Знайсці
13.06.2022 / 21:15РусŁacБел

Хандрацьеўшчына. Футбольная зборная саступіла Азербайджану і бухнулася на дно дывізіёна «С» Лігі нацый

За чатыры летнія матчы каманда Георгія Кандрацьева ні разу не перамагла і адзначылася толькі адным голам. З-за гэтага беларусы рызыкуюць скаціцца ў самы Аід еўрапейскага футбола.

Летам 2022-га беларусы забілі ў Лізе Нацый роўна нуль мячоў. Фота: abff.by

Напярэдадні сустрэчы ў Баку галоўны трэнер «белакрылых» абураўся: душаць крытыкай з усіх куткоў, быццам трэнірую зборную Бразіліі, а не Беларусі. Несправядліва, маўляў. Беларусы і бегаюць хутка, і ствараюць падыходы да чужых брам не горш за апанентаў, вось толькі рэалізаваць пакуль моманты не атрымліваецца. Лепей бы журналісты з заўзятарамі зяпы пазатыкалі — тады і вецер зменіцца, які мячы пасля нашых ўдараў міма брамы носіць, і футбалісты псіхалагічна разняволяцца.

Што ж, паміж нічыёй з Казахстанам ды змаганнем супраць Азербайджана галоўную каманду краіны ніхто не чапаў. З аднаго боку, было вельмі мала часу (усяго двое сутак), каб сур'ёзна каманду прапясочыць.

З другога — зборная ўсім канчаткова набрыдла, бо і знешне, і ўнутрана стала падобнай да галоўнага трэнера. Ніякаваты твар з вечна незадаволенай грымасай, шаблонныя абяцанкі, якія ніколі не спраўджваюцца ды шараговасць у падыходах да галоўнай справы свайго жыцця.

Падаецца, у такіх цяплічных умовах беларусы павінны былі Азербайджан разнесці. Ды так, каб усім крытыкам мову адняло… Што ж, сказаць пасля фінальнай сірэны сапраўды нічога не атрымалася. Паразу 0:2 калі і цягнула ахарактарызаваць, то толькі брыдкаслоўем.

Паразу 0:2 калі і цягнула ахарактарызаваць, то толькі брыдкаслоўем. Фота: abff.by

Хандрацьеўшчына паглынула зборную настолькі моцна, што за ўсе чатыры сустрэчы лета, а не толькі за 90 хвілін вечара ў Баку, «белакрылыя» забілі роўна… 1 гол!

Адпаведна і скончылі чэрвеньскі адрэзак на апошнім месцы ў групе «3» дывізіёна «С» Лігі нацый. Шанцаў на павышэнне ў класе больш няма нават матэматычных. А вось верагоднасць зваліцца ў тартарары кантынентальнага футбола каласальная. Бо два ачкі з 12 магчымых на летнім турнірным адрэзку — самы канкрэтны паказальнік на безнадзейнасць айчынных «нагамячыстаў».

І зараз цікава толькі адно: ці здолее Кандрацьеў прызнаць уласную профнепрыдатнасць ды самавольна падаць у адстаўку альбо зноў возьмецца абвінавачваць іншых у беларускіх футбольных бедах?

Ліга Нацый. Група 3, дывізіён «С». Становішча пасля 4 тураў з 6:

  1. Казахстан — 10 ачкоў
  2. Славакія — 6 ачкоў
  3. Азербайджан — 4 ачкі
  4. Беларусь — 2 ачкі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера