Знайсці
25.05.2022 / 14:38РусŁacБел

«Я праваслаўны». Алег Гайдукевіч прагаласаваў за смяротнае пакаранне і адказаў, што будзе, калі расстраляюць невінаватага

У дэпутата Алега Гайдукевіча спыталі пра «расстрэльныя папраўкі» ў законе і закрыццё беларускамоўнай кнігарні.

З пытаннямі дэпутату патэлефанавала чытачка «Нашай Нівы». Прыводзім частку гэтай размовы.

— Як вы галасавалі, калі прымаўся закон пра смяротнае пакаранне за акт тэрарызму?

— За, канечне, трэба расстрэльваць. Яшчэ больш жорстка трэба! Мякка неяк, на мой погляд. У Еўропе заканадаўства значна больш жорсткае, чым у нас (у Еўропе няма смяротнага пакарання. — «НН»). Мусіць быць ведаеце як? Вось я вам скажу: падняў руку на міліцыянера — рукі няма. Калі б у 2014 годзе Януковіч зрабіў, як Лукашэнка ў 2020-м, разагнаў гэтых усіх мярзотнікаў на плошчы, не было б ніякіх грамадзянскіх войн ва Украіне.

Галасаваў за, усіх расстрэльваць не будуць. Гэта не значыць, што калі ты толькі пра нешта такое падумаў, то будуць расстрэльваць. Прызначацца гэта будзе толькі тым, хто ажыццяўляў тэракт, а гэта будзе даказвацца.

— Вы калі прымалі гэты закон, у кагосьці з выбарцаў запыталіся, што яны думаюць на гэты конт?

— ​​Так, вядома. Амаль увесь раён, 80%, нават больш. 

— Якім чынам вы праводзілі апытанне?

— Па-першае, прыёмы, па-другое, цесны кантакт з адміністрацыяй раёна. Яны ўвесь час праводзяць апытанні людзей. Чаму ўсе павінны быць за? Вы маеце права быць супраць. Не забывайцеся, што я дэпутат, абраны народам (парламенцкія выбары праводзяцца з фальсіфікацыямі. — «НН»). Усё, што я раблю, большасць падтрымлівае, а нехта з выбаршчыкаў — не. Гэта іх права. У нас жа краіна свабодная, дэмакратычная, яны могуць на наступных выбарах прагаласаваць за кагосьці іншага.

— Што адбудзецца, калі расстраляюць невінаватага? Хто за гэта будзе адказваць?

— Такога не бывае (у беларускай «беспамылковай» судовай сістэме менш за 1% апраўдальных прысудаў. — «НН»). Вы, напэўна, выступаеце за адмену смяротнага пакарання?

— Так. 

— Дыскусійнае пытанне. Чаму ЗША не адмяняюць, Кітай? Я лічу, што за педафілію, напрыклад, павінна быць смяротнае пакаранне. І другі момант, нават з вамі згаджаючаюся, смяротнае пакаранне не заўсёды панацэя. Найперш тут павінна быць воля народа. Толькі праз рэферэндум смяротнае пакаранне можна адмяніць. Тое, якое ў нас цяпер ёсць у краіне, — воля народа сярэдзіны 90-х гадоў. Я перакананы, што і цяпер зноў 80% будзе за смяротнае пакаранне.

— Усё ж такі, што адбудзецца, калі расстраляюць невінаватага?

— Ёсць пракуратура, ёсць суд. Не бывае ж такога, што ўзялі і некага асудзілі (пратаколы і суды па палітычных справах складаюцца і праводзяцца з парушэннямі працэдуры, на што неаднарозова звярталі ўвагу асуджаныя і праваабаронцы. — «НН»). Тут цэлая працэдура. І потым ніхто ж не расстрэльвае адразу, гадамі, напрыклад, у Амерыцы, людзі сядзяць чакаюць.

— Дзмітрыя Канавалава расстралялі даволі хутка.

— Я ведаю асабіста тых супрацоўнікаў, якія раскрывалі гэта злачынства. Яны да палітыкі не маюць ніякага дачынення. Простыя оперы, героі Беларусі. Яны не спалі начамі, не елі, не пілі, а раскрывалі злачынства. 

— А цяпер яны спакойна спяць?

— Канечне, спакойна. А што вы лічыце, што Канавалаў невінаваты? Ніякіх нават сумневаў не можа быць.

— А вы вернік?

— Так, я праваслаўны, у царкву хаджу.

— Як вы ставіцеся да таго, што запаведзь «не забі» будзе парушацца?

— Дрэнна, вельмі дрэнна. Я ж кажу, што смяротнае пакаранне — гэта спрэчнае пытанне. Як бацька, я за смяротнае пакаранне. Але калі і казаць пра гэта, то трэба разглядаць мараторый, але не адмену. На сёння 80% беларусаў падтрымліваюць смяротнае пакаранне.

— Хто праводзіў апытанне?

— Мы сумесна з міжнароднымі арганізацыямі.

— Якімі арганізацыямі, калі з Беларуссю і Расіяй цяпер ніхто ў свеце мець справу не хоча?

— Усе будуць мець. Усё гэта казкі. Ніхто ад нас нікуды не дзенецца.

— У мяне яшчэ такое пытанне. Гляджу, што адбываецца ў краіне, чытаю навіны пра тое, што закрываюць беларускамоўныя кнігарні. Адчуваю сябе ў небяспецы з-за гэтага. Што на гэты конт скажаце?

— Мы багатыя тым, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы.

— Але ж яны мусяць быць роўныя. Ці ёсць цяпер альбо, можа, распрацоўваюцца законапраекты, якія тычыцца беларускай мовы? 

— Самае галоўнае — не пайсці па дарозе прымусу. Калі нейкая кампанія робіць ролік на беларускай мове — цудоўна. Вось не трэба ісці, як Украіна. Там зрабілі адну дзяржаўную мову. Так нельга. Як дэпутат, я падтрымаю любы праект на гэты конт.

— Я асабіста сутыкалася з дыскрымінацыяй беларускай мовы. 

— Такога быць не павінна. Я адстойваю вашы інтарэсы. Калі вам нехта так скажа, абавязкова паведамляйце мне. Усё вырашым. Я сакратару зараз скажу, каб яна вас са мной адразу злучала, нават калі я ў парламенце.

— А гімн мяняць не плануюць? Там такія словы…

— Не, навошта. У нас цудоўны гімн. «Мы — беларусы, мірныя людзі…»

— Мірныя, а ў вайну нас уцягнулі. 

— Цяпер вам праўду ўсю раскажу. Ніколі ні ў якой вайне не ўдзельнічалі і не будзем удзельнічаць, але калі будзе на Беларусь напад — знішчым усіх. Ёсць вайна НАТА з Расіяй на тэрыторыі Украіны. У мяне бабуля з Адэсы, вы ведаеце гэта? У мяне сваякі ва Украіне. Ва ўсім вінаватыя ўкраінскія палітыкі, якія знішчалі Украіну з 2014 года (гэта тыповы наратыў расійскай прапаганды. — «НН»). Самае страшнае, што ўкраінскі народ не вырашае свой лёс. Беларусь у спецыяльнай ваеннай аперацыі не ўдзельнічае.

— Але ж тэрыторыю сваю дае.

— Будзем даваць, бо мы ў ваенным саюзе з Расіяй.

— У Канстытуцыі запісана пра нейтралітэт.

— Гэта быў ідыёцкі пункт, які быў няправільна запісаны. Ніякага нейтралітэту не бывае. Ці НАТА, ці Расія, ці Кітай. Калі палякі не адвядуць ад нашай мяжы войска, дык сто гадоў тут будуць знаходзіцца расійскія вайскоўцы разам з беларускімі. Польшча ўступіла ў Еўрасаюз, а наша права быць у саюзе з Расіяй. Без моцнай Расіі сёння не будзе Грузіі, Украіны, Таджыкістана. Яны там у Польшчы павінны прачнуцца і сябраваць з беларусамі. Ціханоўскую з Латушкам прывезці нам у багажніку.

Чытайце таксама: 

Лукашэнка падпісаў расстрэльныя папраўкі за «замах на тэрарызм». Інтэрпрэтацыя таго, што такое «тэрарызм», вельмі шырокая

Маскоўскія дэпутаты прапанавалі назваць тэрыторыю каля амбасады ЗША плошчай Абаронцаў Данбаса. Амерыканцы не супраць

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031