараў усходнеславянскай цывілізацыі, якія пасмелі кінуць выклік Заходняй пустцы».

Допіс Міхаіла у сацсетцы

Яны не былі левымі актывістамі ў сапраўдным сэнсе гэтага слова. Іх дзейнасць абмяжоўвалася прарасійскай і прасавецкай прапагандай.

«Сябры Валыні»

Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і пачатку пратэстаў браты Канановічы сталі ладзіць заказныя акцыі каля пасольства Беларусі ў Кіеве з чырвона-зялёнымі сцягамі і савецкімі сімваламі.

Рабілася гэта пад шыльдай быццам бы беларускай арганізацыі «Сябры Валыні». Аднак, гэтая арганізацыя вядомая толькі пікетамі каля амбасады — іншай актыўнасці не заўважана, хоць арганізацыя заснаваная ў 2015 годзе.

Стракатая афіша мітынгу «Сяброў Валыні»

На адным з такіх мітынгаў у ліпені 2021 года на братоў напалі, але іх абаранілі супрацоўнікі паліцыі Украіны. Шпіталізацыя не спатрэбілася. Менавіта пасля гэтага пра братоў Канановічаў пачала масава пісаць лукашэнкаўская прапаганда.

Мітынг пад амбасадай Беларусі ў Кіеве. Браты Міхаіл і Аляксандр у цэнтры

Перыядычна Канановічы прыязжалі ў Мінск на сустрэчы з блогерамі, якія звязаныя з лукашэнкаўскімі спецслужбамі і апаратам прапаганды.

У Беларусі іх прымалі на высокім узроўні. Яны сустракаліся як з паслом Беларусі ва Украіне яшчэ ў Кіеве, так і з міністрам адукацыі Карпенкам і лідарамі праўладных моладзевых арганізацыяў.

Аб праціўніках Лукашэнкі яны выказваліся недвухсэнсоўна — «неймаверныя д***бы». Канановічы віталі вялікія прысуды палітзняволеным.

Кантэнт сацсетак Канановічаў

Міхаіл пісаў, што ў Беларусі «дэмакратыя, якая Украіне не снілася», а беларусы жывуць «пад парасонам бацькі».

Разам з прапагандыстамі ў Мінску. У шэрай паласатай майцы стаіць прапагандыстка Людміла Гладкая.

«Звяртаюся да Зяленскага, яго рэжыму і яго гаспадароў»

Да вайны яны агітавалі за «рускі свет» і распаўсюджвалі меркаванні, што Украіна ў кожным разе прайграе ў вайне. А таксама паўтаралі хлуслівае сцвярджэнне расійскай прапаганды, што ва Украіне ўсталяваўся фашысцкі рэжым.

У сваіх відэа ў сацсетках яны, да прыкладу, агітавалі ваяваць з НАТА, пісалі, што «вызваленне Украіны прыйдзе з усходу», і падобныя рэчы.

Допісы са старонкі Міхаіла ў лютым 2022 года

Пры канцы 2021 года Міхаіл арганізаваў у Луцку пікет на дзень вызвалення Украіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У прамове ён казаў: «Маладым украінцам давядзецца паўтарыць подзвіг, бо наша краіна цяпер пад акупацыяй, фашысты ходзяць і робяць што хочуць, а мы абавязаныя супраціўляцца». У пікеце ўдзельнічалі 6 чалавек.

20 лютага, за чатыры дні да таго, як на ўкраінскія гарады паляцелі ракеты, Міхаіл запісаў «відэазварот да Зяленскага». Ён пачаў яго словамі «звяртаюся да Зяленскага, яго рэжыму і яго гаспадароў». Сутнасць звароту ў тым, што Зяленскага будуць судзіць за тое, што ён быццам бы «здаў Данбас».

Абодва браты аднагалосна падтрымалі прызнанне Расіяй «ДНР» і «ЛНР», якое адбылося 21 лютага.

Калі пачалася вайна, яны сталі «разганяць» наратывы пра тое, што хутка будзе «мір» і Украіна сама вінаватая ў вайне.

СБУ арыштавала Канановічаў у пачатку сакавіка. «Ёсць даныя, што сведчаць пра іх супрацу са спецслужбамі РФ і РБ», — паведамляла спецслужба.

Што цяпер інкрымінуюць Канановічам

У Беларусі за любую крытыку Аляксандра Лукашэнкі ці арганізацыю акцый пратэсту арыштоўваюць. Браты Канановічы свабодна выказвалі свае погляды і вялі прарасійскую дзейнасць ва Украіне.

Найбольшая праблема, з якой Канановічы сутыкаліся, — гэта супраціў мясцовых актывістаў і ультрас. Але пасля таго як Расія пачала вайну супраць Украіны, усё змянілася.

Цяпер іх абвінавачваюць па дзвюх частках артыкула 109 КК Украіны — «Дзеянні, накіраваныя на захоп дзяржаўнай улады» і «Распаўсюд матэрыялаў з заклікамі да гвалтоўнага захопу дзяржаўнай улады».

Вось што кажа іх адвакат

Канановічы на сустрэчы са сваім адвакатам у СІЗА

«Затрымалі братоў на здымнай кватэры», — расказвае іх адвакат Дзяніс Запісны. Па ягоных словах, яны яе знялі, «каб з'ехаць ад сямей».

Па яго словах, спачатку іх падазравалі ў дыверсіях або працы на іншаземныя спецслужбы. Пасля гэтыя падазрэнні зніклі з абвінаваўчага заключэння, але з'явіліся абвінавачанні ў дзеяннях, скіраваных на звяржэнне канстытуцыйнага ладу, па якіх братам пагражае да 10 гадоў турмы.

«Падчас дасудовага расследвання неаднаразова казалі, што ў следства ёсць яшчэ нейкія моцныя доказы — цяпер справа перададзеная ў суд, але доказаў там не дадалося і нічога надзвычайнага, на мой погляд, там няма», — каментуе адвакат.

Нарожным каменем абвінавачання сталі пасты братоў у фэйсбуку і арганізацыя мітынгу 27 лютага каля адной з адміністрацыяў у горадзе Кіеў.

«Каля ўсіх адміністрацый ёсць камеры відэаназірання, але чамусьці запісаў з іх пра правядзенне нейкага мітынгу 27 лютага няма. Затое ёсць сведкі, якія быццам бы яго бачылі, — і не зрабілі ані фота, ані відэа. Я мяркую, што яны падстаўныя.

Браты кажуць, што яны не вар'яты, каб праводзіць прарасійскі мітынг напачатку вайны. Міхаіл казаў, што [людзі] іх бы проста разарвалі на кавалкі, калі б яны такое зрабілі».

Цытата з абвінаваўчага акту братоў Канановічаў. Месца і абставіны арганізацыі сустрэчы следствам не ўсталяваныя

Адвакат кажа, што допісы ў фэйсбук, якія інкрымінуюцца Канановічам як абвінавачанні, напісаныя да вайны.

«Дзеянні, накіраваныя на звяржэнне канстытуцыйнага ладу — гэта быццам бы сукупнасць рэчаў. То-бок, што яны былі па-прарасійску настроеныя, пісалі пасты і арганізавалі той «мітынг» з мэтай захопу адміністрацыі. На мой погляд, гэта не вытрымлівае аніякай крытыкі.

У мірны час іх бы адназначна апраўдалі. Але ў ваенны… мне цяжка сказаць, як могуць развівацца падзеі, — адзначае адвакат. — Па поглядах я вельмі далёкі ад іх. Але я катэгарычна нязгодны з тым, што з імі робіць наша дзяржава».

Ва Украіне працэс — гэта сапраўднае спаборніцтва

У Беларусі, калі вам выстаўленае абвінавачанне, вам канец, апраўдальных прысудаў па палітычных справах не бывае. А ва Украіне працэс — гэта сапраўднае спаборніцтва. І следства, і пракуратура, і бок абароны не паказваюць усіх козыраў да пачатку судовага працэсу. Таму бок абвінавачання многага не кажа да пачатку суда, бо гэта мусіць быць сюрпрызам для боку абароны. 

Суды ўважліва падыходзяць да доказаў — бо, у адрозненне ад Беларусі, любы чалавек можа пасля падаць у Еўрапейскі суд правоў чалавека.

Суд над братамі Канановічамі пачнецца ў Саломенскім раённым судзе Кіева 30 чэрвеня. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031