Знайсці
16.06.2022 / 16:48РусŁacБел

Юрыю Жукоўскаму, якога днямі ўнеслі ў спіс «тэрарыстаў», прысудзілі 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

Мужчыну абвінавацілі ў масавых беспарадках (ч. 1 арт. 293 КК), грубым парушэнні парадку (ч. 1 арт. 342 КК), распальванні варожасці (ч. 1 арт. 130 КК) і абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК).

У суд Гродзенскай вобласці крымінальная справа ў дачыненні да Юрыя Жукоўскага была накіраваная яшчэ 20 красавіка. Самога мужчыну заключылі пад варту. Да вынясення прысуду меру ўтрымання для абвінавачанага не змянялі, паведамляе «Вясна».

Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Бубенчык.

Паводле версіі абвінавачвання, у «дэструктыўным тэлеграм-канале з чэрвеня да кастрычніка 2020 года мужчына размяшчаў публікацыі, у якіх падштурхоўваў да супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да прадстаўнікоў пракуратуры, органаў унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі, вайскоўцаў, кіраўнікоў і супрацоўнікаў адміністрацый гарадоў, сродкаў масавай інфармацыі».

Таксама ў віну мужчыну ставяць тое, што чэрвені-жніўні 2020 года, таксама ў інтэрнэце, ён размяшчаў паведамленні, у якіх «заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам над людзьмі, пагромамі, падпаламі, знішчэннем адміністрацыйных будынкаў, папраўчых устаноў, а таксама да ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады».

Акрамя гэтага, паводле версіі абвінавачвання, таксама ў чэрвені-жніўні 2020 года Юрый Жукоўскі пакінуў у інтэрнэце абразлівыя каментарыі на адрас Лукашэнкі.

10 чэрвеня 2022 года КДБ Беларусі ўнёс Юрыя Жукоўскага ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

16 чэрвеня праваабаронцы даведаліся пра вынікі судовага разбіральніцтва па справе Юрыя Жукоўскага. Суд Гродзенскай вобласці прызнаў мужчыну вінаватым у масавых беспарадках (ч. 1 арт. 293 КК), грубым парушэнні парадку (ч. 1 арт. 342 КК), распальванні варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і прысудзіў яму 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера