Знайсці
09.06.2022 / 08:37

«Украінцы што, самі гвалцяць сваіх жанчын і дзяцей?» Што адказваў на нязручныя пытанні пра вайну пасланнік Расіі ў ААН Нябензя

Пастаянны прадстаўнік Расіі ў ААН Васіль Нябензя адказаў на пытанні «Бі-бі-сі» ў праграме HardTalk. Руская служба пераказвае асноўныя фрагменты гэтага інтэрв'ю.

Вядучы Стывен Сакур пачаў з агульнага пытання: «Праз сто дзён з пачатку ўзброенага канфлікту ці можаце вы сказаць, што расійскае ўварванне ва Украіну ідзе па плане?»

«Мне здаецца, прагрэс ёсць, — не збянтэжыўся Нябензя. — Ніхто не абяцаў выніку праз тры дні або праз тыдзень. Цяпер некаторыя эксперты запэўніваюць, што расійская ваенная аперацыя забуксавала і ідзе значна павольней, чым планавалася. Але прагрэс ёсць, ён працягваецца, і гэта ясна як божы дзень».

«Маштабы страт уражваюць»

«Ці прызнаеце вы, што першапачатковы план захопу Кіева і ўсталявання там прарасійскага рэжыму цалкам праваліўся?» — спытаў Стывен Сакур.

«Мне пра такія планы нічога не вядома», — заявіў Нябензя, адзначыўшы, што ніхто з расійскага камандавання ніколі не заяўляў услых пра тое, што Масква мела намер узяць пад кантроль Кіеў, усталяваўшы там марыянеткавы ўрад.

Украінскі бок заяўляе, што расійскае войска страціла на вайне ўжо 30 тысяч забітымі, нагадаў вядучы, зазначыўшы, што незалежна пацвердзіць гэтыя лічбы немагчыма. Разведка ЗША ацэньвае страты ў асабістым складзе расійскага войска з пачатку вайны на ўзроўні каля 15 тысяч загінулых, гэта больш, чым за 10 гадоў вайны ў Афганістане страціў Савецкі Саюз.

«Маштабы вашых страт за апошнія сто дзён уражваюць. Людзі, якія жывуць у Расіі, былі б абсалютна шакаваныя гэтымі лічбамі, калі б пра іх ведалі», — адзначыў Сакур.

«Я таксама не магу пацвердзіць агучаныя страты, — заявіў Нябензя. — Як я ўжо казаў, афіцыйна іх не раскрываюць, а падчас любога канфлікту бакі схільныя моцна завышаць страты адзін аднаго. Я не магу паведаміць вам лічбы і я не магу каментаваць, што там Украіна ці ЗША кажуць з гэтай нагоды».

Але за сто дзён канфлікт фактычна зайшоў у патавае становішча, заўважыў Сакур: «Вы так і не ўзялі Севераданецк. Вы не можаце ўзяць цалкам нават Луганск, не кажучы ўжо пра ўвесь Данбас. Калі гэта, па вашаму, прагрэс, то мне вельмі цікава: а ў чым, уласна, наогул складаецца план?!»

Па словах расійскага пастаяннага прадстаўніка, асноўная мэта цяпер — вызваленне Данбаса. «Дайце толькі час, — паабяцаў Нябензя. — І вы ўбачыце Данецкую і Луганскую вобласці вызваленымі. І, спадзяваюся, адбудзецца гэта вельмі хутка».

Яшчэ ў сакавіку, нагадаў вядучы, расійскі МЗС пагражаў, што пастаўкі Украіне цяжкіх узбраенняў з ЗША ці іншых краін NATO справакуюць сур'ёзную эскалацыю канфлікту — магчыма, да ўзроўню ядзернага супрацьстаяння. І вось — пастаўкі ідуць, а вынікаў не відаць.

У адказ Нябензя прывёў цытату не названага ім па імені памочніка дзяржсакратара ЗША пра тое, што Вашынгтон не хоча эскалацыі канфлікту, але і Масква не будзе паказваць амерыканцам, каму яны павінны пастаўляць сваю зброю.

«З другой часткай я б з радасцю пагадзіўся, — запэўніў расійскі пасланнік. — Але ніяк не магу прыняць першую: гэта відавочная эскалацыя канфлікту».

З яго слоў, перадача ўкраінскім вайсковым артылерыі большай далёкасці прымусіць расійскія войскі адсунуць украінцаў на большую адлегласць, каб нават з новай зброяй тыя не мелі магчымасці абстрэльваць тэрыторыю Расіі ці Данбаса.

Хто чыніў зверствы ва Украіне?

Расійскі дыпламат некалькі разоў заявіў, што Захад настроены да Расіі прадузята, і нават заўважыў вядучаму: «Тое, што вы называеце міжнароднай супольнасцю, знаходзіцца ў трызненні з нагоды таго, што адбываецца ва Украіне».

Але ж расійскія дзеянні ва Украіне асуджае не толькі ўмоўны калектыўны Захад, але і пераважная большасць іншых краін, нагадаў вядучы. У якасці ілюстрацыі свайго сцвярджэння ён зачытаў заклік Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет, у мінулым прэзідэнта Чылі:

«Расійскія ўзброеныя сілы абстрэльваюць і бамбяць жылыя раёны, забіваючы мірных жыхароў і руйнуючы бальніцы, школы і іншыя аб'екты цывільнай інфраструктуры. Гэтыя дзеянні могуць быць прыраўняныя да ваенных злачынстваў».

«Мы шмат чуем пра зверствы, якія нібыта здзяйсняюцца на тэрыторыі Украіны расійскай арміяй, — адказаў расійскі дыпламат. — Гэтыя заявы не былі пацверджаныя — прынамсі незалежных пацвярджэнняў не было. Куды радзей вы распавядаеце пра тыя зверствы, якія робяць украінскія войскі і нацыяналісты ў Данбасе…»

У гэты момант Стывен Сакур перабіў Нябензю: «Вам, магчыма, вядома, што я браў інтэрв'ю ў прадстаўнікоў украінскіх уладаў. І я задаваў ім вельмі нязручныя пытанні. Сёння надышла чарга задаваць вельмі нязручныя пытанні вам. Як вы кажаце, гэтыя абвінавачванні або сцвярджэнні, не маюць незалежнага пацвярджэння. Дык вось, вельмі нават маюць — і былі пацверджаныя».

«Эксперты ААН, якія знаходзяцца ў зоне ваеннага канфлікту, паведамляюць пра сотні загінулых ва Украіне дзяцей. Незалежная НКА Save the Children сцвярджае, што ва Украіне былі разбураныя або пашкоджаныя ўжо 1800 школ. Мы ведаем, напэўна, пра амаль 400 аб'ектаў украінскай медыцынскай інфраструктуры, якія атрымалі пашкоджанні або цалкам разбураныя пры артылерыйскіх абстрэлах і бамбардзіроўках».

У адказ Нябензя прапанаваў вядучаму падумаць, ці магчыма, што апісаныя разбурэнні сталі вынікам абстрэлаў не расійскай арміі, а ўкраінскай, байцы якой, паводле яго слоў, «з першага дня задзейнічалі ваенныя аб'екты, уключаючы бранятэхніку і цяжкую артылерыю ў раёне жылых кварталаў і аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры: школ, бальніц і дзіцячых садоў».

«Яны працягваюць гэта рабіць да гэтага часу, — запэўнівае Нябензя, — у Мікалаеве, Краматорску, Славянску і Адэсе. Яны вядуць абстрэл уласных жылых кварталаў, і ў якасці пацвярджэння ў нас ёсць сведчанні ўкраінскіх ваеннапалонных».

«Вы, пасол, кажаце няпраўду»

«Вы, спадар пасол, вядома, па розных прычынах можаце сцвярджаць, што разбурэнне гарадоў накшталт Марыупаля — справа рук украінскіх вайскоўцаў, якія абстрэльваюць уласныя жылыя кварталы. Я дазволю нашай аўдыторыі самастойна зрабіць выснову наконт таго, наколькі праўдападобна гучаць такія сцвярджэнні», — адазваўся вядучы. —

Мне вось толькі цікава тады: а вы верыце, што жанчын і дзяцей украінцы таксама гвалцяць самі — сваіх уласных? Таму што эксперты ААН задакументавалі прынамсі тысячу выпадкаў здзяйснення расійскімі войскамі жахлівых сэксуальных злачынстваў у дачыненні да ўкраінскіх мірных грамадзян».

«Я вам пералічваю факты з месцаў, — нагадаў Сакур. — У тым выглядзе, у якім іх паведамляюць незалежныя эксперты ААН, якія знаходзяцца на месцах, у зоне ўзброенага канфлікту. Вы можаце колькі заўгодна адмаўляць гэтыя факты, называць іх фэйкамі, казаць, што ААН прадузятая і неаб'ектыўная ў дачыненні да Расіі — мы з вамі так можам працягваць да самага канца інтэрв'ю. Але я аб іншым — я аб праўдзе. І аб тым, наколькі вашай праўдзе можна верыць».

Вядучы нагадаў, як расійскага пасланніка ў ААН злавілі на хлусні. Пасля таго, як пасля абстрэлу марыупальскай радзільні Нябензя на пасяджэнні Генасамблеі размахваў дзвюма фатаграфіямі ўкраінскіх жанчын, сцвярджаючы, што гэта на самай справе адзін чалавек, падстаўная актрыса, незалежнае расследаванне даказала, што гэта розныя жанчыны: адна памерла ў выніку абстрэлу, другую расійскія войскі гвалтоўна вывезлі ў Данбас.

«Вы таксама запэўнівалі, што ў вас ёсць сведчанні пра нібыта існуючы ва Украіне завод па вытворчасці біялагічнай зброі. Нават у Расіі адзін з вядучых экспертаў у гэтай сферы назваў прадстаўленыя вамі доказы абсурдам, які не мае сэнсу. Гэта значыць, вы, пасол, кажаце няпраўду».

Сакур нагадаў Нябензі гісторыю іншага расійскага дыпламата, Барыса Бондарава, які звольніўся пасля пачатку вайны ва Украіне з фармулёўкай «Ніколі не было так сорамна за краіну».

«Вы лічыце, што і я павінен зрабіць тое ж самае?» — спытаў Нябензя.

«Не, мне толькі цікава, ці не знаходзяць гэтыя словы нейкага водгуку ў вашай душы», — адказаў вядучы.

Апошняе пытанне Сакура было пра дыпламатычную і эканамічную ізаляцыю Расіі, дзеянні якой ва Украіне з усёй сусветнай супольнасці падтрымліваюць на сённяшні дзень толькі Беларусь, Паўночная Карэя, Сірыя і Эрытрэя.

«Нават Кітай, які, нібыта павінен быць вашым сябрам, заявіў, што тэрытарыяльную цэласнасць Украіны неабходна паважаць. У вас скончыліся сябры», — рэзюмаваў вядучы.

У адказ Нябензя заявіў, што не згодны з такой ацэнкай і не ўпэўнены, што спробы сусветнай супольнасці ізаляваць Расію дасягнуць поспеху.

«Па-мойму, Захад дамогся нейкіх тактычных поспехаў, але стратэгічна ён прайграе», — заявіў расійскі дыпламат.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30