Знайсці
08.06.2022 / 18:31РусŁacБел

Навукоўцы: калі вы адкрываеце шампанскае, гэта стварае звышгукавую хвалю. Такую ж, як у рэактыўнага самалёта

Даследаванне паўплывае на шырокі спектр галінаў навукі, да прыкладу, на ракетабудаванне і балістыку.

Крыніца: oir.mobi

Па словах навукоўцаў, якім пашчасціла вывучаць шампанскае, выбіванне корка з бутэлькі шампанскага стварае звышгукавую ўдарную хвалю.

Спачатку кароткі лікбез. Кожная бутэлька шампанскага ўтрымлівае распушчаны газападобны дыяксід вугляроду, які стварае ціск, што павольна нарастае і цісне на корак.

У бутэльцы шампанскага ў стане спакою знешні ціск, які робіцца на корак, ураўнаважваецца статычнай сілай трэння паміж коркам і сценкамі бутэлькі.

Аднак як толькі вы пачынаеце скручваць корак, гэта статычнае трэнне хутка ператвараецца ў кінетычнае трэнне і яно ўжо недастаткова моцнае, каб ураўнаважыць ціск, які аказваецца на корак. Бум!

Варта адзначыць, што коркі вельмі хуткія. Адно даследаванне, праведзенае ў Германіі, паказала, што калі моцна трэсці бутэльку, то корак можа вырвацца з яе з хуткасцю да 40 кіламетраў у гадзіну!

Слуп газу, які вырываецца з бутэлькі пры выманні корка, дастаткова хуткі, каб утварыць г. зв. дыск Маха або асаблівы тып ударнай хвалі, якая часта сустракаецца ў выхлапах ракет і рэактыўных самалётаў.

Калі бутэлька захоўваецца пры пакаёвай тэмпературы ці крыху вышэйшай, то ціск можа ў сем разоў перавышаць атмасферны. Але як толькі шлейф газаў выходзіць, ціск выраўноўваецца, і ўдарная хваля знікае.

У 2019 годзе даследчыкі выкарыстоўвалі высокахуткасныя камеры, каб здымаць, як яны адкрываюць бутэлькі, якія знаходзіліся пры пакаёвай тэмпературы — 20 і 30 градусаў, каб заведчыць існаванне дыскаў Маха. Яны таксама выявілі, што колер шлейфу можа мяняцца ў залежнасці ад тэмпературы бутэлькі.

Малюсенькі дыск Маха ўтвараецца ў шлейфе газаў, якія вырываюцца з адкрытай бутэлькі шампанскага. Фота: popularmechanics.com

«Мы спадзяемся, што наша мадэль дасць даследчыкам некалькі цікавых ідэй, і яны змогуць разглядаць звычайную бутэльку шампанскага як міні-лабараторыю», — растлумачыў Роберт Жорж, даследчык з Універсітэта Рэна.

Вядома, гэтае даследаванне можа здацца проста зручнай падставай для таго, каб выпіць шмат шампанскага, але яно мае некаторыя практычныя прымяненні, напрыклад, у ракетабудаванні і балістыцы. Яно таксама магло б дапамагчы інжынерам, якія распрацоўваюць падводныя апараты і ветраныя турбіны, лепш зразумець гідрадынаміку, вывучыць рух вадкасцяў і газаў.

Далей даследчыкі плануюць змяніць некаторыя параметры (тэмпературу, аб'ём бутэлькі і г.д.) свайго даследавання і наліць яшчэ больш шампанскага.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера