Знайсці
12.06.2022 / 16:35

Як зразумець, што вы падхапілі ад кляшчоў барэліоз

Кляшчоў у нашых шыротах усё больш. Сустрэча з імі не заўсёды праходзіць без знаку. Кляшчы здольныя пераносіць бактэрыі, якія выклікаюць хваробу Лайма — інфекцыйнае захворванне, якое можа закранаць суставы, печань і сэрца. Вось як зразумець, што ў вас можа быць гэтая хвароба.

Фота: pixabay.com

Хваробу Лайма выклікаюць бактэрыі пад назвай «барэліі». Яны трапляюць у арганізм чалавека пры ўкусе кляшча, актыўна размнажаюцца і разам з кроўю разносяцца па арганізме. Барэліі здольныя выклікаць цяжкія пашкоджанні суставаў, нервовай сістэмы, сэрца і іншых органаў. У найбольш цяжкіх выпадках не выключаны лятальны зыход.

Адзін з самых вядомых выпадкаў хваробы — гісторыя канадскай спявачкі Аўрыл Лавін, якая мела шалёную папулярнасць на пачатку нулявых. Вясной 2014 года яе ўкусіў клешч, і хутка ў Лавін пачаліся незразумелыя болі і прыступы слабасці. Стан спявачкі хутка пагаршаўся, а дактары ніяк не маглі паставіць правільны дыягназ. Выпадкова знаёмая спявачкі, якая сама раней лячылася ад хваробы Лайма, накіравала Аўрыл да неабходнага спецыяліста.

Артыстка распавядала, што праз хваробу правяла ў ложку два гады і была вымушаная піць некалькі вельмі моцных антыбіётыкаў. Часам Лавін здавалася, што яна памірае, бо ёй не хапала паветра для дыхання. Яна вярнулася на сцэну толькі ў 2018 годзе.

Аўрыл Лавін у 2014 годзе. Фота: commons.wikimedia.org

Як зразумець, што ў вас можа быць барэліоз

Кляшчы пераносяць не толькі барэліоз, але і іншыя захворванні, самае вядомае з якіх — клешчавы энцэфаліт. Барацьбу з гэтымі хваробамі варта пачынаць з прафілактыкі ўкусаў кляшчоў — напрыклад, з выкарыстання супрацькляшчовых спрэяў ці вадкасцей.

Калі вы знайшлі ў сябе на скуры кляшча, выдаляць яго трэба асцярожна (падрабязней можна прачытаць тут).

Пасля ўкусу кляшча назірайце за сваім станам, каб не прапусціць магчымыя сімптомы барэліозу. Медыкі выдзяляюць тры этапы развіцця гэтай хваробы: 

  • лакальнае развіццё інфекцыі ў месцы ўкусу (3-30 дзён пасля ўкусу).
  • актыўнае распаўсюджванне інфекцыі па ўсім арганізме (1-3 месяцы пасля ўкусу).
  • аўтаімунныя парушэнні і глыбокія пашкоджанні ўнутраных органаў і сістэм арганізма (6 месяцаў — 2 гады пасля ўкусу).

Прасцей за ўсё вылечыць хваробу Лайма, калі яе дыягнастуюць на самай першай стадыі. Вось тры раннія сімптомы барэліозу:

  • Мігруючая эрытэма — чырвоны ці блакітна-чырвоны сып на скуры. Звычайна ён мае выгляд плямы з прасвятленнем у цэнтральнай частцы, часам у эрытэме чаргуюцца чырвоныя і светлыя абадкі. Пляма можа з’явіцца як праз тры дні пасля ўкусу, так і праз месяц, яна можа пашырацца і ў выніку перавысіць 5 сантыметраў у дыяметры.

  • Лімфацытома — чырвонае ці блакітна-чырвонае ўтварэнне на скуры накшталт шышкі, якое не баліць. Лімфацытома сустракаецца даволі рэдка, часцей за ўсё ў дзяцей. Звычайна яна ўтвараецца на вушной ракавіне ці на грудзях.

  • Падобныя да грыпу сімптомы, якія звычайна доўжацца некалькі дзён і праходзяць самастойна. Гаворка пра агульнае пагаршэнне самаадчування, у тым ліку пра галаўны боль, боль у мускулах і суставах і павышэнне тэмпературы.

Калі вы знайшлі ў сябе адзін або некалькі з пералічаных сімптомаў, перш за ўсё падумайце пра тое, ці не праводзілі вы нядаўна час на прыродзе — напрыклад, у лесе ці парку. І падумайце над тым, каб звярнуцца да доктара, асабліва калі ў вас не менш за два сімптомы са спісу.

Кляшчоў усё больш. Дзе і па чым можна прышчапіцца ад клешчавога энцэфаліту

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31