Знайсці
30.05.2022 / 23:18РусŁacБел

Славай Жыжэк, гуру сучаснага марксізму: Расія перайшла ўсе рысы, напаўшы на Украіну. А наконт Дастаеўскага мае рацыю Чубайс

Вядомы славенскі філосаф заклікае Захад бескампрамісна абараняць свае этычныя стандарты і дзейнічаць супраць Расіі рашуча.

Славай Жыжэк. Фота: Mariana Costa/flickr.com

Апошнія тыдні заходняя грамадскасць была апантаная пытаннем «што адбываецца ў галаве ў Пуціна?». Наймацнейшыя розумы разважаюць: ці распавядае Пуціну яго атачэнне ўсю праўду? Ён хворы ці вар'яцее? Ці не заганяем мы яго ў кут, каб захаваць твар і ці не паскорыць гэта перарастанне канфлікту ў Трэцюю сусветную вайну?

Мы павінны перастаць быць апантанымі «чырвонымі рысамі», спыніць бясконцы пошук правільнага балансу паміж падтрымкай Украіны і пазбяганнем сусветнай вайны.

«Чырвоных рысаў» не існуе: сам Пуцін увесь час іх перамалёўвае, і мы робім свой унёсак у ягоную перамалёўку, рэагуючы на дзеянні Расіі. Мы пытаемся: «Ці перайшоў рысу абмен разведвальнымі данымі ЗША з Украінай?»

І ў выніку мы забываем галоўнае: гэта Расія перайшла ўсе рысы, напаўшы на Украіну.

І замест таго, каб успрымаць сябе як тых, хто проста рэагуе на Пуціна як на неспасцігальнага злога генія, мы павінны зноў паглядзець на сябе. Чаго мы — «вольны Захад» — хочам у гэтай справе?

Мы павінны аналізаваць двухсэнсоўнасць нашай падтрымкі Украіны з той жа жорсткасцю, з якой мы аналізуем пазіцыю Расіі.

Ва ўкраінскім крызісе абодва бакі робяць выгляд, што яны нешта мусілі. Захад быццам мусіў дапамагчы Украіне заставацца свабоднай і незалежнай, а Расія была вымушаная напасці, каб абараніць уласную бяспеку.

Апошні прыклад: Міністэрства замежных справаў Расіі заявіла, што Расія будзе «вымушаная распачаць крокі ў адказ», калі Фінляндыя ўступіць у НАТА. Не, яна не будзе «вымушаная», дакладна гэтак жа, як

Расія не была «вымушаная» напасці на Украіну. Гэтае рашэнне здаецца «вымушаным» толькі калі сур'езна ставіцца да ўсяго набору ідэалагічных і геапалітычных выдумак, якія падтрымліваюць расійскую палітыку.

Гэтыя выдумкі трэба пільна прааналізаваць. Часта можна пачуць, што мы павінны правесці строгую мяжу паміж палітыкай Пуціна і вялікай рускай культурай, але гэтая мяжа танчэйшая, чым можа здацца. Мы павінны рашуча адкінуць ідэю пра тое, што пасля многіх гадоў цярплівых спроб вырашыць украінскі крызіс шляхам перамоў Расія нарэшце была вымушаная напасці на Украіну — ніхто ніколі не змушаны знішчаць цэлую краіну. Карані значна глыбейшыя, я гатовы назваць іх нават метафізічнымі.

Анатоль Чубайс, бацька расійскіх алігархаў, які арганізаваў хуткую прыватызацыю ў Расіі ў 1992 годзе, сказаў у 2004-м:

«За апошнія тры месяцы я перачытаў усяго Дастаеўскага. І я не адчуваю да гэтага чалавека нічога, акрамя амаль фізічнай нянавісці. Ён, безумоўна, геній, але яго ўяўленне пра расейцаў як пра асаблівых, святых людзей, яго культ пакут і лжывы выбар, які ён вымалёўвае, выклікаюць у мяне жаданне разарваць яго на кавалкі»

Я не люблю Чубайса за ягоную палітыку, але думаю, што ён мае рацыю наконт Дастаеўскага, які паказаў «глыбінную» сутнасць [прапагандысцкага] супрацьстаяння паміж Еўропай і Расіяй. Гэта індывідуалізм супраць калектыўнага духу, матэрыялістычны геданізм супраць духу ахвярнасці.

Расія цяпер падае сваё ўварванне як новы крок супраць заходняй глабалізацыі. Дзмітрый Мядзведзеў нядаўна напісаў, што «свет чакае краху ідэі амерыкаарыентаванага свету і з'яўлення новых міжнародных альянсаў, заснаваных на прагматычных крытэрыях». «Прагматычныя крытэрыі», вядома, найперш значаць грэбаванне ўсеагульнымі правамі чалавека.

Таму мы таксама павінны правесці чырвоныя лініі, але такім чынам, каб была ясная наша салідарнасць з незаходнімі краінамі. Мядзведзеў прагназуе, што з-за вайны ва Украіне «ў некаторых дзяржавах можа ўзнікнуць голад з-за харчовага крызісу». Гэтая заява шакуе сваім цынізмам.

Па стане на май 2022 года каля 25 мільёнаў тон збожжа павольна гніюць на падыходах да Адэсе, бо порт заблакаваны расійскім флотам.

«Сусветная харчовая праграма ААН папярэдзіла, што мільёны людзей «будуць галадаць», калі парты на поўдні Украіны, якія былі зачыненыя з-за вайны, не будуць зноў адчыненыя», — паведамляе Newsweek. Еўропа цяпер абяцае дапамагчы Украіне транспартаваць збожжа чыгуначным і аўтамабільным транспартам, але гэтага, відавочна, недастаткова. Неабходны яшчэ адзін крок: патрабаванне адкрыць порт для экспарту збожжа, уключаючы адпраўку туды ваенных караблёў для абароны.

Гаворка ідзе не пра Украіну, а пра голад сотняў мільёнаў людзей у Афрыцы і Азіі. Тут трэба правесці чырвоную лінію.

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў нядаўна сказаў:

«Уявіце, што [вайна на Украіне] адбываецца ў Афрыцы ці на Блізкім Усходзе. Уявіце, што Украіна — гэта Палесціна. Уявіце, што Расія — гэта Злучаныя Штаты».

Як і чакалася, параўнанне канфлікту на Украіне з бядотным становішчам палесцінцаў «абразіла многіх ізраільцян, якія лічаць, што паміж імі няма ніякага падабенства. Напрыклад, многія адзначаюць, што Украіна з'яўляецца суверэннай, дэмакратычнай краінай, але не лічаць Палесціну дзяржавай».

Вядома, Палесціна не дзяржава, бо Ізраіль адмаўляе ёй у праве быць дзяржавай. Гэтак жа, як Расія адмаўляе права Украіны быць суверэннай дзяржавай. Ад выказванняў Лаўрова мне млосна робіцца, як спрытна ён часам маніпулюе праўдай.

Так, ліберальны Захад крывадушны і часта ўжывае высокія стандарты вельмі выбарачна. Але калі нехта крытыкуе ліберальны Захад, то чамусьці выкарыстоўвае менавіта заходнія стандарты.

Тое, што прапануе Расія, — гэта свет без крывадушнасці, але гэта свет і без этычных стандартаў, якія на практыцы часта азначаюць «усяго толькі» павагу да адрозненняў.

Мы ўбачылі свет у варыянце Расіі, калі пасля таго як талібы захапілі ўладу ў Афганістане, яны амаль адразу дамовіліся з Кітаем. Кітай прызнае новы Афганістан, у той час як талібы ўзамен будуць ігнараваць тое, што Кітай здзекуецца з уйгураў, аднаверцаў талібаў, якія ў Кітаі пазбаўленыя ўсіх правоў. Вось яна, новая глабалізацыя, якой яе бачыць Расія.

Адзіны спосаб абараніць тое, што варта захаваць у нашай ліберальнай традыцыі — гэта бязлітасна настойваць на яе ўніверсальнасці. У той момант, калі мы прымяняем падвойныя стандарты, мы не менш «прагматычныя», чым Расія.

* * *

Славай Жыжэк — філосаф культуры. Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута сацыялогіі і філасофіі Люблянскага універсітэта, заслужаны прафесар нямецкай мовы Нью-Ёркскага універсітэта і міжнародны дырэктар Інстытута гуманітарных навук імя Біркбека Лонданскага універсітэта. Адзін з самых вядомых і цытаваных паслядоўнікаў ідэй Маркса ў свеце.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
58
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930