Знайсці
26.05.2022 / 13:12РусŁacБел

Як беларусам замяніць пашпарт за мяжой і ці могуць затрымаць у амбасадзе? Рэальныя гісторыі і парады юрыста

Як замяніць пашпарт, знаходзячыся за мяжой, колькі гэта каштуе і ці бяспечна гэта рабіць тым, каго на радзіме пераследуюць па палітычных матывах? «Наша Ніва» разбіралася ў гэтых пытаннях.

Галоўнае — не згубіць пашпарт

Грамадзяне Беларусі маюць права і магчымасць замяніць пашпарт, знаходзячыся ў той краіне, дзе яны жывуць. Галоўнае, каб у ёй была беларуская амбасада. 

Замяніць пашпарт унутранай серыі (AB, BH, BM, KB, KH, MC, MP), знаходзячыся па-за тэрыторыяй Беларусі, можна пры:

— заканчэнні тэрміну дзеяння пашпарта; 

— расходаванні лістоў, прызначаных для адзнак; 

— непрыдатнасці для выкарыстання;

— змене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку; 

— устанаўленні недакладнасцяў у звестках або ў адзнаках у пашпарце;

 — змене палавой прыналежнасці.

Важна! Калі вы згубілі пашпарт унутранай серыі, вы не можаце яго аднавіць праз консульскую ўстанову (у адрозненне ад пашпарта РР). У такім выпадку ў замежных установах афармляецца пасведчанне на вяртанне ў Беларусь, па якім можна паехаць на радзіму. Сам пашпарт афармляецца ў падраздзяленні пашпартна-візавай службы органаў унутраных спраў па месцы рэгістрацыі ў Беларусі. 

Тэрміны і цэны

Стаўкі консульскіх збораў, як і фактычныя тэрміны атрымання новых дакументаў, адрозніваюцца ў залежнасці ад краіны. 

Выдача (абмен) пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь робіцца на працягу аднаго месяца з дня падачы заявы без уліку часу на дастаўку дакументаў дыпламатычнай поштай. Фактычны тэрмін, які пазначаюць на афіцыйных сайтах амбасад, складае 2-3 месяцы ад моманту падачы дакументаў. 

Сваім досведам замены пашпарта за мяжой з Рэдакцыяй падзяліліся беларусы, якія жывуць у розных краінах свету. Вось некаторыя з гісторый.

Чытачка «Нашай Нівы», якая жыве ў ЗША, распавяла, што падала дакументы на атрыманне новага пашпарта ўнутранай серыі яшчэ ў лютым, але новы дакумент дагэтуль не атрымала. З яе слоў, на мінулым тыдні ёй паведамілі, што новыя пашпарты прыедуць цягам наступнага тыдня. Стаўка консульскага збору ў ЗША складае 120 даляраў, калі гаворка ідзе пра пашпарты ўнутранай серыі (50 даляраў — для серыі РР).

Іншы наш суразмоўца мяняў пашпарт у Варшаве, на падачу дакументаў трэба было загадзя запісацца. Найбліжэйшыя даты былі праз 1,5-2 месяцы. 

У чытача пашпарт унутранай серыі, але ўсё адно перад тым, як прыняць дакументы, ад яго патрабавалі стаць на консульскі ўлік. Таксама яму прапанавалі замяніць пашпарт унутранай серыі, на пашпарт РР (дакумент для сталага пражывання за межамі Беларусі грамадзяніна РБ). У амбасаде паведамілі, што новы дакумент будзе гатовы праз 2-3 месяцы. 

Замена пашпартоў унутраных серый у беларускіх амбасадах, якія месцяцца ў Еўропе, каштуе 100 еўра, серыі РР — 40 еўра.

Абмен пашпарта ўнутранай серыі ў Грузіі каштуе танней — 70 еўра. Беларуса, які нядаўна мяняў там дакумент, папярэдзілі, што чакаць новага прыйдзецца каля трох месяцаў. 

Мужчына кажа, што двойчы прыцягваўся да адказнасці па «народным» артыкуле 23.34 (цяперашні 24.23), але ніякага незвычайнага стаўлення і дадатковых пытанняў з боку супрацоўнікаў амбасады да яго не было.

Адмовілі ў замене, раяць вяртацца ў Беларусь

Зусім іншая гісторыя здарылася з беларусам, які спрабаваў замяніць пашпарт у Вільні. 

27 красавіка Сяргей Шэх падаў дакументы на замену пашпарта ў Вільні, а 24 мая яму патэлефанавалі з амбасады і сказалі, што не дапамогуць у гэтым пытанні. 

«Консул паведаміў, што з Клічаўскага МУС прыйшоў ліст з інфармацыяй, што аддалена зрабіць замену пашпарта мне не могуць, і раяць асабіста звяртацца ў Клічаўскі РАУС», — кажа Сяргей.

Па словах мужчыны, консульскі збор яму не вернуць.

«У консульстве кажуць, што з іх боку ўсё выканана як трэба. Аднак даваць пісьмовае пацвярджэнне таго, што яны адмаўляюцца зрабіць мне новы пашпарт, асабліва не спяшаюцца».

Мужчына дадае, што праз некалькі дзён пасля таго, як ён з Мінска вылецеў у Грузію, дамоў да яго прыходзілі супрацоўнікі КДБ з вобшукам.

«Я не ведаю, ці заведзеная на мяне афіцыйна нейкая крымінальная справа ў Беларусі, ці знаходжуся я ў вышуку, але мясцовыя міліцыянты кажуць, што гэта 342 артыкул КК. Таму вяртацца ў Беларусь я дакладна не збіраюся. Планую напісаць у амбасаду, каб яны далі мне пісьмовае тлумачэнне, чаму не робяць новы пашпарт у краіне, дзе я цяпер пастаянна пражываю».

Дык ці могуць затрымаць? 

З пытаннем, ці бяспечна наогул ісці ў амбасаду тым беларусам, якіх пераследуюць у Беларусі, мы звярнуліся да юрыста Міхаіла Кірылюка.

Юрыст адзначае, што калі разглядаць гэтае пытанне выключна з юрыдычнага пункту гледжання, то мы атрымаем адназначны адказ: беларусы не могуць быць затрыманыя на тэрыторыі амбасады ці консульства. 

«Тэрыторыя амбасады надзеленая экстэрытарыяльнасцю. На гэтай тэрыторыі дзейнічаюць законы Беларусі, але гэта не значыць, што супрацоўнікам гэтай установы дазволена кагосьці там затрымліваць і ажыццяўляць нейкія следчыя дзеянні. Міжнародныя канвенцыі не прадугледжваюць такой магчымасці.

Калі браць прадугледжаную законам працэдуру, то супрацоўнік амбасады, даведаўшыся пра тое, што ў іх знаходзіцца чалавек, які ў вышуку, мае права пазваніць у мясцовую паліцыю і паведаміць пра гэта. І ўжо згодна з дамовамі аб прававой дапамозе яны могуць папрасіць яго затрымаць.

На выхадзе з тэрыторыі консульства такога чалавека мусіць затрымаць мясцовая паліцыя. 

Потым паліцыя праводзіць разбіральніцтвы, дзе чалавек паказвае, што ён атрымаў міжнародную ахову, ці нейкім іншым чынам даказвае, што яго пераслед палітычна матываваны, пасля чаго затрыманага адпускаюць. Менавіта так мусіць адбывацца, калі мы кажам пра тое, як мусіць быць па законе», — тлумачыць Кірылюк.

Пры гэтым юрыст адзначае, што ў рэальнасці ўсё можа адбывацца па-іншаму. Па яго словах, пры вялікім жаданні чалавека могуць затрымаць і ўтрымліваць на тэрыторыі амбасады/консульства.

«Трэба разумець, што ў такім выпадку ніякая мясцовая паліцыя не будзе ўломвацца на тэрыторыю амбасады, каб некага вызваліць. Як, напрыклад, гэтага не робяць беларускія сілавікі ў дачыненні да Кузнечыкаў, якія хаваюцца ў амбасадзе Швецыі ў Мінску.

Фота: TUT.by

Іншы сцэнарый, які тэарэтычна могуць выкарыстаць беларускія спецслужбы, — гэта не толькі затрыманне чалавека на тэрыторыі амбасады, але і наступны вываз яго ў Беларусь. З тым узроўнем парушэння ўнутраных і міжнародных законаў уладамі Беларусі можна сабе ўявіць і такую авантуру з іх боку, як спробу вывезці чалавека ў аўто з дыпламатычнымі нумарамі», — кажа юрыст.

Кірылюк адзначае, што такі сцэнарый — гэта парушэнне і закона, і дыпламатычнага пратакола, якога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было, але пасля захопу самалёта з Пратасевічам нават гэта ўжо не выглядае чымсьці немагчымым.

«Так, гэта выкліча дыпламатычны скандал і г. д., але такая аперацыя — гэта дробязі ў параўнанні з пасадкай самалёта», — лічыць юрыст.

Міхаіл Кірылюк адзначае, што ў часы, калі адзін з дэпутатаў парламента кажа, што Латушку трэба ў багажніку вывезці ў Беларусь, а Карпянкоў заяўляе, што яны могуць забіваць лідараў апазіцыі за мяжой, разглядаць пытанні бяспекі трэба не з пункту гледжання закона, а сыходзячы з практыкі, якая існуе.

Пры гэтым юрыст звяртае ўвагу на тое, што чалавеку, які атрымаў міжнародную абарону, трэба праверыць, ці дапускае яго новы статус магчымасць звароту ў амбасаду.

Напрыклад, у Польшчы статус бежанца можна страціць, звярнуўшыся ў амбасаду сваёй краіны. Калі чалавеку была нададзена дадаткова абарона ў сувязі з арт. 15 п.1 і 2 закона «Аб надаванні замежнікам абароны на тэрыторыі Рэспублікі Польшча», ён таксама не можа звяртацца ў амбасаду Беларусі.

«І ў кожнай краіне будуць свае правілы, якія варта ўдакладняць», — дадае юрыст.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Адбыліся яшчэ два затрыманні за падзеі 2020 года

Апублікаванае відэа, як людзі ў вайсковай форме збіваюць мігрантаў на беларуска-польскай мяжы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031