Знайсці
03.06.2022 / 11:52РусŁacБел

Хапалі людзей за графіці і выказванні, а цяпер зарабляюць у Польшчы. Новае расследаванне BYPOL

Новае расследаванне сёння апублікавала аб'яднанне былых сілавікоў BYPOL. Яно распавядае пра ўдзельнікаў задушэння беларускіх пратэстаў, якія шукаюць лепшага жыцця ў Еўрасаюзе. 

У расследаванні згадваецца рэзанансная гісторыя айцішніцы Веры Лявонік-Шыляевай, якая 10 лістапада 2020 года напісала данос на жыхароў ЖК«Каскад» у Мінску (яны вывешвалі знакаміты велізарны сцяг на доме). А затым жанчына з сямʼёй як IT-рэлакант з'ехала з Беларусі ў Літву. Пра гэтую гісторыю падрабязна пісала «Наша Ніва». Паводле інфармацыі BYPOL, еўрапейская гісторыя Лявонік-Шыляевай дагэтуль не скончылася.

Акрамя гэтага, BYPOL агучвае невядомыя гісторыі былых міліцыянтаў, якія ўдзельнічалі ў задушэнні беларускіх пратэстаў.

Адзін з іх — Слабышаў Аляксандр Ігаравіч, былы ўчастковы інспектар Пастаўскага РАУС, 1996 года нараджэння. 5 красавіка 2021 года зʼехаў з Беларусі ў Польшчу.

Слабышаў — галоўны сведка па справе Аляксея Казлоўскага, 1997 года нараджэння.

Згодна з пратаколам, які цытуе BYPOL, увечары 16 кастрычніка 2020 года Слабышаў з таварышам убачыў хлопцаў, якія ідуць ад дома №20 па вуліцы Зялёнай у Паставах, у руках аднаго з іх быў «прадмет, падобны да балончыка з фарбай». Каля дома Слабышаў убачыў на асфальце надпісы «3%», «Саша, ты звольнены» і малюнак бела-чырвона-белага сцяга.

Слабышаў патэлефанаваў калегам і сам рушыў услед за кампаніяй. Паводле інфармацыі BYPOL, апазнаць хлопцаў для Слабышава не складала цяжкасці, бо ён быў знаёмы з імі асабіста.

На працэсе над знаёмымі Слабышаў асабіста не прысутнічаў, спаслаўся на службовыя абставіны.

Казлоўскі віны не прызнаў. Суддзя Наталля Жукава прысудзіла яму штраф у памеры 2160 рублёў, хоць камунальнікі ацэньвалі шкоду ў 25 рублёў, і падсудзімы шкоду кампенсаваў. Акрамя таго, хлопец атрымаў тры гады з адтэрміноўкай.

У канцы снежня таго ж года Слабышаў напісаў рапарт па факце яго абразы ў тэлеграм-канале «Падслухана Паставы».

Цяпер былы міліцыянт працуе ў Варшаве. З МУС, па інфармацыі BYPOL, ён быў звольнены з-за правіны, якая выключае магчымасць далейшага праходжання службы. Падрабязнасці BYPOL не называе.

Аднак прыводзіць скрын адказу Слабышава пра гісторыю з Казлоўскім. Пры якіх абставінах напісанае паведамленне, не згадваецца.

«Усё не запомніць. За малявальшчыкаў не сорамна, можна і па-іншаму сваю пазіцыю выказваць. З-за іх таксама шмат людзей пакутавала. А тое, што з адміністрацыйнага артыкула зрабілі крымінальны, дык гэта ўсё з верху прыйшло», — гаворыцца ў адказе Слабышава.

Другі міліцыянт, які зʼехаў з Беларусі ў ЕС, — Тасоеў Павел Эрыкавіч, сяржант міліцыі ППСМ УУС Брэсцкага аблвыканкама, 1993 года нараджэння.

Пасля жніўня 2020 года па рапартах Тасоева былі распачатыя дзве крымінальныя справы, па якіх ён быў прызнаны пацярпелым.

У чаце «Брэст 97%» пад фатаграфіяй Тасоева быў размешчаны каментарый з «негатыўнай ацэнкай» яго, то-бок была «публічная абраза прадстаўніка ўлады». Па гэтай крымінальнай справе на тры гады хіміі быў асуджаны Аляксандр Грыневіч, прызнаны палітвязнем.

У кастрычніку 2020 года за тое ж — абразу Тасоева — на два гады хатняй хіміі быў асуджаны Аляксандр Глазырын, 1989 года нараджэння.

Па прычынах «не звязаных з яго грамадзянскай пазіцыяй», па інфармацыі BYPOL, Тасоеў быў звольнены з міліцыі, перабраўся ў Польшчу, уладкаваўся аператарам станкоў з праграмным кіраваннем.

Пражывае Тасоеў ва Уроцлаве.

BYPOL перадаў інфармацыю па гэтых асобах праваахоўнікам Польшчы. У арганізацыі спадзяваюцца на дэпартацыю іх у Беларусь і «закрыццё для іх шляху ў цывілізаваны свет». А ў выпадку звароту пацярпелых у праваахоўныя органы Польшчы, прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці паводле міжнароднага права.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031