Знайсці
30.05.2022 / 21:51РусŁacБел

Жбанкоў аб Доліне і «Прадмове»: Мяне злуе, што расейскія стравы падаюць з асаблівым «восторгом»

«Жывеш сабе цішком, строчыш тэксцікі як умееш, а тут — бац! Наступае фэст інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Выдатны шанец сваё публічна пачытаць. Можа нават кніжак прадаць. Праўда, слаба зразумела, аб чым гаворка і хто ў афішы. Але мне што з таго?» — піша культуролаг Максім Жбанкоў. 

Максім Жбанкоў. Фота fly-uni.org

«Потым прыйшла прапанова ад арганізатараў паўдзельнічаць у размове пра кіно з Антонам Доліным, якога ў іх «атрымалася запрасіць».

Пазней высветлілася, што атрымаліся яшчэ публіцыст Шандаровіч і літаратарка Гаралік. Нічога асабістага, нармальныя людзі, але што ім рабіць на фэсце белліту? Пытанне стагоддзя. Адказ на які, мяркуючы па ўсім, незразумелы нікому: ні публіцы, ні арганізатарам, ні рускім гасцям. Аднак паклікалі (адчуйце розніцу: «шараговым» беларусам прапанавалі падавацца самім).

Імаверна, гэта здавалася цудоўнай ідэяй: зорная брыгада паравозікам. А белліт — да яе прычэпчыкам. У поп-культуры такія таўкачы клічуць хэдлайнерамі. Памылка? Так. І вельмі важная.

Мяне юшыць не тое, што я не Долін. Гэтага не выправіць. Мяне злуе тое, што рускія стравы падаюць з асаблівым захапленнем і павагай. Што неспадзяваны рускі тут варты спецыяльнага сольнага вечара. Што ўкраінцы ў адказ на рускі дэсант з праграмы сышлі — а арганізатары гэтага нібы і не заўважылі. Што беларускія сеткавыя каментатары выбухнулі хваляй усхваляваных каментаў — а аргкамітэт палічыў за лепшае і тут напышліва адмахнуцца з каламутнай адмазкай «мы супраць культуры забаронаў».

І самае пацешнае: у працэсе ўдакладнення праграмы ўдзельнікам прапанавалі шыкоўны квэст па самавызначэнні. Прыкладна, так: хочаце з рускімі —націсніце 0, хочаце сысці — цісніце 1, можна застацца, калі … — цісніце 2.

Што не так? Перавод стрэлак. Цудоўны ход: паклікаць да нас у лодку недарэчны люд, а вы ўжо вырашайце самі — радавацца, трываць або скакаць у ваду. Ваш выбар. Мы ні пры чым. Мы паважаем вашую свабоду.

Варыянт дбайна адбіраць пасажыраў? Няма такой опцыі! Затое можна з гонарам паведаміць: «Ніхто не быў выключаны з праграмы паводле жадання арганізатараў.» І хоць задушыцеся са сваёй беларусацэнтрычнасцю, русафобы няшчасныя.

Галоўны трабл цяперашняй «Прадмовы» ў тым, што яна рэжысуе не падзеі, а канфлікты. Што, яшчэ нават не пачаўшыся, яна ўжо працуе ў таксічным рэжыме.

Перасварыла нас з украінцамі. Умераных беларусаў, што ўздыхаюць «ну, запрашаць Доліна, вядома, не варта, але што цяпер ужо рабіць…», увяла ў вострую спрэчку з прыхільнікамі выразнага выбару прыярытэтаў і сыходу ад «Масквы ў галаве». Пакрыўдзіла прыкметных аўтараў: Шандаровіча паклікалі, а Заміроўскую — не (праўда, потым наўздагон спахапіліся і запрасілі на дыскусію).

Прапалола спіс удзельнікаў, прымусіла іх чамусьці абіраць паміж глухой упартасцю адміністрацыі фэста і эмацыйным плёскам беларусаў, заклапочаных захаваннем уласнай ідэнтычнасці. Напэўна разбіла не адны добрыя адносіны і не адзін творчы альянс.

Ператварыла зону сумеснага інтэлектуальнага пошуку ў міннае поле. Прымусіла думаць, што тры расійскія райтэры важаць больш чым беларускія разумнікі, на меркаванне якіх лёгка можна напляваць.

Цікава, яно таго вартае?»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
77
Панылы сорам
13
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
5
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930