Знайсці
15.06.2022 / 21:06РусŁacБел

Айцішнік, родам з Жодзіна. Расказваем пра аднаго з добраахвотнікаў з былога атрада «Ліцвін», які разбіўся ў аварыі ў Румыніі

14 чэрвеня ў аўтакатастрофе на румынскіх дарогах загінулі два беларусы. Мужчыны 35 і 27 гадоў раней былі ў добраахвотніцкім атрадзе «Ліцвін», што існаваў у Адэсе. «Наша Ніва» даведалася больш пра аднаго з загінулых.

Фота: Добровольческий отряд имени Ильи «Литвина» — Одесса / Telegram

27-гадовага мужчыну, які разбіўся у той аўтакатастрофе, звалі Яўген. Ён быў родам з Жодзіна, працаваў айцішнікам.

Адзін з яго сяброў расказвае, што яны пазнаёміліся ў сакавіку 2020 года, прайшлі разам праз мноства пратэсных маршаў. 8 лістапада 2020 года іх абодвух затрымалі. Яўген атрымаў пасля таго маршу 15 сутак, якія правёў у жодзінскай турме.

Хлопец вельмі не хацеў з’язджаць з Беларусі, але ў пачатку 2021 года ўсё-такі пакінуў краіну. Як мяркуе яго сябар, Яўген перажываў, што яму можа пагражаць палітычны пераслед. Жодзінец перабраўся ў Адэсу, дзе і жыў да нядаўняга часу, аддалена працягваў працаваць у ІТ. Паралельна з гэтым Яўген удзельнічаў у акцыях беларусаў Адэсы, аднойчы прыязджаў на дэманстрацыю на беларуска-ўкраінскай мяжы.

«Вельмі добры хлопец, ідэйны, беларускі, які дужа ненавідзеў гэты рэжым і змагаўся з ім усімі дазволенымі сродкамі», — апісвае Яўгена сябар.

Калі пачалася вайна, Яўген далучыўся да атрада «Ліцвін». Сваякі хлопца пайшлі абараняць Украіну недзе пад Мікалаевым, і сам Яўген жадаў займацца тым жа. Як расказвае яго сябар, «хлопец любіў Украіну, напэўна, не менш, чым Беларусь».

Пару дзён таму, пасля таго, як атрад самараспусціўся, Яўген прыняў рашэнне вярнуцца ў ІТ, пакінуць Адэсу і далучыцца да сваіх сяброў у Польшчы. «Ва Украіне я ўжо асабліва нікому не патрэбны», — тлумачыў ён сябру.

Другі загінулы — Дзмітрый — быў намеснікам камандзіра атрада. Ён ехаў сустрэцца з сям’ёй перад падпісаннем кантракта і адагнаць сваю машыну на беларускіх нумарах. Сям'я яго чакала ў Чарнагорыю — хлопец вывез іх з Беларусі на пачатку вайны. Жэня паехаў за кампанію — з Чарнагорыі ён збіраўся пасля дабрацца ў Польшчу.

Хлопцы трапілі ў аварыю недалёка ад румынскага горада Інсурэцэй. Грузавік пад кіраваннем 51-гадовага мясцовага жыхара раптам выехаў на сустрэчную паласу і ўрэзаўся ў аўто з беларусамі лоб у лоб.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
5
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
108
Абуральна
5
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930