Знайсці
18.06.2022 / 13:35РусŁacБел

Беларускі добраахвотнік у палку Каліноўскага: Нам пішуць нават з Афрыкі

У цывільным жыцці баец беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага з пазыўным Хобіт займаўся рэкламай. У 2020 годзе быў вымушаны з’ехаць з Беларусі ў адну з краінаў Еўразвязу, бо даведаўся, што на яго завялі крымінальную справу. А калі ў лютым 2022-га пабачыў, што робіцца ва Украіне, адклаў рэкламу ў бок і ўзяўся за аўтамат, піша «Белсат».

Баец палка імя Кастуся Каліноўскага з пазыўным Хобіт. Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Украіна не мая радзіма. Але было адчуванне, што расейцы напалі на радзіму. Да таго ж Беларусь была акупаваная расейскімі войскамі. І я зразумеў, што павінен ісці на вайну», — расказвае Хобіт.

Свой пазыўны «атрымаў» яшчэ па дарозе ва Украіну. Фанатам фэнтэзі Толкіна ніколі не быў, але ў аўтобусе, які яго вёз на вайну, хлопцу проста не было месца. Давялося «запакавацца» ў грузавы адсек, забіты рэчамі, куды можна было трапіць хіба праз маленькае ваконца.

«А пасля польскай мяжы хлопцы пачалі называць мяне проста Хобітам. І так сталася, што, калі ў палку мяне спыталі мой пазыўны, я адказаў: «Хобіт», — усміхаецца баец.

«Так не мае быць!»

Хобіт кажа, што зусім не меў ніякага вайсковага досведу. Але гэтым асабліва не пераймаўся. Кажа, вельмі хутка навучаецца новым справам, у тым ліку «страляць, бегаць і кідаць гранаты». Навучыўся. І адступаць не збіраецца. Хоць прызнаецца, што часта бачыць страшныя сны. Быў у вызваленай Бучы, бачыў разбураныя гарады і забітых людзей…

«Я пабачыў цела маленькай дзяўчынкі, якая цягнулася да сваёй маці, таксама застрэленай. І так не мае быць! Гэтая дзяўчынка павінна была хадзіць у садок ці школу, потым закахацца ў кагосьці… А маці — клапаціцца пра яе. Але яны былі забітыя расейскімі вайскоўцамі, дакладней — злачынцамі. Я лічу: яны мусяць за гэта адказаць. Адказаць за ўсё: за Марыупаль, за Харкаў, за Херсон, за тысячы забітых, за сотні тысячаў зруйнаваных жыццяў.

Як мы кажам у палку пра тое, што робім: гэта вызваленне Беларусі праз вызваленне Украіны», — адзначае баец.

На пытанне пра «фашыстаў», ад якіх нібыта расейцы «вызваляюць» Украіну, адказвае рэзка, на эмоцыях:

«Ведаеце, калі людзі крычаць пра дэнацыфікацыю і пра тое, што тут фашысты, а пры гэтым самі руйнуюць цэлыя гарады і забіваюць цывільных людзей, дык хто тут фашысты?»

«Тут шмат людзей з рознымі поглядамі на палітыку і нават на будучыню Беларусі, але я ведаю, што кожны мой пабрацім, кожны баец палка Каліноўскага, калі спатрэбіцца, не думаючы аддасць сваё жыццё, каб уратаваць хаця б адно жыццё іншага чалавека. Ці зробяць гэта расейскія так званыя вайскоўцы, вельмі сумняюся», — кажа наш суразмоўца.

«Лісты нават з Афрыкі пішуць»

Хобіт упэўнены («На 100 адсоткаў!»), што Украіна пераможа. Расказвае, што на пазіцыі можа падысці жыхар з суседняй вёскі, зусім пажылы, і папрасіць: «Сынкі, дайце мне аўтамат, я хоць і стары, але пайду аднаго, двух заб’ю — вам лягчэй будзе». Падтрымка велізарная.

«Так! Я трымаю чэшскую зброю, на мне брытанская плітаноска, і мы маем шырачэзную падтрымку ўсяго свету. Лісты нават з Афрыкі пішуць… Расейцы часова захапілі частку тэрыторыі, але ўтрымаць яе ў ім удасца. Упэўнены, што Украіна пераможа!» — запэўнівае беларускі баец.

Якія канкрэтна задачы выконвае ў палку імя Каліноўскага, сказаць не можа. А падчас адпачынку слухае электронную музыку, праглядае стужку ў YouTube. Дапамагае расслабляцца і TikTok.

Асабісты нож вайскоўца з надпісам «Вяртайся жывым». Кіеўская вобласць, Украіна. 7 чэрвеня 2022 года. Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«А яшчэ вельмі часта размаўляю з людзьмі, якія не ведаюць, што я тут. Ведаеце, для чаго? Каб нагадаць сабе, што недзе існуе нармальнае жыццё. Што існуюць у свеце звычайныя жыццёвыя праблемы. Апроч стрэлаў, мінаў, выбухаў, смерцяў…» — кажа Хобіт.

Хобіт адпрацоўвае тактычныя навыкі на навучальным палігоне палка імя Кастуся Каліноўскага. Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Вуліца імя Волата

А смерць — вакол. Згадвае загінулага камандзіра Паўла Волата. Прызнаецца, што Волат быў для яго як старэйшы брат:

«Ведаеце, я быў з Пашам Волатам на пазіцыі, калі яны сыходзілі. І потым… вельмі цяжка ўсведамляць, што адну-дзве гадзіны таму гэты чалавек быў жывы і гутарыў з табою, расказваў свае гісторыі. А цяпер яго няма. Усе ведалі, што Паша — «трыста» [паранены. — Заўв. «Белсату»], і мы верылі, што ён застанецца «трыста», што паправіцца…»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера