Знайсці
16.06.2022 / 17:47РусŁacБел

Bellingcat: У заходніх спецслужбаў, верагодна, ёсць «крот» на самым высокім узроўні, вышэйшы за Лаўрова

Амерыканская разведка была адзінай, якая адназначна папярэджвала пра пачатак вайны ва Украіне. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн рабіў пра гэта адмысловыя публічныя заявы, рызыкуючы, як тады здавалася, сваёй рэпутацыяй. Сваё меркаванне пра тое, як амерыканцы атрымалі інфармацыю пра пачатак вайны ва Украіне, журналіст-даследчык Bellingcat Хрыста Грозеў выказаў ютуб-каналу «Продолжение следует».

Пасяджэнне Савета Бяспекі Расійскай Федэрацыі, 21 лютага 2022 года. Фота: kremlin.ru

Хрыста Грозеў кажа, што ў пачатак вайны не верылі не толькі абывацелі ці нават аналітыкі. У яго не верылі і еўрапейскія выведкі. Гэты факт, разважае Грозеў, пацвярджаецца тым, што

шэф нямецкай разведкі быў у Кіеве за два дні да пачатку вайны. «Таму што ён не верыў. Інакш шэф разведкі Германіі не павінен быў быць у Кіеве, калі ў любы момант можа пачацца вайна».

Паводле Грозева, еўрапейскія разведкі не давяралі амерыканскім калегам, таму што тыя не дзяліліся з імі крыніцай гэтых звестак. «Яны [еўрапейскія разведкі] казалі: у нас жа ёсць такія ж сродкі электроннай выведкі, такія ж доступы да спадарожнікаў, і ў нас таксама ёсць «краты» (агенты ўнутры структур супрацьлеглых бакоў, — НН). І мы бачым толькі «папераджальныя» стрэлы, Пуцін спрабуе прыстрашыць, але рэальна мы больш нічога не бачым».

Грозеў кажа, што 99% расійскіх сілавікоў таксама не думалі, што вайна пачнецца. Гэта значыць, амерыканцы ведалі і бачылі нешта, што больш за 99% расійскіх сілавікоў не ведалі. Як гэтага можна было дамагчыся? 

«Толькі маючы «крата» на самым высокім узроўні ці нейкае супертэхналагічнае рашэнне, пра якое ніхто яшчэ не ведае. Таму што калі б яно было вядомае, то сілавікі прынялі б меры, каб яго нейтралізаваць. Таму для мяне гэта камбінацыя абодвух [крыніц інфармацыі], але вядучым павінен быў быць высокапастаўлены «крот», які змог апісаць пераканаўча тое, што здавалася нелагічным», — кажа Грозеў.

Наколькі «крот» павінен быць высокапастаўленым?

«Гэта павінен быць чалавек вышэйшы ў гэтым ланцужку за Лаўрова. Я абсалютна перакананы, што Лаўроў не ведаў, што вайна пачнецца», — кажа Грозеў.

Паводле яго даных, пра пачатак вайны ведалі каля 20 высокапастаўленых расійскіх чыноўнікаў. «Так што гэта адзін з гэтых 20».

Зрэшты, расследавальнік выказвае адну здагадку. За некалькі тыдняў да вайны новая элітная ПВК займалася яе падрыхтоўкай, яе спецыялісты таксама маглі быць каналам для зліву. Вось толькі наколькі такая крыніца была б пераканаўчай для таго, каб Байдэн рызыкаваў сваёй рэпутацыяй?

Хрыста Грозеў: Новая стадыя гэтай вайны, калі Пуцін не верыць нікому і сам ужо дае загады. Гэта будзе вельмі цікава

Расследавальнікі: Нядаўна прызначанага камандуючага аперацыяй Расіі ва Украіне Дворнікава адхілілі. Прызначаны новы

Грозеў: Расія страціла найлепшых дэсантнікаў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
62
Панылы сорам
1
Ха-ха
8
Ого
11
Сумна
4
Абуральна
12
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930