Знайсці
09.06.2022 / 00:12РусŁacБел

Жонка камандзіра палка Каліноўскага: Ён абяцаў мне траіх дзяцей

У маі батальён імя Кастуся Каліноўскага абвясціў, што становіцца палком. Камандзір новага фармавання — 26-гадовы Дзяніс з пазыўным Кіт. Кіт увесь час заняты, таму не знаходзіць часу даць інтэрв'ю. Замест яго самога ў інтэрв'ю Zerkalo.io расказала пра мужа і іхную сям'ю жонка Кіта Анастасія.

З асабістага архіва

Насця — фітнэс-трэнер, рэабілітолаг і паралельна студэнтка Нацыянальнага ўніверсітэта фізічнага выхавання і спорту Украіны — гэта ўжо яе другая «вышка». А яшчэ яна двойчы прызёр чэмпіяната Еўропы па акрабатычным чырлідынгу — і, як нам здалося, дзяўчына, гатовая ў любой сітуацыі трымаць удар за мужа.

Анастасія ўкраінка, ёй 25 гадоў, з Дзянісам яны жанатыя паўтара года. Да вайны пара жыла ў Кіеве. Цяпер у іхняй кватэры застаецца толькі Насця, муж часова пераехаў на базу палка, адрас якой «раскрываць нельга». Бачацца яны рэдка і нядоўга.

— Напэўна, калі б не праца, вучоба і валанцёрства, я б звар'яцела. Цяпер стараюся максімальна загружаць сябе, гэта дапамагае не думаць пра дрэннае. Раз на гадзіну заўсёды пішу Дзянісу. Адразу ён адказвае рэдка, разумею: заняты. Папрасіла: ты хоць бы стаў плюс, адзначайся, што жывы. Калі бачу, што паведамленне прагледжана, выдыхаю, — расказвае Анастасія.

— Наогул, я наладжваюся на пазітыў, думаю пра нашы планы на будучыню, але хваляванне за Дзяніса ўсё адно ёсць. Вось ужо чацвёрты месяц яно нібы ходзіць за мной. Я стараюся сабе ў гэтым не прызнавацца, але адчуваю, што не магу нармальна есці, спакойна спаць.

— Дзяніс пра гэта ведае?

— Не, інакш ён будзе перажываць за мяне, — усміхаецца сітуацыі замкнёнага кола чалавечых узаемаадносін Насця. — Мужчыну патрэбна ўпэўненасць жонкі ў тым, што ўсё будзе выдатна.

Анастасія і Дзяніс пазнаёміліся тры гады таму. Насця ў той час выкладала ў Нацыянальным універсітэце фізічнага выхавання і спорту Украіны і валанцёрыла ў дзіцячых дамах ды прытулках для жывёл. Ёй напісала дзяўчына, якая хацела далучыцца да дапамогі. З часам яны сталі не толькі супрацоўнічаць, але і мець добрыя асабістыя зносіны.

— Гэта была дзяўчына лепшага сябра Дзяніса. Яна нас з мужам і пазнаёміла: распавяла пра мяне Дзянісу шмат добрага і прапанавала напісаць. Ён, дарэчы, спачатку баяўся, лічыў, што я для яго недасяжная, але ўсё ж такі рызыкнуў, — усміхаецца Насця і працягвае. — На той момант я вучылася ў магістратуры, працавала і пачынала свой праект па аквафлэце (фітнес на плытах. — Прыма. рэд.). Вызвалялася звычайна толькі да 11 вечара, потым рабіла «дамашку» і толькі пад гадзіну ночы магла яму адказваць.

З-за таго, што я была ўвесь час занятая, мы змаглі сустрэцца толькі праз месяц — і тое ў мяне было ўсяго паўгадзіны. Памятаю, выходжу на вуліцу, а перада мной цуд, забіты татуіроўкамі да галавы. Прычым у прамым сэнсе, таму што татуіроўкі ёсць у яго і на галаве. Думаю, блін, як жа ў выпадку чаго адрэагуюць на яго мае бацькі.

Добра, вырашыла, не варта сустракаць «по одежке». З адзеннем, праўда, таксама былі праблемы. На ім былі карычневая скуранка і рознакаляровыя красоўкі. Патыліца паголеная — і там татуіроўкі. Першае ўражанне — трохі насцярожанае, але падумала, пагляджу, як будзе далей. Тым больш за месяц зносін па перапісцы я разумела: ён добры, займаецца спортам, не п'е, не курыць.

Пасля чым больш я даведвалася, тым больш разумела: ён прыстойны чалавек, для якога на першым месцы сям'я.

— У які момант зразумелі, што гэта менавіта ваш чалавек?

— Ды не было такога моманту, проста было адчуванне, што за ім я як за каменнай сцяной.

З асабістага архіва

— Кім Дзяніс працаваў да 24 лютага 2022 года?

— У Беларусі ён вучыўся ў ліцэі аўтамабілебудавання. У канцы 2014-га, калі на ўсходзе Украіны пачалася вайна, ён кінуў усё і адправіўся на Данбас. У яго абвостранае пачуццё справядлівасці, ён не мог стаяць убаку, нават калі ўсё адбываецца не ў ягонай краіне (у інтэрв'ю «Радыё Свабода» Дзяніс распавядаў, што ўдзельнічаў у стварэнні беларускай роты ў палку «Азоў». — Заўв. рэд.).

Калі мы пазнаёміліся, ён ужо жыў у Кіеве і працаваў інструктарам па тактыцы — вучыў цывільных. Паралельна ён спрабаваў сябе ў розных сферах — мантаваў відэа, пачынаў рабіць сайты, фатаграфаваў, але яго ўсё адно цягнула ў ваенную тэматыку, — адказвае Анастасія і ўспамінае, што калі яна канчаткова зразумела, што іх сяброўства перарастае ў нешта большае, у Дзяніса быў не самы просты перыяд у плане працы.

— Таму ён наўпрост сказаў: «У мяне няма ні грошай, ні жылля, адна нестабільнасць. А ты дзяўчына з вялізнай будучыняй, мне няма чаго табе даць». У гэты момант я яго перабіла і сказала, што мы разам будзем старацца і пераадолеем цяжкасці. Спачатку будзем дзяліць хлеб, а потым слоічак ікры.

— Наколькі складана быць побач з такім ідэйным мужчынам? Я да таго, што многія дзяўчаты хутчэй бы аддалі перавагу, напрыклад, айцішніку са стабільна добрым заробкам.

— Я выбірала не становішча, а чалавека, які будзе добрым мужам і бацькам для нашых дзяцей.

— Вы сказалі, што першае, пра што падумалі, убачыўшы перад сабой хлопца ў татуіроўках, як на яго адрэагуюць вашы бацькі. А як яны яго ўспрынялі?

— Перад першай сустрэчай Дзяніс вельмі хваляваўся. Нават надзеў кашулю, каб менш за ўсё было відаць, але ягоныя татуіроўкі ўсё адно не схаваеш. У выніку ўсе пасмяяліся, хоць мама адразу была ў шоку, а тата да гэтага часу яго падсцёбвае, маўляў, вазьмі вяхотку і ўсё змый.

Мая сям'я яго прыняла, але я, шчыра кажучы, перажывала. З іншага боку, не ім жа жыць з ім, а мне.

9 сакавіка 2022 года. З паста Дзяніса да жонкі: «[ … ] хачу, каб ты ведала: ты вельмі моцна дапамагаеш мне спраўляцца з многімі цяжкасцямі. Ты верыш у мяне, шануеш мяне і тое, што я раблю. Я выбраў шлях далёка не радасны і бяспечны, і ўсё ж ты застаешся са мной, нягледзячы на ўсе рызыкі і хаос. Табе цяжка, я ведаю. Наш шлях цярністы, аднак я веру, аднойчы ён прывядзе нас да моцнай, непарушнай сям'і з дзеткамі! Тыя моманты, якія мы перажылі і працягваем перажываць, зробяць нас, я ўпэўнены, добрымі бацькамі. […]». З любоўю, Кіт.

«Мне патэлефанаваў ягоны сябар, паведаміў: Дзяніса прывезлі на базу, ён паранены»

Пра вайну, успамінае Анастасія, муж з ёй загаварыў задоўга да 24 лютага. Сказаў: калі нешта пачнецца, ён возьме ў рукі зброю.

З асабістага архіва

— Для мяне было цяжка зразумець, як гэта ён вось так кіне сям'ю? Першапачаткова я настройвала сябе толькі на негатыў, думала, там жа вар'яцкая рызыка, і я ў адну хвіліну магу ўсё страціць. Потым змірылася з тым, што мой мужчына ідэйны, і я яго такім прымаю. Да таго ж я ўсведамляю: ён прафесіянал і не будзе рабіць нейкіх бяздумных учынкаў.

У нас вялікія планы на будучыню, і мы нікому не дазволім іх разбурыць. А значыць, усё, што мне застаецца, — запасацца сталёвай нервовай сістэмай і чакаць яго.

— А як можна супакоіцца, калі твой самы блізкі чалавек там, дзе забіваюць?

— Стараюся пра гэта не думаць.

— Якім было ваша 24 лютага?

— Яшчэ за тыдзень да пачатку баявых дзеянняў Дзяніс з былымі калегамі з'ехаў пад Кіеў. Сказаў, яны з хлопцамі будуць у больш блізкім пункце, таму, калі пачалася вайна, я знаходзілася дома адна. 24-га мы стэлефанаваліся, ён прасіў з'ехаць з Украіны, але я зразумела, што не магу пакінуць горад, дзе знаходзяцца мае бацькі і каханы чалавек. У нас ёсць сваякі ў Іспаніі, але як я буду загараць пад сонцам, калі мой муж ваюе (хоць не асуджаю нікога, хто пакінуў краіну)? Мне трэба знаходзіцца побач з Дзянісам, каб у выпадку чаго я магла аказаць яму дапамогу.

Цяпер я імкнуся максімальна валянцёрыць у батальёне. Дапамагаю шукаць выхады, каб атрымліваць амуніцыю, медыкаменты, пікапы. 

З асабістага архіва

— Як Дзяніс адрэагаваў на ваша рашэнне застацца ў Кіеве?

— Прыняў, а што яму заставалася рабіць? Я ж ягонае рашэнне таксама прыняла.

— За гэтыя, лічы, чатыры месяцы якім быў ваш самы страшны дзень?

— 3 сакавіка, калі ён упершыню не выйшаў на сувязь. Аказалася, ён быў у баі пад Бучай. Я суткі не спала, спрабавала ўсюды высветліць, што з ім і як. У нейкі момант мне адказалі, што ён на заданні, я заплакала. Разумела, што ён цяпер у вельмі небяспечным месцы, ад усведамлення гэтага мне было цяжка. Але я адчувала: усё будзе добра.

У нейкі момант я напісала яму: «Ты проста так ад мяне не адкараскаешся, я ведаю: ты цэлы, хутчэй вяртайся і выходзь на сувязь». Нагадала, што ён абяцаў мне траіх дзяцей.

На наступны дзень мне патэлефанаваў ягоны сябар, паведаміў: Дзяніса прывезлі на базу, ён паранены. Яму асколкам пашкодзіла руку. Аказалася, у мужа разладаваўся тэлефон, таму ён знаходзіўся без сувязі. Мяне затрэсла, мне тэрмінова трэба было да яго.

Напісаць мне Дзяніс змог толькі па дарозе ў бальніцу. Так я даведалася, куды яго вязуць. У горадзе ў той час стаялі велізарныя коркі, частку дарогі да бальніцы я проста бегла. Калі апынулася побач, Дзяніс мне патэлефанаваў, сказаў, што яго перавялі ў іншае месца. Я туды. Спыніла паліцыю, папрасіла мяне падвезці. Яны тармазнулі нейкую машыну і чалавек мне дапамог.

— Якім вы ўбачылі Дзяніса?

— Ніякім. У тым баі ён страціў сябра Іллю «Літвіна», і яму было не да мяне. Я гэта разумела. Адзінае, чаго я хацела, проста яго абняць. Ён быў жывы — гэта самае важнае.

Пяць дзён муж прабыў у бальніцы. Увесь гэты час яны з хлопцамі думалі: зараз хутка адновімся — і зноў у бой, а ім прапанавалі працягнуць лячэнне і перавесціся ў вайсковы шпіталь пад Вінніцу. У выніку хлопцы збеглі з бальніцы і вярнуліся ў батальён (цяпер ужо полк. — Заўв. рэд.). 

— У вас была пасля гэтага з мужам сур'ёзная размова? Усё-такі так ставіцца да здароўя неяк не па-даросламу.

— Не, ён робіць так, як лічыць патрэбным. Усё, што я магла зрабіць у гэтай сітуацыі, — знайсці яму недалёка ад батальёна добрага лекара, які б рабіў мужу перавязкі і глядзеў, наколькі добра гоіцца рана. Дзяніс ездзіў да яго і выконваў усё, што прапісваў медык.

Наогул, я з тых дзяўчат, для якіх, калі мужчына сказаў, што цукар чорны, значыць, цукар чорны, таму я была ўпэўненая ў дзеяннях мужа. Дзесьці праз месяц Дзяніс цалкам аднавіўся.

— Як вы лёгка саступаеце.

— Калі мы пачыналі сустракацца, аказалася, мы з Дзянісам абодва вельмі ўпартыя. У нейкі момант я зразумела: ён саступаць не будзе, а значыць, каб захаваць адносіны, гэта прыйдзецца рабіць мне. Ну, а калі ён не мае рацыі, ён потым зразумее, але мне, вядома, у гэтым не прызнаецца.

— Як вы адрэагавалі на тое, што Дзяніс стаў камандзірам палка?

— Я радая, што ён расце. Вядома, пасля таго, як ён стаў кіраўніком, часам побач са мною ён забывае, што я не ягоны падначалены. Разумею, на службе ён сабраны і грозны, павінен пастаянна вырашаць нейкія пытанні, і, скажам так, пераступаючы парог дома, яму няпроста пераключацца. Цяпер у нас з гэтым ёсць невялікая складанасць.

— А вас не пужала, што полк муж узначаліў у дастаткова маладым узросце? Гэта ўсё-такі вельмі вялікая адказнасць.

— Ён справіцца. Думаю, справа не ва ўзросце, а ў дысцыпліне і адказнасці, а гэтага Дзянісу не пазычаць. Пачынаючы ад парадку на стале і засланага ложка, заканчваючы рашэннем цяжкіх задач. А яшчэ ў яго заўсёды шмат будзільнікаў, напамінкаў, запісаў. На працу ён звычайна выязджае з запасам у паўгадзіны, а перш чым прыняць рашэнне, доўга ўсё ўзважвае, аналізуе.

З асабістага архіва

— Вы заўважаеце, што вайна мяняе вас з Дзянісам?

— Так, Дзяніс цяпер больш засяроджаны на працы, грубейшы. Я ж, наадварот, стала мяккай і рахманай. Шаную кожную хвіліну, праведзеную з ім.

— На многіх фота і відэа ў Дзяніса вусы. Гэта ён у Янкі ідэю запазычыў?

— Дзяніс з вусамі ўжо вельмі даўно, праўда, калі ён ад іх стамляецца, згольвае. Так што, можа, гэта Янкі ў яго падгледзеў. Муж кажа — гэта шляхецкія вусы. А я жартую, што ён носіць вусы, таму што барада ў яго не расце.

— Чаму ў Дзяніса пазыўны Кіт?

— З дзяцінства любіць кітоў.

— А як вы яго міла называеце?

— Дзёня, сонца, каханы.

— Пра што вы гаворыце, калі цяпер хоць бы ненадоўга атрымліваецца пабачыцца?

— Пра ўсё — пра сучаснасць і будучыню. Вайну ж стараемся абмяркоўваць мінімальна і не закранаць працоўныя моманты. А часам проста маўчым.

— Што вы першае скажаце Дзянісу, калі скончыцца вайна?

— З перамогай нас, цяпер час выканаць абяцанне, і нагадаю пра ідэю з трыма дзецьмі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера