Знайсці
27.05.2022 / 16:34РусŁacБел

Украінскі міністр можа не мець рацыі. Расійскія журналісты знайшлі іншага вайскоўца, які мог зрабіць фота на Polaroid у Ірпені

«Важные истории» сцвярджаюць, што на зробленым на Polaroid фота з кватэры ў Ірпені 25-гадовы Павел Пілантаў з Мурманскай вобласці, а не Мікіта Траццякоў, як сцвярджаў міністр лічбавай трансфармацыі Украіны Міхаіл Фёдараў.

Першае — фота з «Палароіда», наступныя — фота Паўла Пілантава

26 мая ўкраінскія СМІ паведамілі, што падчас расійскай акупацыі Ірпеня пад Кіевам расійскі салдат выламаў дзверы ў кватэру мясцовай жыхаркі і, выкраўшы яе ўпрыгожанні, пакінуў пад дываном сваю фатаграфію. Здымак ён зрабіў на знойдзены ў кватэры Polaroid:

«Калі я ўбачыла фота, зразумела, што салдат падумаў, што ён [апарат] не працуе, таму што фота спачатку чорнае. Яму трэба час праявіцца», — выказала здагадку ўласніца жылля.

Расійскаму выданню «Важные истории» удалося ідэнтыфікаваць асобу салдата на фота. Гэта 25-гадовы Павел Пілантаў, ураджэнец горада Кандалакша (Мурманская вобласць). Пілантаў спартсмен, займаўся акадэмічным веславаннем — ён лаўрэат прэміі ўрада Санкт-Пецярбурга «за дасягненне высокіх спартыўных вынікаў на афіцыйных міжнародных і ўсерасійскіх спартыўных спаборніцтвах».

У апошнія гады Пілантаў жыў у Пскове і служыў у 104-м гвардзейскім дэсантна-штурмавым палку (вайсковая часць 32515). Дыслакаваныя ў Пскове 104-ы і 234-ы дэсантна-штурмавыя палкі (в/ч 32515 і в/ч 74268 адпаведна) займаліся зачысткай Бучы, Ірпеня і Гастомеля.

Запіс аб прыналежнасці Паўла Пілантава да аднаго з гэтых падраздзяленняў змяшчаецца ў злітай базе звестак судовых прыставаў. Яны ўжо не першы год спрабуюць спагнаць з Пілантава даўгі — па крэдытах, за сувязь і іншае — на суму больш за 70 тысяч рублёў. Яго шукаюць прыставы Пскоўскай і Наўгародскай абласцей.

Рэдакцыі «Важных историй» удалося датэлефанавацца да Дзмітрыя Пілантава, бацькі вайскоўца, але размова была кароткай. «Журналіст? Пайшоў нахер, бля!» — вылаяўся ён і кінуў трубку.

Учора пра тое, «што вайскоўца з «Палароідам» ідэнтыфікавалі, ужо заяўляў украінскі міністр лічбавай трансфармацыі Міхаіл Фёдараў: «З дапамогай штучнага інтэлекту нам удалося ідэнтыфікаваць гэтага аматара сэлфі і знайсці яго старонку ў «ВКонтакте». Яго завуць Мікіта Траццякоў, яму 26 гадоў, родам з Растова-на-Доне».

Але, на думку «Важных историй», міністр Фёдараў памыліўся, бо на фота з-пад дывана ўсё ж такі не Мікіта Траццякоў. Бо, нягледзячы на вызначанае нейрасеткамі фізіягнамічнае падабенства з палароідным фота, у Траццякова светлыя вочы. Гэта бачна на адным з захаваных у архіве фота (пасля памылковага «выкрыцця» Траццякоў выдаліў сваю старонку). А на здымку з «Палароіда» колер вачэй салдата цёмны, як і ў Пілантава.

Мікіта Траццякоў

Да таго ж весці сацсеткі падчас вайны — гэта не тыпова для байцоў, якія ўдзельнічаюць у «спецаперацыі», хоць бы таму, што яны падоўгу застаюцца без сувязі. Пілантаў, напрыклад, не з'яўляўся ў «ВКонтакте» з 12 красавіка. А Траццякоў 3 мая дакладна прысутнічаў на радзіме ў Пермскім краі — рабіў мурал у памяць пра памерлага ад раку сябра і смажыў шашлыкі. 

«Важные истории» датэлефанаваліся да сястры Траццякова Паліны Казарынавай. Яна сказала, што яе брат ужо некалькі гадоў не служыць у войску і ў гэтым годзе наогул не пакідаў тэрыторыі Расіі.

Чытайце таксама: 

Стала вядомае імя вайскоўца, які пакінуў у разрабаваным доме ў Ірпені сваё фота

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера