Як працуюць беларускія парамедыкі ў зоне баявых дзеянняў
«Многія з тых, хто запісваецца ў полк, хочуць адразу ісці ў бой. У мяне таксама так было. Але аднойчы ў нас загінуў баец, і я зразумеў, што калі б ведаў больш, змог бы яго ўратаваць».
У палку Каліноўскага цяпер больш за 20 парамедыкаў. Сярод іх — былыя дактары і дабраахвотнікі з баявым досведам.
Фота: тг-канал палка Каліноўскага
Асноўная задача парамедыка — стабілізаваць стан параненага да перавозу ў шпіталь.
«Яны спыняюць крывацёкі, стабілізуюць дыханне, фіксуюць пераломы», — кажа Ян Мельнікаў, былы начальнік медычнай службы палка Каліноўскага. Цяпер ён адказвае ў батальёне за артылерыю, бо парамедыкаў у іх дастаткова, каб цалкам закрыць гэтую нішу.
Фота: скрыншот з Ютуб-канала Сяргея Бяспалава
Уся зона баявых дзеянняў дзеліцца на чырвоную, жоўтую і зялёную. У першай ідзе абстрэл, задача пармедыка тут — выцягнуць параненага з-пад агню і спыніць крывацёк. У другой (наступная вуліца, напрыклад, ад чырвонай зоны) ужо можна стабілізаваць дыханне і наладзіць цыркуляцыю крыві. У трэцяй, зялёнай зоне, ёсць магчымасць выклікаць хуткую дапамогу, сачыць за пульсацыяй, сатурацыяй і працай сэрца.
«Я адказваў за падрыхтоўку парамедыкаў і сачыў, каб у байцоў было ўсё неабходнае ў аптэчках, — кажа Ян. — Ёсць стандарт, па якім яны павінны быць сабраныя, і пратакол, які тлумачыць, як і па якіх прыярытэтах трэба аказваць першую медыцынскую дапамогу. Спачатку спыніць імпульсіўны крывацёк, потым заняцца дыхальнымі шляхамі, пасля цыркуляцыяй і толькі пасля пераахалоджваннем».
Парамедыкі з палка Каліноўскага праходзілі падрыхтоўку ва ўкраінскай валанцёрскай сетцы «Гаспітальеры», а таксама ў «Жаночым ветэранскім руху».
«У заплечніку парамедык мае турнікеты, розныя бандажы, сурвэткі, якія накладваюцца на рану. А таксама трубкі, патрэбныя для забяспечэння дыхання, — яны выкарыстоўваюцца, калі чалавек знаходзіцца без свядомасці.
Таксама ёсць спецыяльныя налепкі, якія клеяцца пры раненні лёгкіх і пнеўматораксе, дэкампрэсійныя іглы, шыны, якія выкарыстоўваюцца для фіксавання пераломаў, розныя інфузіі, напрыклад, хларыд натрыю, які ў сістэме дае вадкасць, замяняе кроў. Гэта амаль што поўны пералік таго, што мае парамедык баявой групы», — кажа ён.
Фота: тг-канал палка Каліноўскага
У батальёне былі выпадкі, калі парамедыкі аказвалі дапамогу не толькі байцам, але і мірным жыхарам. Напрыклад, у Ірпені.
Па словах Яна, чалавеку, які хоча стаць парамедыкам, не абавязкова мець медыцынскую адукацыю. Асноўнае, чаму яго вучаць на курсах (яны ідуць два-тры дні), — гэта спыняць крывацёк, тампанаваць раны, накладваць турнікеты і шыны.
Цяпер у палку Каліноўскага за медыцынскі кірунак адказвае выпускніца медуніверсітэта. Яна хірург па спецыяльнасці.
«Таксама трэба падкрэсліць, што ў нас ёсць шэсць чалавек, якія вучыліся ў медыцынскім універсітэце альбо ўжо працавалі дактарамі. З павелічэннем колькасці людзей мы абіраем новых, праводзім заняткі. Таму ў нас прапарцыйна расце колькасць байцоў і тых, хто аказвае ім дапамогу
Парамедыкамі мы прапаноўваем стаць тым байцам, якія ўжо маюць досвед вядзення баявых дзеянняў. Але гэта па меры неабходнасці, калі трэба даўкамплектаваць роту. Байцы праходзяць курсы і таксама пачынаюць аказваць дапамогу непасрэдна на фронце», — тлумачыць ён.
Многія з тых, хто запісваецца ў полк, хочуць адразу ісці ў бой. Ян успамінае, што ў яго таксама так было.
«Я да 2016 года вывучаў толькі ўзбраенне, ведаў хіба асноўныя прынцыпы, як спыняць крывацёк, і ўсё.
Аднойчы ў нас загінуў баец, і я зразумеў, што, калі б ведаў больш, змог бы яго ўратаваць. Прыйшоў да таго, што асабіста праявіў ініцыятыву і запісаўся на курсы да «Гаспітальераў». І потым стаў тым, хто адзін з першых бег да пацярпелага, каб дапамагчы», — расказвае Ян.
Праца парамедыкам псіхалагічна няпростая. Калі Ян упершыню ўбачыў, як ад выбуху чалавеку адарвала кісць, з ім здарыўся ступар.
«Я ўвогуле тая асоба, якая баялася крыві. Упершыню глыбокія раненні з наступнымі ампутацыямі я пабачыў на Майдане. З таго часу пачаў неяк прывыкаць, цяпер мяне гэта не пужае. Нават не так — ты абстрагуешся ад усяго, што адбываецца, і засяроджваешся на мэце дапамагчы. Толькі потым асэнсоўваеш, наколькі цяжкае раненне бачыў».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЧытайце таксама:
5 датычных да Беларусі вайскоўцаў загінулі на вайне з боку Расіі. Хто гэтыя людзі
Зяленскі распавёў пра страты Украіны на Данбасе і пра слабасць Пуціна





