Знайсці
07.06.2022 / 16:13РусŁacБел

«Назваў Усебеларускі сход «шабашам». Як 68-гадовага былога дэпутата і дырэктара школы асудзілі за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь»

7 чэрвеня суд Навабеліцкага раёна Гомеля (суддзя Аляксандр Зінчук) вынес прысуд 68-гадоваму Мікалаю Віцікаву з вёскі Церуха. За «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь» (артыкул 369-1 КК) пенсіянера пакаралі 8 месяцамі калоніі. «Радыё Свабода» піша пра падрабязнасці справы.

Мікалай Віцікаў быў затрыманы 14 студзеня 2022 года. Тады ў Беларусі праходзілі ініцыяваныя ўладай «дыялогавыя пляцоўкі» па абмеркаванні паправак у Канстытуцыю. Пенсіянер таксама хацеў прыняць удзел у абмеркаванні. Ён пайшоў 5 студзеня да дэпутата Гомельскага абласнога Савета Ігара Дзягцярыка з прапановай арганізаваць у вёсцы Церуха «дыялогавую пляцоўку». Пасля, у гэты ж дзень, ён пайшоў да рэдактара раённай газеты «Маяк» Ірыны Канавалавай (яна ж — старшыня раённай арганізацыі «Белай Русі») са сваімі разважаннямі і бачаннем Канстытуцыі. Рэдактар газеты заявіла на пенсіянера ў міліцыю.

Так Віцікаў апынуўся ў СІЗА.

Суд быў адкрытым. На ім было прадстаўленае хадайніцтва жыхароў Церухі. Яны прасілі не караць пенсіянера строга, пісалі, што ён ніколі не прыцягваўся да адказнасці, 12 гадоў узначальваў школу, актыўна займаўся добраўпарадкаваннем вёскі, быў дэпутатам сельскага Савета, дапамагаў мясцовай царкве.

«Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»

Абвінавачванне агучыў пракурор Кірыл Кадоўба. Паводле абвінавачвання, Віцікаў наўмысна, «з мэтай распаўсюджвання дыскрэдытуючых Рэспубліку Беларусь і яе органаў улады заведама непраўдзівых звестак, накіраваных на прычыненне шкоды дзяржаўным і нацыянальным інтарэсам», прадставіў дэпутату і рэдактару газеты «непраўдзівыя звесткі пра палітычнае і сацыяльнае жыццё».

Гаворка ідзе пра асабістыя развагі пенсіянера з нагоды змен у Канстытуцыю і падзей пасля выбараў 2020 года ў Беларусі. Развагі былі запісаныя на аркушы паперы, з якім Віцікаў хадзіў да дэпутата і рэдактара газеты.

Паводле абвінавачвання, пенсіянер хацеў «распаўсюдзіць непраўдзівыя звесткі шырокаму колу асоб». Сам жа Віцікаў казаў на судзе, што не збіраўся распаўсюджваць свае развагі — хацеў толькі падзяліцца імі з дэпутатам і рэдактарам.

«Я сустракаўся з дэпутатам Абласнога савета, бо хацеў, каб у нашай вёсцы прайшла дыялогавая пляцоўка, бо змены ў Канстытуцыю — гэта лёсавызначальная падзея, і я хацеў бы, каб улада раілася з людзьмі», — тлумачыў на судзе Віцікаў.

«Праўдзівая інфармацыя» ад СК

У сваіх развагах ён закранаў тэму гвалту з боку міліцыі пасля 9 жніўня 2020 года.

«Вы ведалі праўдзівую інфармацыю — СК і міліцыя выказваліся, што гвалт не прымяняўся да пратэстоўцаў. Чаму вы пісалі ў лісце, што быў гвалт? Адкуль вы гэта ўзялі?» — пытаўся пракурор.

«Я бачыў асабіста рэпартаж па дзяржаўным тэлебачанні. Там паказвалі, што трое ці чацвёра міліцыянтаў білі дубінкамі чалавека, які ляжаў на зямлі. Мяне гэта абурыла», — адказаў Віцікаў.

«Але гэта быў не гвалт, гэта было сілавое затрыманне, і яно дазволенае законам», — паправіў яго пракурор.

На судзе да Віцікава ўзніклі пытанні і з нагоды таго, што ў лісце ён напісаў пра фальсіфікацыі выбараў. Пракурор сцвярджаў, што фальсіфікацый на выбарах не было. «Я не скажу за ўсю краіну. Я прасіў на сваім участку ў вёсцы азнаёміць мяне з выніковым пратаколам выбараў. Гэтага зроблена не было і па сённяшні час», — адказаў пенсіянер.

«Бласлаўляць ганіцеляў»

У апошнім слове Віцікаў казаў, што ў турме пачаў больш чытаць Біблію, і яму шмат чаго адкрылася. Ён цытаваў урыўкі з Евангелля, дзе гаворыцца пра тое, што трэба бласлаўляць ганіцеляў і маліцца за тых, хто цябе крыўдзіць, любіць людзей, у тым ліку і ворагаў. Ён зазначыў, што з пункту гледжання хрысціянскіх паводзін ён вінаваты, бо дазваляў сабе асуджэнне міліцыянтаў і ўлады.

З улікам таго, што адзін дзень пазбаўлення волі лічыцца за паўтара дня ў СІЗА, Віцікаву засталося адбыць 2 тыдні пакарання.

68-гадоваму пенсіянеру з Гомельшчыны далі восем месяцаў калоніі за крытыку паправак у Канстытуцыю

Клас
0
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
27
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930