Знайсці
15.06.2022 / 20:12РусŁacБел

«Realpolitik — яна такая». Падаляк, Ціханоўская ды натуральныя і сітуатыўныя саюзнікі Украіны

Апошнія дні ў беларускіх СМІ і сацсетках нарабіла шуму інтэрв'ю выданню «Зеркало» дарадцы Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіла Падаляка. Закраналіся ў ім розныя пытанні, але найбольшую ўвагу прыцягнулі словы, якія тычыліся Святланы Ціханоўскай і таго, чаму дагэтуль ні Уладзімір Зяленскі, ні іншыя высокія ўрадоўцы Украіны не толькі з ёй не сустрэліся як з прадстаўніцай беларускай дэмакратычнай супольнасці, але і дастаткова дэманстратыўна трымаюцца на адлегласці. Адказ Падаляка выклікаў скандал, а чаму гэта так — разважае Алесь Сантоцкі.

Здзіўленне і абурэнне ў вельмі многіх выказала вось гэта выказванне Міхаіла Падаляка:

«Мы не зусім разумелі пазіцыю Святланы Ціханоўскай па цэлым шэрагу пытанняў, якія тычацца Расіі. Яшчэ падчас выбарчай кампаніі мы чулі даволі дзіўныя заявы, якія, мякка кажучы, нічым не адрозніваліся ад выказванняў афіцыйнага Мінска, а ў некаторых аспектах былі нават больш прарасійскімі. Мы не чуем выразных адзнак поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Мы не бачым пэўных дзеянняў супраць удзелу Беларусі ў гэтай вайне. Напрыклад, арганізаваных па ўсім свеце пікетаў каля беларускіх пасольстваў. Гэта не прэтэнзія, гэта выбар. Я не зусім разумею, якія дзеянні яна робіць нават не для Украіны, а для таго, каб пазначыць, што Беларусь не мела права ў такім аб'ёме ўдзельнічаць у гэтай вайне».

Негатыўная рэакцыя на гэтыя словы з боку вельмі многіх беларусаў тлумачылася перадусім тым, што ім было відавочна: яны несправядлівыя, бо ўсё тое, у нібыта адсутнасці чаго Падаляк абвінаваціў Ціханоўскую, было ў поўнай наяўнасці, і каб гэта пацвердзіць, нават не трэба было доўга шукаць, усё ляжала на паверхні.

Характэрна, што нават рэдакцыя «Зеркала» адразу пры друку інтэрв'ю зрабіла рэдакцыйную заўвагу, што пэўныя пасажы зусім не адпавядаюць рэчаіснасці, а адразу пасля яго выхаду папулярны блогер Антон Матолька сабраў у сваім канале цэлую «прасціну» агульнадаступных фактаў, якія сведчылі, што дарадца прэзідэнта Украіны сказаў, выказваючыся мякка, не зусім праўду.

Чым жа кіраваўся Міхаіл Падаляк, кажучы гэтыя крыўдныя не толькі для Ціханоўскай словы? Гэта проста няведанне сітуацыі ці за гэтым стаіць нейкі свядомы намер? 

Трэба сказаць, што з усіх цяперашніх украінскіх публічных спікераў менавіта Міхаіла Падаляка найменш выпадае падазраваць у тым, што ён зусім не абазнаны ў беларускім пытанні і кіруецца, разважаючы пра нашы праблемы, нейкімі дзіўнымі стэрэатыпамі. У ягонай біяграфіі, як вядома, быў 15-гадовы беларускі эпізод з актыўным асабістым удзелам у мясцовым грамадскім жыцці. І хоць вымушана пакінуў ён ва ўжо далёкім 2004 годзе Беларусь крыху іншую, чым яна ёсць цяпер, тым не менш па прафесійнай звычцы яўна мусіў працягваць сачыць, што тут адбываецца, ды і сувязяў несумненна засталося шмат. Таму ужо хто-хто, а ён то яўна не «чайнік». 

Пра абазнанасць Падаляка ў сучасных беларускіх справах сведчыць і частка ягоных разваг, якая сведчыць, што ён сачыў за падзеямі 2020 года і адэкватна іх разумее. Цытую:

«Вы праявілі сябе цудоўна летам 2020 года, і наступныя падзеі паказалі, што ў беларусаў ёсць стрыжань. Нягледзячы на ўсе меркаванні, што ў вас соннае грамадства, якое змірылася з тым, што ёсць пажыццёвы дыктатар, краіна чарговы раз даказала, што яна сапраўды блізкая да Еўропы і гатовая плаціць за сваю свабоду высокую цану… Беларусь з пункту гледжання палітычнай эліты вельмі гнілая краіна, а з пункту гледжання грамадства — вельмі спелая».

Чаму ж тады такую невысокую ацэнку атрымлівае ўжо літаральна праз пару абзацаў лідарка гэтага «спелага грамадства», якую дагэтуль словам і справай прызнае ў якасці такой увесь цывілізаваны свет? Чаму для таго, каб апраўдаць тое, што ўкраінскае кіраўніцтва цяпер ці не адзінае ў дэмакратычнай Еўропе (орбанаўскую Венгрыю ў разлік пе бяром), якое ўсімі сіламі пазбягае прамых кантактаў са Святланай Ціханоўскай, Падаляку даводзіцца перамяшчацца ў паралельны свет і ісці нават на адкрытую хлусню, заплюшчваючы вочы на зусім не патаемныя факты?

Думаю, што тут прычына ў статусе Падаляка. Ён выказваецца не як прыватная асоба, а як дзяржаўны чыноўнік, словы якога ўважліва слухаюць і аналізуюць ва ўсім свеце. Бо хоць дарадца пры Офісе пасада не з тых, якая прадугледжвае самастойнае прыняцце важных рашэнняў, словы ягоныя ўсё ж успрымаюцца ў значнай ступені як голас Офіса Зяленскага і ў нейкай ступені нават самога прэзідэнта. А палітыка ўкраінскага найвышэйшага кіраўніцтва ў дачыненні да Беларусі, яе афіцыйнага кіраўніцтва і грамадзянскай супольнасці як да вайны, так і цяпер найбольш адпавядае вядомаму паліталагічнаму тэрміну яшчэ з ХІХ стагоддзя, як Realpolitik. Пра што Падаляк, кажучы пра даваенныя рэаліі, сам кажа адкрытым тэкстам:

«Што Украіна, якая гандлюе з Беларуссю, атрымлівае, калі пачынае падтрымліваць альтэрнатыўны кабінет? Трэба сядаць і аналізаваць усё, што тычыцца двухбаковых адносін. Да пэўнага моманту, нягледзячы на тое, што ўсе выбары выйграе адзін чалавек, мы ведалі, што ў нас ёсць супольная мяжа і мы павінны займацца гандлем».

Сапраўды, так да вайны і было. Несправядліва абвінавачваць украінцаў у тым, як гэта часта робіцца, што яны цалкам абыякава ставіліся да нашых унутраных праблем, былі ледзь не саюзнікамі Лукашэнкі. Гэта не так, бо варта прыгадаць хоць бы тое, колькі беларусаў, якія мусілі ўцякаць ад рэжыму, знайшлі прытулак менавіта ва Украіне і былі небеспадстаўна ўпэўненыя, што іх адтуль не выдадуць на расправу рэжыму. Што Украіна разам з іншымі дзяржавамі заходняга свету не прызнала Лукашэнку легітымным кіраўніком дзяржавы і далучалася да некаторых санкцый. Але ў той жа час нават на сімвалічную падтрымку «альтэрнатыўнага кабінету» Украіна сапраўды не ішла, у адрозненне ад большасці іншых еўрапейскіх дэмакратый. Бо яе кіраўніцтва не бачыла ад гэтага практычнай карысці тут і цяпер, а вымушанасці гэта рабіць не адчувала.

І ў значнай ступені такая палітыка захоўваецца і цяпер. Вайна вайной, Лукашэнка, вядома, суагрэсар да ашуканец, гэта ўсё так. Але і практычнай карысці ад таго, што ва Украіне на высокім узроўні будзе прынятая Ціханоўская, Кіеў не бачыць.

Тут яўна ўплывае тое, што беларуская дэмакратычная супольнасць не асабліва магутная для таго, каб аказаць сёння нейкую вырашальную дапамогу краіне, якая ваюе. Ну, чым рэальна, а не фантазійна сёння могуць дапамагчы на сённяшні дзень Украіне беларусы, за плячамі якіх няма дзяржавы? Збіраць грошы на ўкраінскае войска і ўцекачоў, валанцёрыць, аказваць рознага кшталту інфармацыйную падтрымку, ладзіць дыверсіі (з рэальнай небяспекай нават для жыцця) на аб’ектах унутры Беларусі, запісвацца добраахвотнікамі на фронт…

Бадай, гэта і ўсё. І гэта ўсё з першых дзён вайны робіцца як на індывідуальным, так і на грамадскім узроўні. Можа, можна было нечага зрабіць і больш, але гэта ўжо пытанне дыскусійнае.

У кожным разе, прынцыпова пераламаць сітуацыю мы нашымі грамадскімі намаганнямі не здатныя, бо цяжкай зброі, каб паставіць яе Украіне, мы не маем. А ўсё астатняе, акрамя яе, па-любому другаснае.

А вось на ўзроўні дзяржаўна-палітычным, на жаль, Беларусь — вораг Украіны, бо дэ-факта кантралюе тэрыторыю краіны саюзнік Масквы Лукашэнка. А таму ў ягоных руках усе і эканамічныя, і вайсковыя рычагі, якія ці ўжо задзейнічаныя, ці могуць у любы момант быць задзейнічаныя для дадатковага ўдару па паўднёвай суседцы.

Ці ёсць Украіне карысць ад той падтрымкі, якую ёй у адпаведнасці са сваімі магчымасцямі аказвае беларуская дэмакратычная супольнасць? Вядома, любая падтрымка ніколі не лішняя. Але, па-першае, дапамога гэтая не крытычная, без нас украінцы, відаць, змогуць абысціся.

А па-другое, за гэтую дапамогу ўкраінцам не трэба адмыслова змагацца, бо яна ім аказваецца і будзе аказвацца аўтаматычна, што б яны не казалі ці не рабілі. Проста таму, што іншых варыянтаў у нас няма.

Будучыня Беларусі, а значыць і нас, залежыць ад таго, калі і як Украіна пераможа ў гэтай вайне. А таму мы можам крыўдаваць, абурацца, але ўсё адно сачыць за ўкраінскімі падзеямі, плакаць над стратамі і жыццёвымі трагедыямі, радавацца як сваім перамогам УСУ, перажываць як свае іхныя паразы і, вядома, чым можам памагаць.

Украінскае кіраўніцтва гэта відавочна добра разумее. Адпаведна і няма ніякага рэзону, калі глядзець з пункту гледжання Realpolitik, Зяленскаму адмыслова сустракацца з Ціханоўскай. Бо гэта быў бы для Украіны чыста сімвалічны крок, які не даў бы ніякіх практычных выгодаў. Так, беларускай дэмакратычнай супольнасці было б прыемна, але дапамагчы Украіне больш, чым ужо дапамагла, яна проста не ў сілах.

У той жа час цвяліць лішні раз без патрэбы Лукашэнку, які, пры тым што ўсе маскі з яго даўно сарваныя і ілюзій адносна ягонага аблічча няма, дагэтуль беларускае войска ў бой не адправіў, не лічыцца мэтазгодным. Як кажуць ва Украіне, «хоч чорт, хоч біс, аби яйця ніс». Верагодна, гэтай логікай украінскае кіраўніцтва і кіруецца. Хоць публічна апраўдваць яе бывае няпроста і непераканаўча, пра што сведчыць і апошні кейс Міхаіла Падаляка.

Недарэчнасць жа і проста высмактанасць з пальца прэтэнзій да Ціханоўскай сведчыць толькі пра тое, што насамрэч сапраўды сур’ёзных грахоў на яе сумленні перад Украінай, яе грамадствам і кіраўніцтвам няма.

Таму і даводзіцца іх Падаляку ці самому прыдумляць штучна, ці пераймаць ад унутранай апазіцыі Ціханоўскай, якая далёка не заўсёды ў сваёй крытыцы канструктыўная. 

Вельмі знамянальна, што адразу ж рэзка запярэчылі несправядлівым словам Падаляка два чалавекі з беларускай грамадзянскай супольнасці, якія займаюць вельмі прыкметнае месца ў справе дапамозе Украіне ў гэты складаны час. То-бок іх ніяк не абвінаваціш у тым, што яны нейкія канапныя змагары, якія балбочуць і нічога не робяць. Вышэй ужо згаданы Антон Матолька пры сваім уласным папулярным рэсурсе стварыў тэлеграм-канал «Беларускі гаюн», праз які ўкраінскае грамадства і, відаць, таксама вайсковае кіраўніцтва мае магчымасць аператыўна атрымліваць інфармацыю пра ўсялякія актыўнасці варожых сілаў у Беларусі. За супрацоўніцтва з ім многія людзі ў Беларусі, дарэчы, ужо праходзяць праз рэжымныя катоўні.

А Андрэй Стрыжак, які таксама адзначыў у Фэйсбуку, што ў яго ад гэтага інтэрв'ю «дзіўны асадачак» — кіраўнік фонду BYSOL, які палягчае многім беларусам магчымасць рэалізацыі іншага даступнага ім спосабу падтрымкі ўкраінцаў у іх змаганні — зборы грошай на розныя патрэбы.

Падтрымка Украіны з боку беларусаў пасля ўсяго гэтага, паўтаруся, наўрад ці паменшае, бо беларускія нацыянальна-дэмакратычныя сілы — саюзнікі ўкраінцаў не кан'юнктурныя і не сітуатыўныя, а самыя што ні на ёсць натуральныя, таму верныя да канца. 

Але, вядома, крыху недарэчна назіраць, як украінскія ўлады стараюцца не ўгнявіць неасцярожным чыста сімвалічным крокам дыктатара, які даўно страціў берагі і перайшоў амаль усе чырвоныя лініі, у той час як самі жорстка крытыкуюць на ўсіх узроўнях Макрона ці Шольца за іхныя званкі Пуціну. 

Realpolitik — яна такая, што працуе не толькі ў адным кірунку.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
98
Панылы сорам
10
Ха-ха
12
Ого
2
Сумна
7
Абуральна
9
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930