Знайсці
09.06.2022 / 07:51РусŁacБел

Цімаці Снайдэр: Калі Украіна пераможа ў вайне, шанец стаць нармальнай краінай з'явіцца і ў Расіі

Калі Украіна пераможа ў вайне, і ў Расіі з'явіцца шанец стаць нармальнай краінай, а не працягваць лічыць сябе імперыяй. Таму мы маем справу з вайной за незалежнасць Украіны, а таксама за постімперскую будучыню Расіі і будучыню еўрапейскай інтэграцыі, сцвярджае ў інтэрв'ю для французскага партала Mediapart амерыканскі гісторык, прафесар Ельскага ўніверсітэта Цімаці Снайдэр.

Гэтая вайна нагадвае нам пра тое, наколькі важная была Украіна для еўрапейскага парадку — або яго парушэння — на працягу апошніх 100 гадоў. Украіна была цэнтральнай у праекце Сталіна і ў праекце Гітлера. Яна з'яўляецца цэнтральнай і ў ідэі імперыі Пуціна.

Я не думаю, што ў нас будзе мір і стабільнасць у Еўропе, пакуль Украіна не будзе цалкам інтэграваная ў гэтую Еўропу.

Каланіяльны дыскурс вельмі карысны не толькі для разумення Расіі, але і для гісторыі Еўропы. Пуцін фактычна прымяняе каланіяльную мову, якую еўрапейцы выкарыстоўвалі на працягу 500 гадоў. Але ён вынаходзіць новую форму расійскага каланіялізму.

Вядома, існуе традыцыя Расійскай імперыі. Аднак ідэя аб тым, што Украіны не існуе і што ўкраінцы на самай справе з'яўляюцца рускімі, з'яўляецца радыкальнай нават па мерках рускага нацыяналізму.

Сталін на асабістым вопыце добра ведаў, што Украіна — гэта рэальнасць. У яго было значна больш досведу працы з Украінай, чым у Пуціна. Ён ужыў супраць яе рэпрэсіі, калі ў яго пачаліся праблемы з калектывізацыяй, але ён ніколі не заяўляў, што яе не існуе. Для яго Украіна была пагрозай, яна не была лаяльнай, яе трэба было пакараць.

Вяртаючыся да 1930-х гадоў, варта падкрэсліць, што ўкраінская памяць пра гэты перыяд моцна адрозніваецца ад расійскай. Украінцы ведаюць з сямейных гісторый, што арганізаваны голад забіў мільёны людзей, у той час як расіяне выхаваныя ў перакананні, што ўсе пацярпелі аднолькава. І калі ўкраінцы кажуць пра Галадамор (3,3 мільёна загінулых), яны скардзяцца незразумела на што, або яны проста нацыяналісты.

Асноўныя адрозненні паміж Расіяй і Украінай

Чаму расійскае і ўкраінскае грамадствы сёння настолькі розныя? З аднаго боку, аднадушны супраціў, баявы дух, жаданне быць звязаным з Еўропай; з другога боку, пасіўнасць, адсутнасць крытычнай дыстанцыі ў адносінах да ўладаў, малюсенькая апазіцыя…

1) Перш за ўсё, Украіна прайшла праз усе асноўныя этапы еўрапейскай гісторыі, чаго нельга сказаць пра Расію. Калі ўзяць французскія або заходнееўрапейскія гістарычныя арыенціры, такія як сярэднявечная дзяржава, Рэнесанс, Рэфармацыя, барока: усе гэтыя рэчы прысутнічалі ва Украіне, у адрозненне ад Расіі.

2) З іншага боку, палітычная гісторыя Украіны пачалася ў XVII стагоддзі з ідэі паўстання. Казацкае паўстанне XVII стагоддзя сапраўды было протанацыянальным рухам; у ім прысутнічалі моўныя, рэлігійныя і эканамічныя элементы. У гісторыі Расіі не было нічога падобнага.

3) Нарэшце, калі ў XIX стагоддзі ў Расійскай імперыі паўстаў украінскі нацыянальны рух, ён быў відавочна арыентаваны на людзей, а не на дзяржаву. Украінскі гісторык Міхаіл Грушэўскі пісаў гэтую гісторыю з пункту гледжання сукупнасці новых ідэй, сацыяльных фактаў, мовы і культуры, а не з пункту гледжання дзяржавы.

У Расіі, калі складалі яе гісторыю, усе пісалі пра імперыю і магутнасць дзяржавы.

4) Калі перайсці да сённяшняга дня, то ёсць яшчэ адзін элемент, на які мала хто звяртаў увагу: гэта моўнае пытанне. Вядома, важна, каб ва ўкраінцаў была свая мова. Але кепска ўсведамляецца той факт, што ва ўкраінцаў дзве мовы. І яны пастаянна пераключаюцца з адной на іншую, што надае ім пэўную гнуткасць розуму. Гэта адна з тых рэчаў, якія адрозніваюць іх ад рускіх.

Ёсць украінцы, якія гавораць толькі па-руску, іншыя робяць упор на тое, каб гаварыць толькі па-ўкраінску, але многія пераходзяць з адной на іншую, у залежнасці ад сваіх патрэбаў. Украінскія салдаты, напрыклад, значную частку часу гавораць па-руску. Мова камандавання — украінская, яны выкарыстоўваюць украінскую, каб перашкодзіць расійскай разведцы, але паміж сабой яны вельмі часта гавораць па-руску.

Вядома, з-за вайны агульная тэндэнцыя ў прасоўванні украінскай, а не рускай мовы.

Але я думаю, што калі канфлікт скончыцца, Украіна будзе больш падобная на Швейцарыю, дзе людзі выкарыстоўваюць французскую ці нямецкую мову, не маючы на ўвазе, што яны французы ці немцы.

5) Ёсць яшчэ адна рэч, якая адрознівае гэтыя дзве краіны. Украіна — вельмі дэцэнтралізаваная краіна, як у інстытуцыянальным, так і ў ментальным плане. Украінцы лічаць, што палітыка — гэта мясцовая палітыка: калі вы хочаце, каб нешта было паспяховым, вы павінны рабіць гэта з людзьмі на месцах. Гэта бачна па тым, як вядзецца вайна: ёсць нейкае дурное рашэнне, прынятае адным чалавекам у Маскве, і людзі проста выконваюць загады.

Ва Украіне папулярны прэзідэнт дае агульныя ўказанні, якія ў значнай ступені выконваюцца афіцэрамі ніжэйшага звяна па ўсёй краіне пры дапамозе мясцовых суполак. Гэта зусім іншае разуменне таго, як павінна весціся вайна.

6) У дачыненні да Другой сусветнай вайны розніца вельмі важная. Праўда ў тым, што ўкраінцы пацярпелі значна больш, чым рускія. Але рускія спрабуюць манапалізаваць гэтыя пакуты, што выклікае ва ўкраінцаў раздражненне.

7) Вядома, ёсць яшчэ адно рознагалоссе — з нагоды Савецкага Саюза. У расійскім дыскурсе Сталін у асноўным прадстаўлены як эфектыўны лідар, у той час як ва Украіне яго лічаць тым, хто здзяйсняў злачынствы.

8) Тым не менш, гісторыя XXI стагоддзя таксама мае вырашальнае значэнне для разумення адрозненняў паміж дзвюма краінамі. Нягледзячы на цяжкасці, украінцам удалося захаваць дэмакратычныя выбары, мяняць сваіх лідараў… Гэта не адносіцца да расейцаў, якія ніколі не мянялі аднаго лідара на другога шляхам дэмакратычных выбараў: Пуцін быў прызначаны камандай Ельцына, а з тых часоў сапраўдных выбараў не было.

За 30 гадоў гэта аказала ўплыў на тое, як украінцы бачаць саміх сябе. Яны захавалі памяць пра Майдан 2013—2014 гадоў, памяць пра «аранжавую рэвалюцыю» 2004—2005 гадоў, памяць пра краіну, здольную самастойна вырашаць, з якімі саюзнікамі яна хоча быць. Гэта памяць, якой няма ў рускіх, таму што яны ніколі нічога падобнага не здзяйснялі.

Вайна на знішчэнне ўкраінскай нацыі

І для Сталіна, і для Гітлера чарназём Украіны быў вельмі важным рэсурсам. Як гэта было для Польшчы ў XVII стагоддзі, для Афінаў у старажытнасці… Так было на працягу 2500 гадоў! Гэта адна з прычын, чаму Украіна так часта станавілася арэнай войнаў.

Аднак я не думаю, што для Пуціна гэта галоўная матывацыя. У ходзе гэтай вайны расійская армія паспрабуе выціснуць усё магчымае з гэтых рэсурсаў і нанесці як мага большыя страты.

Але з эканамічнага пункту гледжання развязванне гэтай вайны было не ў інтарэсах Пуціна.

У асноўным гэта ідэалагічная вайна, заснаваная на ідэі, што Украіны не існуе, і на веры ў тое, што ён, як лідар Расіі, павінен выканаць сваё прызначэнне.

На самай справе гэта частка агульнага праекта па разбурэнні ўкраінскай дзяржавы і ўкраінскага грамадства. Вось мэта гэтай вайны: знішчыць украінскую нацыю. Разваліць украінскую эканоміку, дэпартаваць жанчын і дзяцей, забіваць мужчын, спальваць бібліятэкі і архівы… — усё гэта частка аднаго праекта: знішчыць украінскую нацыю.

І калі казаць, напрыклад, пра блакаванне 22 млн тон збожжа ў партах Чорнага мора, то ў любым выпадку гэта не прычына, па якой Пуцін задумаў гэтую вайну. Цяпер, калі мы знаходзімся ў цэнтры канфлікту, расійскі прэзідэнт рады выкарыстоўваць прадукты харчавання ў якасці зброі, бачыць мільёны галадаючых людзей па ўсім свеце, красці збожжа, аддаваць яго Сірыі або спрабаваць прадаць. Гэта зброя вайны і яшчэ адзін спосаб знішчыць украінскую нацыю.

Генацыд

Я настойваю, што мы маем справу з генацыдам менавіта ў юрыдычным сэнсе гэтага тэрміна. У Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго, прынятай ААН у 1948 годзе, вызначэнне генацыду заснавана на двух элементах: намеры і дзеяннях.

Звычайна цяжэй за ўсё даказаць менавіта намер. У дадзеным выпадку гэта зусім нескладана.

У адрозненне ад большасці мінулых генацыдаў, Расія не перастае гаварыць пра свае намеры здзейсніць генацыд. Яна робіць гэта пастаянна, як быццам гэта нейкі выклік, кінуты Захаду.

Калі Пуцін кажа, што няма ўкраінскай нацыі або ўкраінскай дзяржавы, для спецыялістаў па генацыду — гэта мова генацыду. Заявы аб намерах зыходзяць з самага верху расійскай дзяржавы, і іх пастаянна паўтараюць па дзяржаўным тэлебачанні. Рэдкая тэлевізійная дыскусія абыходзіцца без таго, каб хто-небудзь не казаў пра знішчэньне ўкраінскай нацыі.

Ліквідацыя нацыі не азначае вынішчэнне ўсяго народа. Аднак знішчэнне ўсяго насельніцтва краіны — не адзіны спосаб здзяйснення генацыду. Калі б гэта было так, то нават Халакост не быў бы генацыдам, таму што не ўсе габрэі былі забітыя.

Вы здзяйсняеце генацыд, калі маеце намер знішчыць цэлы народ і робіце пэўныя дзеянні з гэтай мэтай. А цяпер расійскі рэжым працягвае прызнавацца ў сваім намеры. Гэта выключны факт: у гэтым галоўнае адрозненне ад Халакоста і іншых злачынстваў мінулага.

Расійскае кіраўніцтва працягвае гаварыць тое, што яно робіць. Практыка таксама досыць ясная. Дэпартацыя жанчын і дзяцей у Расію з мэтай асіміляцыі з'яўляецца парушэннем артыкула II раздзела Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго, у якім канкрэтна гаворыцца, што «гвалтоўная перадача дзяцей з адной чалавечай групы [нацыянальнай, этнічнай, расавай або рэлігійнай] у іншую» з'яўляецца генацыдам.

Чаму Украіна павінна перамагчы

Вядома, у нашых інтарэсах, каб Украіна выйграла вайну як мага хутчэй. Любы іншы зыход аслабіць нашыя дэмакратыі і заахвоціць агрэсара, палегчыць прымяненне ядзернай зброі… Перамога Расіі стане кашмарам для бяспекі ўсяго свету.

Аднак дыпламатыя у дадзены момант недарэчная. Пазней будзе дарэчна абмеркаваць пагадненне, межы, магчымыя саступкі — але толькі калі Украіна выйграе вайну.

Мяне непакоіць пункт гледжання, што дыпламатыя можа замяніць перамогу. Вы не можаце дамагчыся перамогі з дапамогай дыпламатыі. Толькі калі вы выйграеце вайну.

Я б дадаў, што яшчэ адной прычынай, па якой Украіна павінна перамагчы, з'яўляецца менавіта будучыня Расіі. Усе еўрапейскія краіны, уключаючы Францыю, змаглі пасля заканчэння імперскага перыяду ўмацаваць сваю рэспубліку, свой росквіт, сваё вяршэнства закона.

Калі Украіна пераможа ў вайне, у Расіі з'явіцца шанец стаць нармальнай краінай, а не працягваць лічыць сябе імперыяй. Таму мы маем справу з вайной за незалежнасць Украіны, а таксама за постімперскую будучыню Расіі і будучыню еўрапейскай інтэграцыі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
37
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930