Знайсці
25.05.2022 / 20:27РусŁacБел

Паўліна Скурко: Мы як сям’я і як народ павінны ператварыць гэтыя пакуты ў нешта вельмі каштоўнае, інакш нельга

Паўліна Скурко, жонка рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Скурко, распавяла ў Facebook пра спатканне з мужам у Магілёве. Прыводзім гэты пост.

Напярэдадні сустрэчы мне тэлефанаваў былы Андрэеў сукамернік. Сярод іншага, ён расказаў, што Андрэй у цудоўнай фізічнай форме (вязні адціскаюцца ад нараў, падымаюць торбы з цяжкімі рэчамі як гантэлі…) «Можа, хоць трохі пакажаш мне кубікі на жываце?» — прашу Андрэя ў трубку пасля вітання. «Тут няма ўмоў», — смяемся. Паказаў мне замест кубікаў пінгвіна на майцы. Гэту майку я дала яму пераадзець пасля вобшуку, калі яго забіралі з дому 11 месяцаў таму. Насіць яе засталося апошнія дні — у калоніі ўсякія пінгвіны, любыя малюнкі, як і колеры, апрача чорнага, забароненыя.

Раней мне гэта здавалася трагедыяй — тое, што праз адзенне адмыслова нібы сціраюць індывідуальнасць. Цяпер гэта здаецца дробяззю. Андрэева асоба, такая моцная, глыбокая, што чорная майка хіба яе падкрэсліць.

Я ж перад Андрэем у меру сіл пакруцілася ў сукенцы, набытай спецыяльна для спаткання. Спадзяюся, праз двайное шкло і краты ён хоць нешта разгледзеў:)

Вось і гэты этап мы прайшлі, — кажа Андрэй пра апеляцыю.

Пра вынік нават не пытае. Адзінае, што яго цікавіла — ці ўключылі ў тэрмін першыя 10 сутак на Акрэсціна (калі нашаніўцаў затрымалі нібыта па іншай справе, а праз 10 дзён не выпускаючы «перазатрымалі» па іншай). Не, кажу, усе скаргі адхілілі. Ну і… — махае рукой.

Дзялюся ўражаннямі ад суда — нібы пабывала на карціне Босха. «Добра, што ў нас ёсць наш малы громаадводзік», кажа Андрэй.

Я многа расказвала пра планы і мары нашага «малога громаадводзіка» на татава вяртанне: пакатацца разам на трактары (мотаблоку) — «без праблем», кажа Андрэй; парамантаваць старую дзедаву машыну, паглядзець, што знаходзіцца пад крышкай капота; купіць машынку для марожанага і рабіць у ёй ягаднае марожанае; глядзець разам мульцікі і каб Тамаш паказваў тату свае любімыя; разам ездзіць на вадасховішча (дзе Тамаш будзе асцерагаць тату, што не можна лавіць лебедзяў, бо яны могуць ушчыкнуць).

Абмяркоўвалі дзелавое: праўкі ў пераклад «Айбаліта», які Андрэй зрабіў у магілёўскай турме — «Добры доктар Будзьздароў».

Абмяркоўвалі літаратурныя планы (іх некалькі).

Андрэй таксама задумаў музычны праект — перастварыць шэраг ірландскіх балад па-беларуску (першую баладу «The Green Fields of France» ён пераклаў у лютым, у прадчуванні вайны). 

Я была вельмі рада задуме: значыць у яго ўнутры зноў пачала гучаць музыка. Я ніколі за гэтыя месяцы не пыталася, але думаю, яму вельмі няпроста: дома ён бярэ гітару ў рукі штовечар (а часам баян).

Абгаворвалі з ім нядаўна прачытанае і пачарпнутыя адтуль думкі (такія вячэрне-кухонныя размовы; Андрэй найбольш расказваў цікавосткі з нядаўна выдадзенай кніжкі Кшыштафа Пяткевіча «Вялікае Княства Літоўскае пад уладай Аляксандра Ягелончыка»).

Я расказвала міжнародныя навіны, Андрэй каротка ківаў. У нейкі момант запытаў, ці праўда, што польскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Украіны. Не, адкуль такая інфа? Былі такія чуткі. Відаць, з «Советской Белоруссіі», гэта адзіная газета, якая даходзіць у камеру.

Андрэй перадаваў вітанні ўсім, хто пра яго перажывае, паклоны тым, хто падтрымаў грашовымі пераводамі; вялікае прывітанне калегам і сябрам. Ён таксама вельмі перажывае за нашых сяброў, хто цяпер у арміі.

Кладуся спаць і радуюся, што яшчэ адзін дзень мінуў, кажа Андрэй.

Недзе ў размове з горкай іроніяй характаразуе свой цяперашні побыт як «жыццё ў грамадскай прыбіральні».

Я таксама расказала, што атрымала адказ ад Дэпартамента выканання пакаранняў пра тое, у якую калонію яго размяркуюць.

«Ты знаеш, там каля яе цячэ рэчка Вільнянка», кажу. «Але я яе ніколі не буду бачыць».

Выйшла я са спаткання з горкім адчуваннем, што прыгода зацягнулася.

Так супала, што ў суседняй кабінцы размаўлялі Ягор Марціновіч і яго бацькі.

І вось гляджу на гэтых прыгожых, поўных творчай энергіі хлопцаў — Андрэя і Ягора — яны сядзяць стомленыя, нават змучаныя, бледныя.

Прафесіяналы, цудоўныя менеджары, топавыя журналісты. Сядзяць… устаюць — рукі за спінай.

Некалькі дзён ад уражанняў яшчэ ўнутрана калоціць.

Нагадваю сабе пастаянную думку з нашай перапіскі: гэта этап, які мы мусім перажыць.

У каляіну аптымізму мяне нарэшце вяртае ўнясенне правак у «Будзьздарова».

Мы як сям’я і як народ павінны ператварыць гэтыя пакуты ў нешта вельмі каштоўнае, інакш нельга.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031