Знайсці
26.05.2022 / 15:02РусŁacБел

Памёр Янка Запруднік

На 96-м годзе жыцця памёр адзін з найстарэйшых і самых вядомых дзеячаў беларускай дыяспары ў ЗША, гісторык, публіцыст Янка Запруднік. 

Янка Запруднік (сапраўднае імя — Сяргей Вільчыцкі) нарадзіўся 9 жніўня 1926 года ў Міры (тады Мір быў у складзе Польскай дзяржавы). Там скончыў пачатковую школу, падчас нямецкай акупацыі прагімназію ў Баранавічах і некалькі класаў гандлёвай школы, належаў да Саюза беларускай моладзі. Летам 1944 года быў вымушаны пакінуць Беларусь. 

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны змяніў імя на Янка Запруднік і зноў вярнуўся да адукацыі. Скончыў славутую Беларускую гімназію імя Янкі Купалы (1947), браў актыўны ўдзел у скаўцкім руху. А ў 1948 годзе разам з 11 іншымі хлопцамі (знакамітая «Дванаццатка») адправіўся ў Вялікабрытанію, дзе тры гады працаваў у вугальных шахтах. У Брытаніі Янка Запруднік таксама браў актыўны ўдзел у жыцці беларускай дыяспары, быў актывістам Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі. У 1950 г. пераехаў у Бельгію для атрымання вышэйшай адукацыі. У 1954 годзе скончыў гістарычны факультэт Лювенскага ўніверсітэта. З верасня 1954 года працаваў у беларускай секцыі «Радыё Вызваленне» (сёння — «Радыё Свабода»). 

У 1957 годзе Янка Запруднік пераехаў у ЗША. Працягнуў працу на «Радыё Свабода», а ў 1969 годзе ў Нью-Ёркскім універсітэце абараніў дысертацыю на тэму «Палітычнае змаганне за Беларусь у царскіх Дзяржаўных думах (1906-1917 гг.)» і атрымаў ступень доктара гісторыі. Выкладаў гісторыю Расіі і СССР у Квінскім каледжы Нью-Ёрскага ўніверсітэта.

Янка Запруднік быў адной з цэнтральных постацяў беларускай эміграцыі ў ЗША, рэдактарам газеты «Беларус» (1980—1995), сябрам Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА), актывістам беларускіх праваслаўных прыходаў. Ён — аўтар шматлікіх беларусаведчых публікацый, у тым ліку кніг: «Паўстанне на Беларусі 1863 года: «Мужыцкая Праўда» і «Лісты з-пад шыбеніцы» = The 1863 uprising in Byelorussia: «Peasants' Truth» and «Letters from beneath the Gallows» / тэксты і каментарыі» (разам з Т. Бэрдам, 1980), «Спадчына бацькоў: «Агледзіны»: Да 100-годзьдзя ад нараджэньня Я. Купады й Я. Коласа» (1982), «Belarus: At Crossroads in history» (1993; беларуская версія «Беларусь на гістарычных скрыжаваннях», 1996), «Historical dictionary of Belarus» (1998; разам з В. Сіліцкім, 2007), «Дванаццатка: Дак. аповесць аб дванаццаці бел. хлапцах у Нямеччыне, Вялікабрытаніі і Бельгіі (1946-1957 гг.)» (2002), «Беларускія фестывалі і выстаўкі ў Нью Джэрсі: палітычная інфармацыя моваю мастацтва (1948—2011 гг.)» (2013), «Па гарачых слядах мінўушчыны: Мае лісты 1952-1959 гг.: Універсітэт у Бельгіі газета «Бацькаўшчына», радыё Вызваленне/Свабода ў Мюнхене і Нью-Ёрку» (2015). 

Таксама Янка Запруднік вядомы і як паэт. Пісаў пад псеўданімам Сяргей Ясень. У 2017-м выйшаў зборнік яго твораў «Берагу майго зарніцы: паэзія (1946—2017): дзённік (1949―1954)».

Янка Запруднік быў мецэнатам, які падтрымліваў безліч беларускіх спраў, праектаў, апекаваўся гісторыкамі ў Беларусі, быў тут жаданым госцем. А яго дом у Сомерсэце (Нью-Джэрсі) заўсёды быў гасцінны і ўтульны для суродзічаў-беларусаў.

Да апошніх месяцаў Янка Запруднік захоўваў светлы розум і цікавасць да падзеяў. Апошні раз наведваў радзіму ў 2016 годзе, у 90-гадовым узросце, праехаўшы яе з поўдня, дзе была радзіма жонкі, і зладзіўшы ў Мінску прэзентацыю кнігі на падставе сваіх лістоў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031