Знайсці
26.05.2022 / 15:52РусŁacБел

Куды расійскія салдаты высылалі нарабаванае ва Украіне — карта марадзёраў

Пасля гісторыі з масавай адпраўкай пасылак з беларускага Мазыра «Медыязона» працягнула сачыць за тым, як расійскія вайскоўцы карыстаюцца паслугамі кампаніі СДЭК. У маніторынг трапілі 13 гарадоў па мяжы Украіны з Расіяй і Беларуссю. Яны выявілі не толькі анамальны рост адпраўленняў, які супаў з пачаткам вайны, але і незвычайныя сувязі паміж гарадамі, якія пацвярджаюць версію павальнага марадзёрства. А ў адным выпадку расійскія вайскоўцы выкарыстоўвалі СДЭК для перавозкі ваеннага беспілотніка — і, магчыма, рабавалі не толькі ўкраінцаў, але і ўласнае войска.

У красавіку блогер Антон Матолька апублікаваў відэа з расійскімі вайскоўцамі, якія адпраўляюць пасылкі з тэхнікай і рэчамі праз аддзяленне СДЭК у беларускім Мазыры.

Тады «Медыязона» склала карту адпраўленняў з Мазыра і знайшла яшчэ адзін пункт, дзе назіраўся наплыў людзей у форме — у Навазыбкаве Бранскай вобласці.

Пасля гэтай публікацыі «Медыязона» пашырыла спіс гарадоў для маніторынгу. У яго трапілі ўсе памежныя пункты СДЭК. Яны склалі новую карту адпраўленняў, запісалі і прааналізавалі некалькі дзясяткаў гадзін відэа з памежнага пункта ў Валуйках.

Як атрымалі звесткі

СДЭК дазваляе кліентам адсочваць адпраўленні, таму па нумары замовы сайт кампаніі паказвае падрабязны маршрут ад пункта прыёму да пункта выдачы. Гэта сухая інфармацыя — ніякіх звестак адпраўніка сэрвіс не паведамляе і выдае толькі ініцыялы атрымальніка. Хоць вага пасылкі на сайце не адлюстроўваецца, яе відаць у кодзе старонкі.

Самы буйны з выяўленых заказаў важыў 381 кілаграм, яго адправілі з прыгранічнага Рыльска ў прыгарад Екацярынбурга.

СДЭК прысвойвае замове індывідуальны нумар пасля рэгістрацыі адпраўлення ў адзінай сістэме. Нумарацыя ідзе па парадку: новы нумар атрымлівае першая ў чарзе заяўка з любога аддзялення СДЭК.

Парадкавая выдача нумароў пацвярджаецца і агульнай колькасцю заказаў. На сваім сайце СДЭК піша, што апрацоўвае каля 300 тысяч адпраўленняў у дзень. Калі перабіраць нумары і сачыць за змяненнем даты адпраўкі, то можна дакладна вызначыць першы і апошні заказы, адпраўленыя ў канкрэтны дзень.

Перабіраючы нумары па парадку, «Медыязона» сабрала звесткі аб усіх адпраўленнях СДЭК з 21 лютага 2022 года. Доля прапушчаных нумароў складае 1,75%.

У сваіх разліках улічваюцца толькі заказы, якія на момант збору звестак былі прынятыя для адпраўкі. То-бок заказы са статусам «створаны» выключаныя з агульнага падліку вагі пасылак.

Як шукалі падазроныя пасылкі

Выбралі 46 аддзяленняў СДЭК у найбліжэйшых да мяжы з Украінай населеных пунктах Беларусі, Расіі і ў Крыме. Каб адсачыць ланцужкі пасылак, правяраліся выпадкі, калі з гэтых памежных аддзяленняў за адзін дзень адпраўлялі больш за два буйныя заказы ў адно і тое ж месца. Так склалі спіс з 60 падазроных пунктаў прызначэння. Спецыяльна не разглядалі пасылкі ў Маскву і Пецярбург з-за занадта вялікага патоку адпраўленняў у гэтыя гарады з любых аддзяленняў. Пасылкі ў межах прыгранічных абласцей і Крыма таксама выключылі з пошуку.

У выніку падазроныя пасылкі былі знойдзеныя ў 13 памежных пунктах СДЭК: у Армянску і Джанкоі ў Крыме, у Пакроўскім Растоўскай вобласці, у Багучары і Росашы Варонежскай вобласці, у Валуйках Белгародскай вобласці, у Жалезнагорску і Рыльску Курскай вобласці, у Клімава, Клінцах, Навазыбкаве і Унечы Бранскай вобласці і ў беларускім Мазыры.

Калі глядзець з боку Украіны, то Валуйкі — гэта Харкаўскі кірунак, Клінцы, Навазыбкаў і Мазыр — Кіеўска-Чарнігаўскі, Рыльск — Сумскі, а Джанкой і Армянск — Херсонска-Мелітопальскі.

Наглядна адрозніць звычайны пункт прызначэння ад падазронага можна па сярэдняй вазе пасылкі. На графіку ніжэй прыведзены ўсе гарады, якія з канца лютага атрымалі з гэтых памежных пунктаў у агульнай складанасці больш тоны пасылак. Яны адсартаваныя па агульнай вазе, і першае месца займае Масква. Але сярэдняя вага маскоўскай пасылкі невялікая, гэта значыць у сталіцу адпраўляюць шмат лёгкіх грузаў. Затое адразу ж прыкметны нашумелы Рубцоўск, які атрымаў з мяжы больш за дзве тоны пасылак. Іх сярэдняя вага ў восем разоў пераўзыходзіць маскоўскую. Такім жа чынам вылучаюцца Юрга, Чэбаркуль, Міас і іншыя гарады, якія атрымалі многія тоны пасылак.

Хто адпраўляў падазронае

29 сакавіка ўкраінскія ўлады паведамілі аб вывадзе часткі расійскіх войскаў з Кіеўскай вобласці. 7 красавіка Пентагон пацвердзіў, што расійская армія цалкам выйшла з паўночных абласцей Украіны.

Адначасова з вывадам аб'ём падазроных заказаў з прыгранічных гарадоў паступова павялічваўся. Калі 26 сакавіка іх было 338 кілаграмаў, то 29 сакавіка вага пераваліла за тону, а 2 красавіка перавысіла 2,5 тоны.

Пік такіх пасылак прыйшоўся на 4 красавіка — амаль чатыры тоны. Пасля кароткага спаду роўна праз тыдзень вага падазроных заказаў зноў дарасла да трох тон, пасля чаго пачалося зніжэнне.

Паводле звестак, атрыманых «Медыязонай», з горада Валуйкі з 21 лютага да 20 мая адправілі больш за 15 тон падазроных грузаў. Горад знаходзіцца за 30 кіламетраў ад мяжы з Украінай і ў 20 кіламетрах ад самаабвешчанай ЛНР.

З Клінцоў, горада за 60 кіламетраў ад украінскай мяжы, за той жа прамежак часу адправілі больш за 13 тон.

З ужо вядомага Навазыбкава пераслалі сем з лішнім тон падазроных грузаў.

На чацвёртым месцы Мазыр, у якім першапачаткова і заўважылі вайскоўцаў. Далей ідуць Росаш, Джанкой і Рыльск.

Сустрэчная праверка

Каб даказаць, што такія вялікія аб'ёмы пасылак — не прыкмета ўстойлівых сацыяльных сувязяў паміж прыгранічнымі і сібірскімі гарадамі, праверылі, колькі пасылак сыходзіла ў зваротным кірунку. У Юргу прыйшло з мяжы каля 5,8 тоны пасылак, назад — усяго 51 кілаграм. Чэбаркуль, куды даслалі больш за 5,5 тоны, адправіў на мяжу менш за 10 кілаграмаў за ўсе тры месяцы. З Кызыла на мяжу не адправілі ніводнай пасылкі.

Такая сустрэчная праверка працуе нават для найбуйнейшых гарадоў-мільённікаў. Екацярынбург атрымаў з мяжы шэсць тон, але назад адправіў крыху больш за 2,5 тоны. Новасібірск атрымаў 2,2 тоны, а адправіў крыху менш 1,5 тоны.

На сайце СДЭК ёсць калькулятар, які дазваляе разлічыць кошт дастаўкі ў залежнасці ад маршруту, вагі пасылкі і тарыфу. Дастаўка грузу габарытамі 120x120x80 см і вагой да 200 кг з Мазыра ў Рубцоўск варта 12 325 рублёў. Па тарыфе «Посылочка» невялікі груз да 12 кг (33x34x26 см) з Мазыра ў Рубцоўск даставяць усяго за 907 расійскіх рублёў (на сёння 37 беларускіх). А вось дастаўка 200 кг з Рыльска ў Юргу абыйдзецца ў 21 тысячу рублёў (870 беларускіх).

Гарады-пераможцы

З 21 лютага да 20 мая больш за ўсё грузаў з памежных гарадоў адправілі ў Маскву і Екацярынбург — 10,3 і 6 тон адпаведна. Дастаткова шмат заказаў было і ў Пецярбург.

Лідарам сярод «падазроных» гарадоў стала Юрга, горад на паўночным захадзе Кемераўскай вобласці. З памежжа Украіны каля 5,8 тоны сышло ў горад, дзе жыве ўсяго 80 тысяч чалавек.

У Юрзе стаяць тры буйныя вайсковыя часткі: 106-я асобная брыгада матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, 74-я асобная гвардзейская мотастралковая Звенігародска-Берлінская ордэна Суворава брыгада і 120-я артылерыйская брыгада.

Пасля адводу расійскіх войскаў з Кіеўскай вобласці дарадца Уладзіміра Зяленскага Аляксей Арастовіч апублікаваў спіс частак, якія стаялі ў Бучы, Гастомелі і Ірпені; сярод іх была і 74-я мотастралковая брыгада з Юргі. У першыя дні вайны стала вядома аб палонным з гэтага падраздзялення. Паводле звестак «Медыязоны», у баявых дзеяннях загінулі як мінімум 27 салдат з гэтага горада.

Другое месца па вазе заказаў дасталася горадзе Чэбаркуль у Чэлябінскай вобласці. Там дыслакуюцца два танкавыя палкі: 6-ы і 239-ы. У сакавіку стала вядома аб гібелі камандзіра 6-га танкавага палка палкоўніка Аляксандра Захарава. Паводле звестак «Медыязоны», ва Украіне загінулі 27 вайскоўцаў з гэтага горада.

У Кызыл, сталіцу Тывы, адправілі 116 падазроных пасылак агульнай масай больш за 3,5 тоны. У Кызыле дыслакуецца 55-я асобная мотастралковая брыгада. «Медыязоне» вядома пра 11 загінулых з гэтага горада.

Сярод іншых падазроных гарадоў можна вылучыць Новасібірск, Міас у Чэлябінскай вобласці, Улан-Удэ і іншыя.

У Рубцоўск, які стаў лідарам па адпраўцы грузаў (дзве траціны якіх не дайшлі да адрасатаў) з Мазыра 1 і 2 красавіка, за час назіранняў сышло адносна няшмат пасылак: 74 адпраўленні вагой каля двух тон.

Інфаграфіка ніжэй паказвае сувязі паміж гарадамі-адпраўнікамі і атрымальнікамі. Гарады-атрымальнікі згрупаваныя па рэгіёнах і выдзелены колерам..

Як «Арлан» стаў здабычай

У многіх пунктах выдачы заказаў СДЭК вядзецца кругласутачнае назіранне. Звярнуўшы ўвагу на анамальную колькасць адправак з Валуек «Медыязона» запісвала тое, што адбываецца там з 20 красавіка. Кожны дзень у пункт выдачы заходзілі людзі ў форме, заварочвалі ваенныя заплечнікі ў плёнку і пакідалі на касе. У большасці выпадкаў было немагчыма даведацца, што менавіта адпраўлялі вайскоўцы.

29 красавіка ў 17:18 у пункт СДЭК зайшоў афіцэр, мяркуючы па пагонах, капітан. Ён цягнуў за сабой па падлозе цяжкую скрыню. Дзве супрацоўніцы СДЭК выйшлі паглядзець, што гэтым разам прынеслі людзі ў форме. Вайсковец адкрыў кантэйнер: у ім ляжаў беспілотнік.

Пасля кароткай спрэчкі — наколькі можна судзіць па актыўнай жэстыкуляцыі — жанчыны пайшлі афармляць заказ. Беспілотнік узважылі і замерылі рулеткай. У гэты час у офіс свабодна заходзілі іншыя наведвальнікі. Пасля пяці хвілін валтузні з прыладай капітан разам з іншымі ваеннымі аднеслі скрыню ўглыб офіса.

БПЛА «Арлан-10» выкарыстоўваецца ўзброенымі сіламі РФ ва Украіне для падтрымкі канвояў, выяўлення цэлей і карэкціроўкі агню. 17 мая Міністэрства абароны выклала кадры з выкарыстаннем БПЛА ва «ўдарным варыянце» з бомбамі на борце. Паводле ацэнкі Пентагона, кошт беспілотніка разам з наземным абсталяваннем можа складаць ад 87 да 120 тысяч даляраў ЗША.

«Медыязоне» не атрымалася адсачыць атрыманне «Арлана» у пункце прызначэння. У гэты дзень заказы цяжэй за 10 кілаграм з Валуек адпраўляліся ў Батайск, Бердск, Выбарг, Зеленагорск, Кызыл, Маскву, Мурманск, Новасібірск, Улан-Удэ, Усурыйск і Хабараўск. На відэастрымах з аддзяленняў у гэтых гарадах пасылак з аналагічнымі габарытамі не з'яўлялася.

Акрамя адпраўкі «Арлана», «Медыязона» заўважыла ў пункце СДЭК ў Валуйках людзей у ваеннай форме, якія адпраўлялі красоўкі, шыны, мікрафон, тэлевізар, каўбасы і кансервы, гітару, палатку і многае іншае. Азнаёміцца з выбранымі момантамі можна на відэа ніжэй.

Усе пасылкі з усіх прыгранічных пунктаў СДЭК сабраны ў гэтым файле.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031