Знайсці
09.06.2022 / 12:35

Чаму не дапамагаюць паходы да псіхолага і як з гэтым быць? 

Апошнім часам часта сустракаюцца водгукі людзей, якія кажуць, што сеансы ў псіхолага ім не дапамагаюць. У іх складваецца ўражанне, што яны ходзяць да спецыяліста проста паразмаўляць. Чаму так бывае? Абмеркавалі гэтую тэму з псіхатэрапеўтам Наталляй Скібскай.

Чаму могуць не дапамагаць сесіі ў псіхолага?

«Калі чалавек так кажа, то,хутчэй за ўсё, тут маецца на ўвазе, што ён прыйшоў са сваімі чаканнямі, а яны не супалі з рэальнасцю. Напрыклад, ён хоча за пяць сеансаў вырашыць усе свае пытанні ў жыцці. А так не атрымалася, — разважае спецыяліст. —

З аднаго боку, звычайна праца з псіхолагам прадугледжвае вырашэнне праблем, якія ідуць з дзяцінства, змену характару.

Цяпер у нас такія абставіны, калі трэба прапрацоўваць тое, што адбываецца тут і цяпер, каб вытрымаць. Можа не застацца сiл на прапрацоўку дзiцячых траўм». 

Наступны кейс — калі расчараванне ў тым, што адбываецца навокал, у асабістым жыцці, можа адбівацца на працы з псіхолагам.

«Самае спакуслівае — сказаць, што гэта псіхолаг дрэнны. Напрыклад, не хапае яму вопыту, ведаў. Так бывае, але, магчыма, вам проста не пасуе той метад, які ўжывае спецыяліст.

Тут важна, каб сам чалавек растлумачыў, што яму неабходна. Як працаваць, калі пацыент не кажа пра свае патрэбы?

Некаторыя ідуць да іншага спецыяліста і расказваюць, які дрэнны быў папярэдні псіхолаг. У такім выпадку гэты іншы спецыяліст павінен параіць кліенту вярнуцца да папярэдняга псіхолага і паразмаўляць на гэтую тэму з ім, калi бачыць, што мае месца негатыўны перанос. 

Трэба быць шчырым са спецыялістам. Разабрацца, што ты маеш на ўвазе, калі кажаш, што сесіі табе не дапамагаюць. Гэта як з лекамі. Падаецца, што нічога не працуе, а потым спрабуеш іх адмяніць і высвятляецца, што яны насамрэч мелі эфект, але ты гэтага не бачыў». 

Некаторыя заўважаюць, што прыходзяць да псіхолага проста паразмаўляць. Гэта праблема?

Наталля тлумачыць, што часта ў людзей няма дакладнага запыту.

У ідэальнай сітуацыі варта задаць сабе пытанні: для чаго мне патрэбны псіхолаг і якую дапамогу я хачу атрымаць. Але калі адказаць на іх вы не можаце, то гэта не значыць, што да псіхолага не варта ісці.

Вам проста патрэбны час на фармуляванне праблемы.

«Каб пайсці ў глыбіню, павінен быць давер паміж псіхолагам і кліентам. На яго ўсталяванне патрэбны час. У мяне нават была адна кліентка, якая сказала, што на працягу паўгода заходзіла на маю старонку і прыглядалася да мяне».

Звычайна людзі баяцца казаць пра сваю няўпэўненасць, таму што ёсць страх пэўнай рэакцыi спецыяліста. 

«Як псіхолаг адрэагуе на тэму, просьбы, складанасці, на тое, як я размаўляю ці наадварот маўчу пра штосьці? Калі ты збіраешся ў нейкае небяспечнае падарожжа, то табе трэба быць упэўненым у чалавеку, з якім у яго едзеш». 

Пэўны час на сесіях мы аддаём, каб усталяваць даверлівыя адносіны, і гэта нармальна, кажа Наталля.

Проста паразмаўляць — гэта магчымасць зразумець, што за спецыяліст перад табой, як ён ставіцца да тваіх складанасцей. Такое тэставанне псіхолага. 

«Па-другое, чалавек можа быць сам не гатовы да таго, каб дакрануцца да сваіх праблем. Яму патрэбны час, каб проста пахадзіць вакол праблемы, адважыцца. Гэтыя «пустыя размовы», як іх называюць, таксама вельмі важныя». 

Бывае, што сам псіхолаг не падыходзіць пацыенту. Кліент падсвядома не бачыць яго ў якасці спецыяліста, які можа яму дапамагчы. Гэта таксама пытанне даверу да спецыяліста цi сябе (адчуваю, што нешта не так, але не магу прыняць рашэнне сказаць пра гэта псіхолагу ці проста знайсці іншага). 

«Ці, напрыклад, псіхолаг можа выклікаць занадта моцныя пачуцці. Ёсць такі феномен, як перанос, спецыяліст вам нагадвае (выглядае падобна ці мае характаралагічныя рысы) чалавека, які вас параніў раней.

У такім выпадку моц пачуццяў будзе замінаць працаваць, і, вядома, трэба мяняць спецыяліста, не быць ахвярным і не катаваць сябе сесіямі».

Што рабіць, калі чалавек не ведае, з чаго пачаць размову? 

Наталля кажа, што часам пацыенты тыдзень думаюць, пра што яны хочуць паразмаўляць з псіхолагам.

«А потым падсвядомае пачынае блакаваць гэта. Нават у маіх кліентаў, з якімі я працую не першы месяц цi год, такое бывае, калi яны прыходзяць з надта балючымі для іх тэмамі. 

Ці другі варыянт, калі пацыент доўга ўжо ходзіць на тэрапію, а потым заўважае, што ў нейкі момант не стала пра што гаварыць. Тут сапраўды трэба падвесці вынікі сумеснай працы і шукаць іншага спецыяліста — ваш псіхолаг можа не з’яўляцца для вас аўтарытэтам у прапрацоўцы нейкага наступнага пытання. Гэта як прыйсці ў аптэку па абутак. Не туды». 

А што, калі ты не адчуваеш эмоцый? Гэта можа шкодзіць тэрапіі?

«Цяпер вельмі складаны час, сапраўды мы шмат перажываем, наша цела збірае ў сабе вынікі гэтых хваляванняў. Пачуцці блакуюцца, — заўважае псіхатэрапеўт. —

Некаторыя жывуць, як лялькі. Напрыклад, толькі злуюцца, а больш нічога. Ёсць псіхалагічныя акалічнасці, якія звязаныя з тым асяроддзем, у якім мы знаходзiмся.

Арганізм захоўвае сябе — ён зніжае адчувальнасць рэцэптараў, каб гэты свет нас не раніў занадта. І гэта нармальна». 

Чалавек мае права прыйсці да псіхолага і сказаць, што ён нічога не адчувае: ні злосці, ні радасці, лічыць Наталля.

Але ён можа хацець іх вярнуць. Працаваць з такой праблемай трэба вельмі асцярожна.

«Уявіце сабе, што вы выходзіце голым у саракаградусны мароз. Што з вамі адбудзецца? Важныя асцярожнасць i паступовасць у працы з такой праблемай, бо арганізм зніжае адчувальнасць рэцэптараў па важкай прычыне. 

Эмоцыi — гэта вельмі важна. Але бываюць часы, калі трэба абапірацца больш на розум, мараль, погляды. І на гэтым пэўны час можна жыць, бо на пачуццях складана, можна з’варяцець».

Бываюць адваротныя сітуацыі, калі арганізм выдае шмат пачуццяў. Чалавек пастаянна злуецца ці знаходзіцца ў дэпрэсіі, і гэта таксама замінае працы псіхолага, бо моц перажыванняў не дазваляе думаць i асэнсоўваць. 

«Тут ёсць сэнс пачынаць тэрапію на леках, — разважае Наталля.

— Ёсць выпадкі, і цяпер іх больш, калі спачатку трэба ісці менавіта да псіхіятра. Без лекаў няма сэнсу ў сесіях з псіхолагам, бо пачуцці захлістваюць і арганізм патрабуе дапамогі, каб іх зменшыць.

Псiхiятры прапісваюць антыдэпрэсанты альбо супрацьтрывожныя прэпараты, як крыху выраўняецца ўзровень эмоцый, можна пачаць працаваць з псiхолагам».

Ці варта ісці да псіхолага, калі чалавеку дрэнна, але сфармуляваць, па якой прычыне, ён не можа?

«Так, варта. Калі чалавек можа сказаць, з чым ён ідзе да спецыяліста — гэта ідэальны варыянт, але так бывае зусiм не заўсёды, i мы ўмеем працаваць з запытамі розных узроўняў.

У мяне, напрыклад, была кліентка, якая прыйшла на першую сесію і дваццаць хвілін толькі плакала. Дык і што? Ідзі і падумай, які твой запыт? Не!

Чалавек знайшоў месца, дзе ён можа плакаць і яму нічога пра гэта крыўднага не скажуць. Некаторым проста трэба больш часу цi дапамога, каб сфармуляваць запыт». 

Наталля заўважае, што «свайго» спецыяліста можна знайсці з першага разу, а можна — i з пятага. I, магчыма, у той першы раз, вы самi былі негатовыя працаваць. Але калi вам дрэнна, трэба быць упартым у пошуку дапамогі. 

«I яшчэ хацела б сказаць адну вельмi важную рэч — спецыяліст павінен сам мець вопыт асабістай тэрапіі і свае прапрацаваныя траўмы, ведаць псiхатэрапеўтычны працэс з пункту гледжання клiента, разумець складанасцi, пакуты i супрацiўленне, праз якiя праходзiць чалавек у тэрапii. Ён павінен не проста ведаць гэта, але адчуць і на сваёй скуры, бо rэта вельмi складаная праца, на якую патрэбныя сiлы i мужнасць.

Больш за тое гэта спрыяе павазе да чалавека, якi адважыўся прыйсці па дапамогу». 

Чытайце таксама: 

Гадамі штодзень вісеў на турніку і вырас на 8 сантыметраў. Рэальна?

«Гэта ўзаконеная маніякальная патрэба знішчаць усё жывое». Псіхолаг — пра марадзёрства і жорсткасць вайскоўцаў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30