Знайсці
08.06.2022 / 08:44РусŁacБел

Індыйскае кіно, расійскія агіткі, але ёсць і рэдкія залацінкі. Якая сітуацыя цяпер у кінатэатрах 

Пасля пачатку вайны ва Украіне галівудскія студыі-мэйджары сышлі з расійскага і беларускага рынку, што моцна ўдарыла па кінапракаце. Разважаем, да чаго гэта ў перспектыве прывядзе. І глядзім, што цяпер круцяць на вялікіх экранах.

«Наш рынак сёння таксічны для замежных кінастудый»

Беларускі кінапракат лагістычна цесна завязаны на расійскі, і любыя праблемы там аўтаматычна адбіваюцца на нас. Universal, Sony Pictures, Warner Bros., Walt Disney і Paramount адмовіліся ад пракату сваіх фільмаў у Расіі, таму і мы ўжо не ўбачылі на вялікім экране новага «Бэтмана», «Морбіуса», «Доктара Стрэнджа» з сусвету Sony/Marvel і стужкі «Фантастычныя пачвары. Таямніцы Дамблдара» з «потарыяны».

Аднак нават калі мы б пачалі развіваць свой кінарынак самастойна, як зрабіла тое Украіна пасля 2014 года, усё адно пазбегнуць такога лёсу было б немагчыма, разважае кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі. 

«Мы таксама ў вайне і на баку агрэсара, таму нас бы тут нічога не ўратавала. Сёння наш рынак лічыцца таксічным для замежных кінастудый», — тлумачыць ён.

Фота: promoter.by

«Калі ўлетку некаторыя з кінатэатраў не зачыняцца, будзе добра»

У Беларусі адсутнічае цэнтралізаваная сістэма, якая б дазваляла аб’ектыўна казаць пра паказчыкі збораў у кінатэатрах па ўсёй краіне — даныя вельмі хаатычныя. Але расійскі досвед, згодна з данымі «Бюлетэня кінапракатчыка» ці заявай Асацыяцыі ўладальнікаў кінатэатраў, падказвае, што гаворка можа ісці пра страту 70-80% прыбытку — менавіта столькі звычайна прыносіла галівудскае, буйнабюджэтнае кіно. 

Пацвярджаюць на ананімных умовах гэта і ў адной з беларускіх кампаній, якая займаецца пракатам аўтарскага кіно ў Беларусі: 

«Мы бачым, што наведвальнасць кінатэатраў скарацілася ў пяць, а недзе і больш разоў», — удакладняюць пракатчыкі.

Назваць афіцыйныя лічбы зніжэння колькасці наведнікаў з пачаткам вайны ў «Кінавідэапракаце» і Silver Screen «Нашай Ніве» адмовіліся.

Тарас Тарналіцкі лічыць, што беларускія кінатэатры можа чакаць сумны лёс:

«Калі ўлетку некаторыя з іх не зачыняцца, то будзе добра. Асабліва гэта тычыцца прыватных установаў, у якіх няма падтрымкі з боку дзяржавы.

Дзяржаўныя ж, як і ўся дзяржаўная прамысловасць, у нас датуюцца з бюджэту. Яны ў першую чаргу выконваюць пэўную сацыяльную місію: там можна дэманстраваць фільмы не толькі забаўляльнага характару, але і агітацыйныя, адукацыйныя — тое, што здымаюць на студыі «Беларусьфільм», што спускае зверху Міністэрства культуры».

 

Ілюстрацыйнае фота.

Каб зарабляць дадатковыя грошы, у кінатэатрах раённых і абласных гарадоў ладзяць вяселлі, святы. Зрэшты, такім жа шляхам зараз больш інтэнсіўна пайшлі і прыватнікі. Так, у Falcon Club не так даўно прайшла цырымонія прэміі «Тэлевяршыня», дзе ўшаноўвалі галоўных прапагандыстаў краіны. А ў Silver Screen чыталі лекцыі спікеры канферэнцыі Digital Day Belarus 2022. У будучыні ж там плануюць дэманстраваць кіберспартыўныя трансляцыі на вялікім экране.

Скрыншот са старонкі першага сакратара ЦК БРСМ Аляксандра Лук'янава.

Часам у кіно з’яўляецца правераная артылерыя — культавыя для свайго часу стужкі: напрыклад, «Брат» і «Брат-2» ці «Палёт над гняздом зязюлі».

«Ніхто не ведае, якім шляхам ісці, каб выжыць, усе спрабуюць яго намацаць. Той жа Silver Screen вырашыў зараз пачаць дэманстраваць індыйскі кантэнт замест галівудскага (у красавіку сетка кінатэатраў Silver Screen / Mooon стала дыстрыбутарам індыйскага кіно, з 12 мая ў VOKA CINEMA ідзе індыйская стужка «Вязень». — «НН»)», — каментуе кінажурналіст.

«Расійская інфапрастора будзе пашырацца»

Але пакуль у беларускіх кінатэатрах стала яшчэ больш расійскага кіно, якога і так там заўсёды было з лішкам.

З топ-3 стужак сталічнага «Кінавідэапракату» — дзве расійскай кінавытворчасці: «Мой папа — правадыр» з Дзмітрыем Нагіевым у галоўнай ролі і «Артэк. Вялікая вандроўка» з Міхаілам Галусцянам.

На першым месцы — фільм польскай вытворчасці з правакацыйнай назвай «Эскортніцы».

Замыкаюць пяцёрку лепшых мульцікі «Кааці. Легенда джунгляў» (Мексіка, ЗША) і «Крутыя яйкі-2» (Мексіка). 

Адну з апошніх амерыканскіх стужак «Анчартэд: На мапах не значыцца» з Томам Холандам круцяць у нас ажно з лютага (пракат стартаваў яшчэ да вайны). І яна дагэтуль стабільна ў топе, што, канечне, таксама сведчыць пра крызіс.

«Усё гэта небяспечна: Беларусь і так знаходзіцца ў расійскай інфапрасторы, іх інфаполі, а цяпер яно пашырыць межы. Тым больш, калі ў Беларусі паказваюць кіно з Расіі, то ў асноўным, ці забаўляльнае, ці нейкае агітацыйнае, як «Свая вайна» пра расійскіх вайскоўцаў ці «Аманат» — гістарычная стужка, вельмі імперская па сутнасці.

Чамусьці сапраўды цікавы кантэнт, зроблены ў Расіі, быў зняты з пракату (і ці вернецца — незразумела). Я пра «Капітан Волканогаў бег» пра рэпрэсіі 30-х гадоў ці «Нууча» пра Якуцію — антыкаланіяльную рэч».

Falcon Club Буцік Кіно. Фота: marketing.by

«Ідзе разбурэнне культуры кінапрагляду»

Каб убачыць сусветныя навінкі, беларусам у горшым выпадку застаецца пампаваць торэнты і піраціць ці плаціць афіцыйным праваўладальнікам у анлайн-кінатэатрах.

«Гэта разбурае культуру кінапрагляду, якая складвалася дзесяцігоддзямі. Людзі прызвычаіліся хадзіць разам на вялікія, відовішчныя стужкі. Іх адсутнасць у кіно не дае людзям дадаткова аб'ядноўвацца і стварае глебу, патрэбную аўтарытарным рэжымам, таму што яны працуюць якраз на раз’яднанне. Для іх гэта добра, але для бізнэсу і нармальнага існавання грамадства — канечне, не», — рэзюмуе Тарас Тарналіцкі.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: tripadvisor.com

Што годнага можна паглядзець зараз у кіно? 

Беларусы не ўбачаць у бліжэйшай будучыні новы «Свет Юрскага перыяду», другі «Топ Ган» з Томам Крузам, «Тор: Каханне і гром» і іншыя фільмы, але варыянты, каб паглядзець кіно на вялікім экране маюцца.

У актуальнай афішы кінааглядальнік раіць звярнуць увагу на наступныя рэчы:

  • Меладрама «Хірасіма — мая любоў» — рэтра-фільм Алена Рэне, класіку кіно 60-х. 
  • Камедыю-фэнтэзі «Усё, паўсюль і адразу», зробленую незалежнай амерыканскай студыяй А24, пра мультысусвет гераіні Эвэлін. 
  • Камедыю «Сардэчна запрашаем у сям’ю». Стужка здымалася ў Мінску беларускім рэжысёрам Уладзімірам Зінкевічам з удзелам беларускіх акцёраў.

Чытайце таксама:

Што паглядзець. «Змей у Эсэксе» — каханне, тайны і віктарыянскі настрой ад Клэр Дэйнс

Вынікі першай беларускай кінапрэміі. Паглядзіце, на якія нацыянальныя фільмы звярнуць увагу

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера