Знайсці
19.06.2022 / 22:11РусŁacБел

Адам Міхнік беларусам: Успомніце гісторыю з Леніным у Швейцарыі: ваша рэвалюцыя прыйдзе!

На фестывалі інтэлектуальнай кнігі Pradmova ў Варшаве адбылася сустрэча са знакамітым польскім мысляром, публіцыстам, палітыкам, шматгадовым галоўным рэдактарам Gazety Wyborczej Адамам Міхнікам. Найбольш цікавыя фрагменты ягонага выступлення надрукавала выданне СН-плюс. «І трэба абавязкова разумець, што не ўсе, хто застаўся ў Беларусі, павінны ісці ў адкрытую канфрантацыю з рэжымам. Доктар, настаўнік, будаўнік — кожны павінен рабіць сваю прамую справу. Але абавязкова памятаць пры гэтым, што наша справа — справядлівая, і наша перамога прыйдзе», — кажа Міхнік.

Адам Міхнік

Пра 2020-ы ў Беларусі…

Ці чакаў я тое, што адбылося ў Беларусі летам 2020 года? Тут дарэчная адсылка да куды больш далёкай гісторыі. У 1917-м Ленін заканчваў сваю кнігу «Дзяржава і рэвалюцыя», дзе пісаў, што толькі будучыя пакаленні, магчыма, убачаць рэвалюцыю ў Расіі. У гэты момант у ягоны пакой увайшоў паляк Браніцкі, які ўсклікнуў: «Уладзімір Ільіч, у Расіі — рэвалюцыя!»

Так і я не давяраў у 2020-м сваім вачам, таму што незадоўга да гэтага быў у Мінску, сустракаўся з рознымі людзьмі, у тым ліку са сваім сябрам Уладзімірам Мацкевічам — і ніхто з іх не думаў, што хутка адбудзецца нешта падобнае…

Мне здаецца, справа тут у ментальнай гісторыі беларускага грамадства. Мы прывыклі да стэрэатыпу Беларусі спакойнай, мірнай і канфармісцкай. У 1980-х Алесь Адамовіч напісаў, што ягоная радзіма — гэта Вандэя перабудовы, у якой улады катэгарычна супраць пераменаў, рэформаў.

Але насуперак уяўленням, што беларусы — такія вось класічныя савецкія людзі, адбылося беларускае паўстанне. І я думаю, гэта быў сігнал для Пуціна: трэба падтрымліваць Лукашэнку.

Пра тое, што было далей…

Ну, а далей здарылася тое, што здарылася… Вы пытаецеся, што цяпер рабіць? Хто вінаваты ў тым, што адбылося? Няма прамога адказу. Але не трэба думаць, што ўсё — гэта канец свету! Так не бывае.

Цяпер трэба шукаць адказы на пытанне, якая Беларусь нам патрэбна заўтра?

Якую Беларусь мы хочам бачыць у будучыні? І гэтая задача, па-першае, для эмігрантаў, бо ў іх — свабода слова. Па-другое, для саюзнікаў з вольнага свету, для ўрадаў Польшчы, Літвы, Латвіі, Славакіі…

І трэба абавязкова разумець, што не ўсе, хто застаўся ў Беларусі, павінны ісці ў адкрытую канфрантацыю з рэжымам. Лекар, настаўнік, будаўнік — кожны павінен рабіць сваю прамую справу. Але абавязкова памятаць пры гэтым, што наша справа— справядлівая, і наша перамога прыйдзе.

Пра тое, што будзе паслязаўтра

Важна разумець і тое, што пасля немінучай перамогі не будзе імгненнага раю, як не было яго адразу пасля паразы дыктатуры ў нас, у чэхаў, венграў… Бо ў трансфармацыі няма адзінай логікі — яна розная ў розных людзей і груп грамадства.

Дарэчы нагадаць таксама, што ў рэвалюцыі, з аднаго боку, ёсць дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна, а з другога — гільяціна.

Дэкларацыя — гэта момант, калі людзі знішчылі пастылае, а гільяціна — ужо барацьба за ўладу. І гэта таксама вельмі небяспечна для краіны і грамадства. Глядзіце, што зноў жа адбываецца ў венграў, ды і ў нас, палякаў…

Усе ўдалыя трансфармацыі пасля дыктатуры — у Іспаніі, Польшчы, Чылі, Чэхаславакіі — гэта вынік кампрамісу паміж апазіцыяй і часткай сістэмы. Я ўпэўнены, напрыклад, што ў Польшчы нічога б не здарылася без ролі Гарбачова і Ярузэльскага.

Вядома, яны адказныя за камуністычную дыктатуру, але варта сумленна прызнаць: без іх не было б і таго, што мы маем сёння. Тое ж самае здарылася і ў Іспаніі…

Ну, а ў Беларусі ўсё залежыць ад механізму падзення рэжыму і таго, што будзе з механізмам расійскага падзення. Гэта вельмі, вельмі важна. Выйграй у Расіі тэндэнцыя праеўрапейская…

Так, згодзен, гэта сёння ніяк не ўяўляецца верагодным. Але хто думаў у 1944-м годзе, калі ва ўладзе быў Гітлер, што зусім хутка Германія стане найважнейшай складовай часткай еўрапейскага грамадства?

Пра вечнае

Культура не можа працаваць як інструмент, як палітыка. Вам сёння трэба па-новаму дадумваць гісторыю Беларусі, сваёй літаратуры — трэба выдаваць, выдаваць, выдаваць… не забывацца, што гэта ваша сіла.

Дарэчы, дыктатары таксама разумеюць ролю культуры, хоць і вельмі спецыфічна. Аднак наш хрысціянскі Бог так зрабіў, што сярод прыхільнікаў Лукашэнкі і Пуціна няма таленавітых людзей. А калі хтосьці з творчай іскрай і пераходзяць на бок цемры, то Бог знішчае іх талент. Напрыклад, як у выпадку з акцёрам і рэжысёрам Міхалковым…

А вось тэзіс, які гучыць ва Украіне, што цяпер не трэба перавыдаваць Чэхава, Талстога, Тургенева — па-мойму, гэта памылка. Русафобскі нацыяналізм — нядобрая рэч для свабоды, я так думаю. Я катэгарычна супраць русіфікацыі — але і супраць забароны рускай культуры. Будзь то ў Украіне ці ў Польшчы.

Павінен заўважыць, што ў школе я быў ганарлівым палякам — прынцыпова не ведаў ніводнай рускай літары. Але потым на мяне аказалі вельмі моцны ўплыў рускія дысідэнты, у выніку стаў вучыць рускую мову.

Як па мне, то Пуцін — гэта не Расія, Пуцін гэта Пуцін… І наш канфлікт не з расійскім грамадствам, а з Пуціным.

Не трэба блытаць Расію Пушкіна і Расію Пуціна. Так, мы, палякі, маем з Пушкіным свае канфлікты, але! Але ён быў геніяльным паэтам, і ён ужо памёр… Не Пушкін паслаў ва Украіну войскі, а Пуцін. І тыя, хто яго сёння падтрымліваюць, плююць самі на сябе.

Сістэмы Лукашэнкі і Пуціна — архаічныя праекты, у якіх па азначэнні няма будучыні. А з іншага боку, прыклады Кубы, Карэі … Хоць і яны не не несмяротныя, хвалюе пытанне: калі здарыцца фінал?

І я вам так адкажу: нягледзячы на туманнасць, трэба быць аптымістамі, трэба верыць у перамены. А пасля іх варта памятаць пра тры найважнейшыя прынцыпы перабудовы быцця вашай краіны:

не хлусіць,

не красці,

не спакушацца рэваншам, таму што яго логіка — гэта імпульс савецкага менталітэту.

І яшчэ. З турмы я вынес думку, якую б хацеў перадаць майму сябру Уладзіміру Мацкевічу:

ты ніколі не павінен чакаць вызвалення — яно прыйдзе! Не бойся і не чакай.

Так і ў выпадку з Беларуссю — памятаеце пра гісторыю з Леніным у Швейцарыі: ваша рэвалюцыя прыйдзе! І дасць Бог, куды раней, чым вы мяркуеце.

Верце!

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера