Знайсці
09.06.2022 / 12:02РусŁacБел

Медсястру родам з Беларусі арыштавалі па палітычных матывах у Крыме

Ірына Даніловіч ‒ ураджэнка Беларусі. Яна жыве ў Крыме, працуе медсястрой. У канцы красавіка яе выкралі чацвёра мужчын у грамадзянскай вопратцы і масках. Два тыдні яе не маглі знайсці знаёмыя і адвакат. Аказалася, што Ірына знаходзіцца ў сімферопальскім СІЗА — па абвінавачанні ў незаконным захоўванні выбухоўкі. Жанчына гэтыя абвінавачванні адмаўляе. На пачатку чэрвеня Мінюст РФ прызнаў Ірыну «замежным агентам». «Медуза» распавядае яе гісторыю.

Ірына Даніловіч. Фота: асабісты архіў 

Ператрус і знікненне

Крымская медсястра і актывістка Ірына Даніловіч знікла 29 красавіка. Яна не вярнулася з працы ў звычайны час і не адказвала на званкі.

У гэты ж дзень да Даніловіч дадому, дзе знаходзіўся толькі яе пажылы бацька Браніслаў Даніловіч, з ператрусам прыйшлі супрацоўнікі ФСБ.

Сілавікі паведамілі мужчыну, што ператрус праходзіць па справе аб «перадачы сакрэтнай інфармацыі недружалюбнай дзяржаве». Канфіскавалі ўсю тэхніку і кнігі. Бацькі зразумелі, што гэтыя дзве падзеі — ператрус і знікненне Ірыны — звязаныя.

«Ірына заўсёды любіла праўду і змагалася за яе, заставалася пацыфісткай. Яны шукалі паперкі. Забралі нават томік [Вацлава] Гавела і «Ледакол» Суворава. Ніводнага пасведчання не прадʼявілі, ні ордэра. Пратакол ператрусу я падпісваць адмовіўся», — растлумачыў Браніслаў Даніловіч у размове з «Медузай».

Пасля ператрусу Даніловічу з жонкай стала дрэнна, але хуткую яны выклікаць не змаглі, таму што ўсе тэлефоны забралі супрацоўнікі ФСБ.

Тым часам сябры і калегі Ірыны разам з адвакатам Айдэрам Азаматавым і крымскімі актывістамі пачалі яе шукаць, але нідзе не маглі знайсці.

Бацьку Ірыны пры дапамозе сяброў удалося знайсці запісы з камеры відэаназірання недалёка ад месца, дзе працавала дачка.

Па яго словах, на іх было відаць, як чацвёра мужчын у цывільнай вопратцы і балаклавах запіхваюць дзяўчыну ў машыну і вязуць у невядомым кірунку.

11 мая адвакату ўдалося знайсці Даніловіч у СІЗА № 1, дзе раней казалі, што яе няма. Толькі праз два дні — пры прадʼяўленні абвінавачвання — абаронцу дапусцілі да Ірыны.

Як піша ўкраінскае выданне «Граці», Даніловіч распавяла, што з моманту затрымання 29 красавіка і да 7 мая яе трымалі ў падвале ўпраўлення ФСБ у Сімферопалі.

У яе камеры не было туалета, два разы на дзень яе выводзілі з падвала, кармілі толькі раз на дзень. Увесь гэты час следчыя ФСБ настойвалі, каб яна падпісала прызнальныя паказанні. Ёй надзявалі мяшок на галаву і прапаноўвалі выбраць — лес або турма, піша «Граці». Пагражалі адвезці ў Марыупаль, дзе яна б «згубілася».

Паводле інфармацыі выдання, Даніловіч тры дні дапытвалі з дапамогай паліграфа, задаючы пытанні пра сувязі з замежнымі спецслужбамі, СМІ і арганізацыямі, а таксама пра датычнасць да «Крымскай салідарнасці» — арганізацыі актывістаў, адвакатаў і сваякоў крымскіх палітвязняў. Даніловіч адказвала адмоўна на ўсе пытанні, і паліграф гэта пацвердзіў, паведамляе «Граці».

Праз тыдзень яе пачалі прымушаць падпісаць не чытаючы пратаколы і два чыстыя аркушы паперы, абяцаючы пасля гэтага вызваліць.

Следчыя таксама запатрабавалі ў Данілавіч сказаць на камеру, што на яе не ціснулі і «не ўжывалі метадаў уздзеяння».

Калі яна пагадзілася, 7 мая, яе затрымалі паводле падазрэння ў захоўванні выбуховых рэчываў і адвезлі ў Кіеўскі райсуд Сімферопаля, дзе арыштавалі на два месяцы.

Адвакат Айдэр Азаматаў размаўляць з «Медузай» адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што 19 мая даў падпіску аб неразгалошванні.

Футляр з выбухоўкай

Ірыну Даніловіч абвінавачваюць у незаконным захоўванні выбуховых рэчываў, як вынікае з пастановы суда аб абранні ёй меры стрымання. У дакуменце сказана, што справа была распачатая яшчэ 6 мая. Супрацоўнікі ФСБ канфіскавалі ў жанчыны «самаробнае выбуховае прыстасаванне аскепкава-фугаснага дзеяння».

Па версіі следства, Даніловіч захоўвала яго ў футарале для акуляраў разам з дэтанатарам і іголкамі, якія павінны былі выкарыстоўвацца ў якасці паражальнага элемента.

Сама актывістка на судзе аб абранні ёй меры стрымання сцвярджала, што справа сфальсіфікаваная.

7 мая Кіеўскі раённы суд Сімферопаля адправіў яе ў СІЗА да 6 ліпеня. Пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме пры ўдзеле адваката па прызначэнні (Азаматаў у гэты час не ведаў, дзе знаходзіцца Даніловіч).

27 мая Вярхоўны суд Крыма разгледзеў апеляцыю на меру стрымання і пакінуў Ірыну ў СІЗА.

3 чэрвеня Міністэрства юстыцыі РФ прызнала яе «замежным агентам».

Пракуратура Аўтаномнай Рэспублікі Крым пачала крымінальную вытворчасць па факце незаконных ператрусаў і затрымання грамадскай актывісткі.

«Не магла застацца ўбаку»

Ірына Даніловіч нарадзілася ў Беларусі. Калі ёй было пяць гадоў, яе сямʼя перабралася ў Крым, дзе Ірына скончыла медыцынскі каледж.

Пазней яна жыла ў Белгародскай вобласці, але ў выніку вярнулася назад на паўвостраў. Незадоўга да захопу Крыма яна аднавіла ўкраінскі пашпарт, распавёў «Медузе» яе бацька.

Даніловіч працавала медсястрой у адной з феадасійскіх бальніц і паралельна супрацоўнічала з украінскім культурным цэнтрам — была кіраўніцай Феадасійскага філіяла бібліятэкі.

У 2016 годзе яе ўпершыню затрымалі супрацоўнікі памежнай службы ФСБ па вяртанні з Украіны — пыталіся, чым яна займаецца і навошта ездзіла на мацярык, адкуль у яе ўкраінскі пашпарт.

Паралельна Даніловіч спрабавала абараняць правы медработнікаў. У 2020 годзе падчас пандэміі каранавіруса яна ўзначаліла Крымскае аддзяленне «Альянсу лекараў». Пасля гэтага яе звольнілі з феадасійскай бальніцы. У лютым 2021 года Даніловіч распавядала пра тое, як галоўны ўрач гэтай бальніцы Андрэй Вербаў даў справаздачу аб выплаце 11 мільёнаў рублёў супрацоўнікам установы. Па словах Ірыны, самі супрацоўнікі гэтых грошай не атрымалі.

Даніловіч рэгулярна крытыкавала крымскую ахову здароўя, асабліва ў перыяд пандэміі.

Знаёмыя апісваюць Ірыну як чалавека, які заўсёды гатовы быў прыйсці на дапамогу. Крымская праваабаронца Лутфіе Зудзіева распавядае, што пазнаёмілася з Даніловіч, калі ў яе знаёмых знікла бабуля.

«Ірына сама выйшла на сувязь, калі ўбачыла паведамленні ў сацсетках, і дапамагла адшукаць жанчыну ў феадасійскай бальніцы, у якой тады працавала, — кажа Зудзіева. — Я тады здзівілася яе чуласці. Апошні раз мы бачыліся ў сакавіку, калі праходзілі ператрусы ў доме Заіра Смедлі. Яна праехала велізарную адлегласць з Феадосіі, дзе жыла, да Чырвонагвардзейскага раёна. Сказала, што не можа застацца ўбаку».

Бацька Ірыны звязвае затрыманне дачкі з яе дзейнасцю і мяркуе, што ўвагу на яе звярнулі пасля спроб дамагчыся каранавірусных выплат для крымскіх медыкаў.

«Яна вельмі спагадлівая, вельмі добразычлівая. Па суседстве ў нас шмат медработнікаў, але ўсё чамусьці звярталіся толькі да яе. Яна павяла на барацьбу лекараў за каранавірусныя выплаты. Яна звярталася ва ўсе інстанцыі: і ў пракуратуру, і ў Міністэрства аховы здароўя, і ў Расспажыўнагляд. Пракуратура перадала справу ў СК, але і там у выніку ўсё сышло на нішто, — тлумачыць ён. — Акрамя гэтага, яна была грамадзянскай журналісткай, вяла судовую хроніку. Напэўна, тады некаму і ўстала папярок горла».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера