Знайсці
25.05.2022 / 13:00

Алексіевіч: У нас адна мэта, незалежная Беларусь, і нам няма чаго дзяліць

Святлана Алексіевіч заявіла, што становішча ў Беларусі будзе залежаць ад таго, як будуць разгортвацца падзеі ва Украіне.

Лаўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч у інтэрв'ю «Еўрарадыё» прызналася, што на фоне няспынных рэпрэсій у Беларусі «страшна падумаць, якую ўлады краіны хочуць пабудаваць дзяржаву і на што яна будзе абапірацца».

«Я б сказала, што сёння ў нас дастаткова катастрафічнае становішча, — кажа пісьменніца. — Многае залежыць ад педагогаў, наколькі ім удаецца і наколькі ў іх стае мужнасці ўсё-такі штосьці расказваць школьнікам і студэнтам. Гэта складана ўявіць, што ім удаецца. Што ўдаецца пісьменнікам? Хтосьці з'ехаў. Але паспрабуйце цяпер выдаць кнігу і завезці яе ў Беларусь. Будуць праблемы, у тым ліку ў чытачоў, у якіх яна апынецца. Ніхто з нас не думаў, што мы будзем жыць у эпоху падполля, у эпоху вайны. Аказалася, што ўсё гэта здарылася і з намі таксама».

Святлана падкрэсліла, што сёння ёй вельмі цікавы досвед 1930-х.

«Я вельмі шмат чытаю пра гэта, у тым ліку лісты. Разважаю пра пачуццё калектыўнай віны. Я думаю, што калектыўная віна таксама існуе, але як пісьменніца я больш разважаю над асабістай адказнасцю чалавека. Выбар ёсць у кожнага з нас: мы можам яго зрабіць ці не».

На пытанне, ці атрымаецца ў Лукашэнкі зрабіць тое самае, што атрымалася ў савецкіх уладаў у 30-я гады, Святлана Алексіевіч кажа:

«Усё залежыць ад таго, як будуць развівацца падзеі ва Украіне. Калі Украіна пераможа, будуць зусім іншыя працэсы адбывацца, і ў нас у тым ліку. У Расіі таксама. Я думаю, што там народ не будзе спаць бясконца, знаходзіцца як быццам у няведанні. Сёння мне вельмі страшна слухаць запісы размоў расійскіх салдат з іх бацькамі. Таму што, калі гэта расійскі народ, прапаганда сапраўды зрабіла сваю справу.

У Беларусі, па-мойму, народ не такі. Лукашэнка хоча зрабіць яго такім, як у Расіі, але ў нас людзі не хочуць вайны з Украінай. У нас людзі хочуць жыць у сваёй краіне, са сваімі паняццямі і ідэямі».

На думку Алексіевіч, пасля рэпрэсій 2020-га беларусы крыху страцілі надзею. Аднак пісьменніца заклікала не адчайвацца, а працягваць спакойна «гадаваць у сабе чалавека, а таксама гадаваць сваіх дзяцей, тлумачыць і ахоўваць іх». Усё гэта, лічыць літаратарка, адзінае выйсце, дзякуючы якому атрымаецца захаваць і дзяржаву.

Яна падкрэсліла, што беларусам, якія выступаюць за перамены ў краіне, не варта сварыцца паміж сабой, а трэба памятаць і разумець, што «у нас адна мэта — незалежная Беларусь».

«Нам няма чаго дзяліць, таму няма чаго сварыцца, вінаваціць у чымсьці адно аднаго. Наадварот, нам трэба больш збіраць сіл у сабе, у грамадстве, у нейкіх маленькіх яго ячэйках. Гэта дапаможа нам супрацьстаяць — не толькі выйсці на барыкады сёння, а яшчэ і назапасіць пачуццё супрацьстаяння, якое спрацуе, можа, праз год, а можа, праз пяць гадоў. А яго неабходна назапашваць. У сварках, крыўдах мы толькі робім сябе слабейшымі. Гэта памылка. Яшчэ раз: у нас адна мэта і нам няма чаго дзяліць», — сказала Святлана Алексеевіч.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
33
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
Сумна
1
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31