«Людзі не падавалі прыкмет жыцця». Што паказала ўнутраная праверка БЧ па трагедыі ў Ратамцы
У панядзелак каля 22.00 у Мінскім раёне адбылася трагедыя: на прыпынку «Ратамка» цягнік «Мінск — Віцебск» збіў сям'ю — бацьку, цяжарную маці і аднагадовага малога. Пасля таго, што здарылася, у БЧ адбылася ўнутраная праверка. «Зеркалу» сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці здарэння.
Фота СК
Паводле інфармацыі нашай крыніцы (пратакол праверкі ёсць у распараджэнні рэдакцыі), цягніком «Мінск — Віцебск» у той дзень кіраваў машыніст першага класа, стаж работы якога большы за дзесяць гадоў.
— Гэта найвышэйшы клас, і атрымаць яго складана — удакладняе наш суразмоўца.
Між тым стаж працы ў памочніка машыніста большы за пяць гадоў.
23 мая састаў адправіўся з Мінска па раскладзе. У Ратамцы ён быў у 21.53, ішоў па першым шляху. Побач са станцыяй, дзе ў цягніка няма прыпынку, ён, як і неабходна, рухаўся з «уключанымі буфернымі ліхтарамі і пражэктарам», а таксама падаваў сігналы вялікай і малой гучнасці. У гэты ж час на другі шлях прыбывала электрычка «Маладзечна — Мінск».
Дзесьці за сто метраў да пешаходнага перахода, які быў на шляху цягніка «Мінск — Віцебск», нечакана з'явіліся людзі з вазком. Машыніст ужыў экстраннае тармажэнне і сігнал апавяшчэння.
— Хуткасць цягніка была 72 км/г, хоць дазволена 100 км\г. з-за таго, што адлегласць паміж саставам і людзьмі была невялікай, наезд прадухіліць не ўдалося — тлумачыць наш суразмоўца. — Пасля надзвычайнага здарэння машыніст паведаміў пра яго начальніку цягніка і машыністам цягнікоў, якія ішлі за ім. А таксама папярэдзіў, што трэба выклікаць хуткую і міліцыю. Паралельна яго памочнік з аптэчкай пайшоў да пацярпелых, але людзі ўжо не падавалі прыкмет жыцця.
Праз некаторы час састаў выехаў у кірунку Віцебска. Унутраная праверка паказала, што падчас надзвычайнага здарэння дзеянні лакаматыўнай брыгады былі правільнымі.