Знайсці
27.05.2022 / 08:05РусŁacБел

Чаму ва Украіне не спрацаваў план абароны поўдня?

Ва Украіне ідзе дыскусія пра тое, чаму ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў атрымалася даволі хутка захапіць частку поўдня Украіны. Deutsche Welle запыталася пра гэта ў вайсковых экспертаў.

Баі за «Азоўсталь» у Марыупалі

Вайна, якую Расія развязала супраць Украіны 24 лютага, доўжыцца ўжо больш за тры месяцы. Нягледзячы на тое, што на многіх напрамках наступ расійскіх войскаў не меў поспеху, на пачатковым этапе ўварвання за кошт хуткага прасоўвання войскаў з анексаванага Крыма Расіі ўдалося захапіць значную частку поўдня Украіны — амаль усю Херсонскую вобласць, паўднёвую частку Запарожскай вобласці і невялікую частку Мікалаеўскай. Расейскія войскі занялі Херсон, Кахоўку, Новую Кахоўку, Бярдзянск, Мелітопаль і Энергадар.

Расейскія часткі з анексаванага Крыма аб'ядналіся з войскамі, якія праводзілі наступальную аперацыю ў Данбасе, каб сумесна акружыць і бамбіць Марыупаль у Данецкай вобласці. Пасля амаль трохмесячнай абароны горада ўкраінскія вайскоўцы пакінулі тэрыторыю «Азоўсталі», апошняга ачага ўкраінскага супраціву ў Марыупалі.

Чаму Украіне не ўдалося ўтрымаць паўднёвыя раёны ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ? Ва ўкраінскім абаронным ведамстве адмовіліся каментаваць гэтае пытанне. Так, спікер Мінабароны Украіны Аляксандр Матузянік сказаў карэспандэнту DW, што абмеркаванне сітуацыі на поўдні ў першыя дні ўварвання «выходзіць за межы» яго кампетэнцыі.

У той жа час начальнік галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў у інтэрв'ю «Украінскай праўдзе» ў адказ на пытанне аб тым, чаму Украіна не ўтрымала Херсонскую вобласць, заявіў: «Пытанне адкрытае, яно будзе патрабаваць грунтоўнага расследавання пасля заканчэння вайны».

«План абароны поўдня Украіны не спрацаваў»

Украінскі журналіст і вайсковы эксперт Юрый Бутусаў перакананы, што расійскім войскам удалося хутка прасунуцца з Крыма на мацерыковую частку Украіны праз тое, што «не спрацаваў план абароны поўдня».

Разбураны Марыупаль

Па словах Бутусава, там нібыта не прынялі ніякіх захадаў па абароне.

«Мы дакладна не ведаем, чаму не былі ўзарваныя масты на Чангары, мост у Херсоне, развязкі і масты ў Мелітопалі, — сказаў ён у каментары DW. — Праціўнік без усялякага супраціву заехаў у Мелітопаль, які з'яўляецца ключавым для кантролю над поўднем Украіны і так званага «сухапутнага калідора» ў Крым».

Таксама, па звестках эксперта, «без усялякіх ваенных намаганняў» расійскія войскі ўзялі пад кантроль Бярдзянск і акружылі Марыупаль, куды былі адпраўленыя асноўныя ўкраінскія рэзервы.

«Полк» Азоў «быў накіраваны не на прыкрыццё Мелітопаля, а быў адпраўлены ў Марыупаль — у самую аддаленую кропку на поўдні», — адзначыў ён.

Пралікі ў абароне

На вялікую колькасць пралікаў у абароне поўдня Украіны звяртае ўвагу і дырэктар ваенных праграм Цэнтра Разумкова Мікалай Сунгуроўскі. Ён, як і Бутусаў, адзначае, што на поўдні не ўзарвалі масты і не задзейнічалі мінныя загароды для стрымлівання расійскага наступлення.

«Там адбылося шмат усяго па незразумелых прычынах, і гэтыя прычыны трэба высветліць», — лічыць Сунгуроўскі. 

Расійская вайсковая тэхніка ўязджае ў Херсон. 1 сакавіка 2022 года

Эксперт звяртае ўвагу на тое, што, нягледзячы на вайсковую перавагу Расіі на Чорным моры, з буйных гарадоў на поўдні расійскім войскам удалося захапіць толькі Херсон.

«Мікалаеў стаіць і абараняецца, Адэса стаіць і абараняецца, і ніякіх поспехаў там у расійскіх войскаў няма. Так, у Расіі ёсць перавага на Чорным моры, але ва Украіны на ўзбраенні ёсць ракеты «Няптун», якія ўжо пацвердзілі сваю эфектыўнасць, ёсць таксама перспектывы атрымання і іншых ракет. За кошт гэтага панаванне Расіі на моры істотна абмежаванае», — лічыць ён.

Таксама, на думку Сунгуроўскага, калі б расійскія войскі не змаглі «амаль бесперашкодна» трапіць на мацерыковую Украіну з Крыма, то для іх «было б тое ж, што і пад Кіевам, калі не горш».

Армія мірнага часу ў пачатку вайны

У той жа час украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў у размове з DW выказаў сумнеў у тым, што ў Украіны была магчымасць у пачатку ўварвання РФ утрымаць асобныя раёны поўдня.

«У пачатку ўварвання, калі войскі РФ заходзілі ва Украіну па ўсіх напрамках, украінскія сілы абароны аказвалі не такі моцны супраціў, які мог бы спыніць прасоўванне войскаў РФ. Адзінае, што мы маглі выйграць — гэта час, калі расійская армія пачала захопліваць нашу тэрыторыю», — лічыць ён.

Кіеў, 21 сакавіка 2022 года

Таксама Жданаў кажа пра тое, што ў пачатку ўварвання сітуацыя на поўдні Украіны была падобная на сітуацыю на поўначы. «Дзе мы пачалі супраціўляцца на поўначы? Ужо пад Кіевам. Першыя бронегрупы ўварваліся ў Кіеў і іх знішчалі ўжо на вуліцах сталіцы Украіны. Тое ж адбылося і на поўдні: дзе мы маглі больш-менш арганізавана спыніць наступ праціўніка, там мы гэта і зрабілі, а да таго часу расійскія войскі прасоўваліся і захоплівалі тэрыторыю», — перакананы ён.

Эксперт сцвярджае, што непасрэдна ў пачатку ўварвання ва Украіны не было ні сіл, ні сродкаў, каб спыніць расійскія войскі. «Да пачатку вайны Украіна не разгарнула свае ўзброеныя сілы. Мы сустракалі вайну і пачыналі баявыя дзеянні арміяй мірнага часу. У нас мабілізацыя была абвешчаная 24 лютага ўвечары, і адпаведнае разгортванне сілаў абароны адбылося толькі ў пачатку сакавіка. І толькі тады Украіна здзяйсняла больш-менш арганізаваны супраціў расійскім войскам», — дадаў ён.

«Рыльца бутэлькі» або «дрэннае месца для абароны»?

Аднак сам Перакопскі пярэсмык, які злучае анексаваны Крым з мацерыковай часткай Украіны, Жданаў параўнаў з «рыльцам бутэлькі», якое можна было «закаркаваць і стрымліваць». Паводле яго пераканання, «паколькі расійскія войскі на пачатковым этапе заходзілі ва Украіну калонамі, то для іх можна было стварыць цяжкасці ў прасоўванні праз адміністрацыйную мяжу з Крымам, у тым ліку дыстанцыйна з дапамогай артылерыі, а таксама за кошт абсталявання доўгачасовых агнявых кропак побач з дарогай».

У такім выпадку гэты ўчастак, на думку Жданава, украінскія сілы маглі б утрымліваць.

У вайсковага аналітыка, заснавальніка расследвальнай групы Conflict Intelligence Team (CIT) Руслана Лявіева — процілеглы пункт гледжання. Ён у адной са сваіх нядаўніх зводак назваў Перакопскі пярэсмык «вельмі дрэнным месцам, каб абараняцца». Паводле яго пераканання, складанасць абароны там заключаецца ў блізкасці размяшчэння расійскіх вайсковых базаў.

«У цэлым гэта месца вельмі вузкае, і Расія можа лёгка забяспечыць шчыльнасць войскаў на гэтым кірунку, каб на адну батальённую тактычную групу даводзілася як мага менш лініі фронту для наступлення», — мяркуе ён.

Па словах аналітыка, паколькі ўсе вайсковыя базы размешчаныя побач з каналам, войскі РФ маглі досыць хутка падвозіць боепрыпасы для артылерыі. Таксама ў гэтым месцы расійскай авіяцыі значна зручней працаваць, бо лётаць недалёка, таму самалётам не трэба выкарыстоўваць падвясныя паліўныя бакі і браць больш снарадаў для бамбаванняў.

Таму, на думку Лявіева, калі б украінская абарона будавалася, у прыватнасці, на паўвостраве Чангар, гэта было б «буйнамаштабнай паразай украінскіх сілаў».

Пераход Украіны ў контрнаступленне ў ліпені-жніўні?

У цяперашні час, па словах Жданава, расійскія вайскоўцы пераходзяць да інжынернага ўладкавання сваіх пазіцый, у тым ліку і на поўдні Украіны. «На асобных кірунках, такіх як Херсонская вобласць, вайскоўцы РФ рыхтуюць ужо некалькі эшалонаў абароны. Гэта кажа аб тым, што РФ збіраецца ўтрымліваць гэтыя рубяжы і рыхтуецца да зацяжной вайны», — дадаў ён.

Паводле пераканання апытаных DW вайсковых экспертаў, украінская армія ўжо гатовая пераходзіць да актыўнага контрнаступлення, але для яго эфектыўнасці патрабуецца цяжкае ўзбраенне ад міжнародных партнёраў.

Алег Жданаў дадае, што ўкраінскія сілы абароны спадзяюцца атрымаць асноўныя партыі цяжкага ўзбраення да канца чэрвеня, а пераход у наступленне можа адбыцца ў ліпені або жніўні.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031