Знайсці
24.05.2022 / 22:29

«Іншых шляхоў, акрамя сілавога, у нас зараз няма». Былы палітзняволены Ціхан Клюкач пра расчараванне ў мірным пратэсце і штабах Ціханоўскай і Бабарыкі

Былы палітвязень, 19-гадовы Ціхан Клюкач у інтэрв'ю Радыё Свабода кажа, што днямі з'язджае ва Украіну — ваяваць у палку Кастуся Каліноўскага. Што да перамен у Беларусі, то, на ягоную думку, іншых шляхоў, акрамя сілавога, цяпер няма. Ціхан вельмі паважае Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца, а ў працы штабоў Бабарыкі і Цапкалы, а таксама Офіса Святланы Ціханоўскай ён расчараваўся.

Ціхан Клюкач

Ціхан Клюкач атрымаў паўтара года турмы за тое, што здымаў на відэа, як ягоная сяброўка, 18-гадовая Соня Малашэвіч, распісвала фарбай з балончыка шчыты сілавікоў і агароджу. На судзе Ціхан усю віну ўзяў на сябе — маўляў, ён наносіў фарбу на шчыты, і заявіў, што «кожны прыстойны чалавек так бы зрабіў».

Соф’я Малашэвіч, пачуўшы, што пракурор патрабуе для Ціхана паўтара года зняволення, прамовіла: «Клянуся, Ціхан не заслугоўвае такога пакарання… Ціхан дзесяць тысяч разоў угаворваў мяне адысці ад гэтай агароджы. Ён пайшоў пад эмоцыямі — яму дзяўчына спадабалася. 2 месяцы, якія ён адседзеў ужо, дастаткова, каб зразумець, што да агароджаў падыходзіць ня трэба».

У выніку Соф’я Малашэвіч атрымала 2 гады пазбаўлення волі і дагэтуль знаходзіцца ў гомельскай жаночай калоніі. Ціхан Клюкач адбыў пакаранне ў 1,5 года калоніі і 7 сакавіка выйшаў на волю. Цяпер Ціхан у Варшаве, днямі збіраецца ехаць ваяваць ва Украіну.

Ціхан Клюкач і Соф'я Малашэвіч

«Самае прыкрае, з чым я не магу змірыцца, — што Беларусь стала плацдармам для расійскіх войскаў»

— Ціхан, вы нядоўга пабылі ў Беларусі пасля адседкі. Якой убачылі краіну, што змянілася, на вашу думку?

— Тое, што я ўбачыў пасля турмы, — гэта жах, гэта страх, гэта тое, што я не хацеў убачыць і не чакаў убачыць. Калі гаварыць пра знешні выгляд гарадоў, пра Берасце і Мінск, то вельмі мала людзей на вуліцах, людзі няяркія, нецікавыя, няўсмешлівыя — зусім не такія твары, якія я прывык бачыць на беларускіх вуліцах.

Але самае прыкрае, з чым я не магу змірыцца, — што Беларусь стала плацдармам для расійскіх войскаў у іх агрэсіі ў дачыненні да Украіны. З аднаго боку, гэта нечакана. А з другога — а чаго яшчэ можна было чакаць ад дыктатара Лукашэнкі? Ён заўжды быў ворагам Беларусі, беларускай незалежнасці.Таму цалкам лагічна, што тое, што ад гэтай незалежнасці засталося, ён аддаў Пуціну. Мне падаецца, зараз ужо ўвесь свет зразумеў, хто такі Лукашэнка.

— Калі пачалася агрэсія Расіі ў дачыненні да Украіны, вы яшчэ сядзелі ў магілёўскай турме. Ці даходзілі да вас навіны? Як вы даведаліся пра тое, што адбываецца?

— Я выйшаў на волю 7 сакавіка, два тыдні яшчэ быў у магілёўскай калоніі, калі пачалася вайна ва Украіне. З аднаго боку, я быў шакаваны, але было лагічна чакаць такога выніку, што Лукашэнка будзе дапамагаць Пуціну. Так, навіны збольшага даходзілі. Сёе-тое даведваліся з афіцыйных тэлеканалаў, з афіцыйнай дзяржаўнай прапаганды (БТ-1, БТ-2, АНТ). Штосьці даходзіла ад сваякоў, калі ў нас былі тэлефанаванні родным. Натуральна, мы не маглі мець поўнага ўяўлення, што ў нас адбываецца, але нейкая карцінка ў нас была.

«Я буду рабіць усё, каб вярнуцца ў новую Беларусь»

— Ці сустракаліся ў Беларусі вы са сваімі аднакласнікамі, сябрамі? Ці змяніліся людзі, на вашу думку?

— Гледзячы пра якіх людзей гаворка. Таму што ёсць шмат людзей у Беларусі, якім усё роўна, што адбываецца. То-бок ёсць вялікая праслойка насельніцтва, пра якую кажуць, што ім патрэбна толькі «чарка і скварка». Гэтыя людзі не змяніліся, і каб яны змяніліся — я нават не ведаю, што павінна адбыцца. Але калі мы гаворым пра людзей актыўных, пра людзей непамяркоўных, пра тых, хто неабыякавы — усё сумна. Таму што шмат людзей сядзіць, шмат сядзіць і маіх сяброў, шмат людзей у эміграцыі.

Ну, а тыя, хто не сядзіць і не ў эміграцыі, — гэтыя людзі чакаюць. Яны знаходзяцца ў Беларусі і кажуць: «Мы чакаем. Мы чакаем, калі штосьці пачнецца, зрушыцца». Але, на жаль, няма зараз у Беларусі ніякай магчымасці для пратэстаў.

— Так, частка сядзіць, частка ў эміграцыі, і невядома, ці вернуцца яны. А хто будзе рабіць тыя змены, хто будзе адраджаць тую Беларусь?

— Я не магу сказаць, што вернуцца ўсе, але шмат хто адчувае сваю адказнасць і сваё дачыненне да Беларусі. Нават калі яны не вернуцца, будзе нейкая салідарнасць і дапамога ў будаўніцтве новай Беларусі ад тых, хто застанецца за мяжой. Гэта па-першае. А па-другое, шмат хто вернецца. Напрыклад, я. Я хачу вярнуцца і буду рабіць усё, каб вярнуцца ў новую Беларусь.

«Мая барацьба пакуль што не скончаная. Збіраюся ва Украіну ў полк Кастуся Каліноўскага»

— Як вы ўладкаваліся ў Польшчы? Разумею, што ў эміграцыі нялёгка.

— Што да ўладкавання, мне б хацелася, каб я ўбачыў ад нашых так званых дэмакратычных лідараў штосьці большае ў адносінах да палітвязняў, чым тое, з чым я сутыкнуўся зараз. Гэтыя людзі фактычна пакутуюць за стварэнне новай Беларусі, і ім патрэбна большая падтрымка, як фінансавая, так і падтрымка іх сем’яў, дапамога з тым жа выездам з Беларусі. Таму што людзі выходзяць з калоніі сам-насам са сваімі праблемамі.

Што тычыцца маіх планаў, то мая барацьба пакуль што не скончаная. Хутчэй за ўсё, я на гэтым тыдні збіраюся ва Украіну ў полк Кастуся Каліноўскага. Падрыхтоўка будзе на месцы.

Вайна, на маю думку, не такая страшная, як турма ці калонія. Таму што ні ў турме, ні ў калоніі, калі чалавека збіваюць ці з яго здзекуюцца, у яго няма магчымасці адказаць, даць адпор. А там у руках будзе аўтамат. Там будзе вораг. Будзе ўсё па-іншаму.

— Вам усяго 19 гадоў. Можа, лепш пайсці вучыцца — у Польшчы ж ёсць праграма Каліноўскага, у іншых краінах таксама ёсць праграмы падтрымкі маладых беларусаў.

— Магчыма, пайду вучыцца пазней. А зараз я не магу сядзець у Польшчы ці Літве, бо ва Украіне беларусы ваююць за вольную Украіну супраць крывавай дыктатуры, супраць расійскай імперыі, супраць Пуціна, супраць оркаў. І ў будучым яны, можа, будуць ваяваць за вызваленне Беларусі ад Лукашэнкі.

«Я на вуліцы ніколі не выходзіў за нейкіх кандыдатаў: яны мяне ўвогуле не цікавяць. Я выходзіў за новую Беларусь»

— Ціхан, яшчэ да крымінальнай справы вы нямала сутак адседзелі ў Берасці. Што не задавальняла, чаму пачалі выходзіць на акцыі пратэсту?

— Я ў пратэставым руху з вясны 2020 года, з пачатку прэзідэнцкай кампаніі. Прычым я не прыхільнік тых кандыдатаў у прэзідэнты, якія тады пачалі вылучацца. І, шчыра кажучы, мне з тых кандыдатаў ніхто не падабаўся.

Я лічу сябе беларускім нацыяналістам, я чалавек правых поглядаў, і мне наагул не падабаецца тое, што адбываецца ў нашай краіне пад прыгнётам Лукашэнкі. Тое, што ў нас нідзе няма беларускай мовы, беларускай культуры, пра дэмакратыю наагул няма чаго казаць. У краіне, па-першае, дыктатура. Па-другое, гэта дыктатура цалкам прарасійская.

А кандыдаты — гэта палітыкі. У 2020 годзе былі адныя кандыдаты, у 2024 годзе будуць іншыя. І я на вуліцы ніколі не выходзіў за нейкіх кандыдатаў: яны мяне ўвогуле не цікавяць. Я выходзіў за новую Беларусь, за Беларусь, у якой будуць размаўляць па-беларуску, за Беларусь, у якой будуць сумленныя выбары, за Беларусь, у якой будуць паважаць закон, у якой людзі будуць паважаць адзін аднаго, за Беларусь, у якой людзі не будуць баяцца міліцыянтаў. За Беларусь, у якой злачынцы будуць трымаць адказнасць за свае дзеянні.

«Спачатку адседзеў 7 сутак, потым яшчэ 45 сутак»

— І ўсё ж раскажыце пра свае першыя затрыманні. Вы ж адседзелі ў Берасці яшчэ да крымінальнай справы.

— Першы раз мяне затрымалі ў ноч з 9 на 10 жніўня ў Берасці. Людзей выйшла няшмат, не было ніякіх шэсцяў, людзі стаялі па падваротнях і баяліся выходзіць, таму што было шмат міліцыянтаў, вайскоўцаў. Мы з сябрамі выйшлі на вуліцу Савецкую, разгарнулі сцягі, пачалі скандаваць «Жыве Беларусь!», павялі за сабой народ. Пазней я намагаўся паставіць людзей у счэпку, калі наперадзе стаялі ўжо шэрагі АМАПу. Мяне затрымалі, прывезлі ў ізалятар у Ленінскім РУУСе, звазілі ў ізалятар у Бярозу, а потым ужо зноў у Берасце ў СІЗА. Гэта было жахліва: перапоўненыя аўтазакі, збіццё. Камера ў СІЗА была разлічаная на 6 чалавек, а нас там сядзела 23. Я выйшаў на волю 16 жніўня. Па ўсёй краіне пачаліся вялікія акцыі.

Наступным разам мяне затрымалі 6 верасня ў Мінску, калі мы разам з Соняй Малашэвіч выйшлі на Марш адзінства. Трапілі на Акрэсціна, выйшлі пад падпіску.

Што тычыцца наступных 45 сутак, я сядзеў у Берасці, у мяне быў вельмі цікавы сведка на судах — намеснік начальніка Ленінскага РУУС падпалкоўнік Самасюк. Я не прызнаваў віну, атрымаў спачатку 15 сутак. Потым дадалі яшчэ два разы па 15 — у суме я тады праседзеў 45 сутак (частку тэрміну ў Берасці, частку ў Століне). Выйшаў, пару тыдняў пабыў на волі, а потым мяне выклікалі ў Мінск, кшталту на допыт, і там мне паведамілі, што пракурор змяніў меру стрымання. Так што я па сваёй дурасці сам да іх і прыехаў.

«Тэма палітзняволеных ужо адышла, на жаль, на другі план»

— Потым была крымінальная справа, суд у Мінску. Нават на відэароліку, які прадставіў МУС, было бачна, што вы нічога не размалёўвалі — толькі здымалі на тэлефон. Вас шакаваў тады такі жорсткі прысуд — рэальная турма?

— Прысудам не быў шакаваны. Шакаваны быў умовамі ўтрымання. Калонія № 15 Магілёва — па жорсткасці на другім месцы пасля Наваполацка. Я лічу, што трэба гаварыць больш пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання, бо тэма палітзняволеных ужо адышла, на жаль, на другі план.

У калоніях усе палітзняволеныя носяць жоўтыя біркі на грудзях — як габрэі ў гета часоў нацысцкай Нямеччыны. Збіццё палітзняволеных, калі яны прыязджаюць у калонію, цалкам неадэкватныя адносіны з боку адміністрацыі. Пазбаўляюць пасылак, перадач, спатканняў са сваякамі. Беспадстаўна змяшчаюць у карцар. Наагул, наша пэнітэнцыярная сістэма нікога не выпраўляе, яна цалкам карная. Стаўленне да палітвязняў больш жорсткае, чым стаўленне да звычайных крымінальнікаў.

— Колькі часу вы правялі ў штрафных ізалятарах і за што?

— Я ў ШІЗА ў суме правёў 55 сутак. Змяшчалі туды і проста за тое, што чалавек палітвязень. Я даволі шмат маляваў, калі знаходзіўся ў следчай турме № 8 у Жодзіне, шмат карыкатур маляваў на гэтага шклоўскага… Шмат зрабіў малюнкаў на нацыянальную тэматыку з бел-чырвона-белым сцягам, з гербам «Пагоня». Першыя 10 сутак ШІЗА атрымаў менавіта за гэта.

У магілёўскую калонію мне ўдалося пранесці пяць нумароў газеты «Новы час» — мяне «залажылі», і за гэта я адседзеў запар 30 сутак. З выхадамі на 1 дзень. То бок за рознае…

— Што самае цяжкае было за кратамі?

— Самае цяжкае, што на знявагу, прыніжэнне, жорсткае стаўленне, на здзекі, на збіццё — няма ніякай магчымасці даць ніякі адказ. Гэта самае горшае.

«Бяда ў тым, што ніхто з нашых так званых лідараў і не клікаў народ да супраціву і рашучых дзеянняў»

— Дзе вы навучыліся так прыгожа маляваць? Плюс да гэтага ў вас яшчэ такое веданне гісторыі Беларусі і выдатная беларуская мова.

— Маляваць я нідзе не вучыўся і ні ў якім разе не лічу сябе мастаком. Маляванне ў турме для мяне — гэта частка барацьбы, спроба прыцягнуць увагу і да становішча палітвязняў, і да беларускай гісторыі, культуры. Для мяне гэта толькі сродак, гэта ні ў якім разе не мэта.

— Можа, гэта часова, пакуль у вас іншыя прыярытэты — найперш барацьба? А ў будучым — мне здаецца, калі ёсць талент, яго трэба развіваць.

— Пакуль не ведаю. Ня маю часу думаць пра гэта. Я думаю пра іншае.

Беларусы ўжо павінны зразумець, што мірным пратэстам мы ніколі не даб’емся таго, чаго хацелі дамагчыся. Надыходзіць такі час, калі трэба пераходзіць да метадаў сілавога супраціву, мэтадаў прамога дзеяння. Толькі так мы зможам перамагчы гэты рэжым, гэтую дыктатуру. Іншых шляхоў, акрамя сілавога, у нас зараз няма.

Беларусы паказалі, што яны былі гатовыя дзейнічаць. Бяда ў тым, што ніхто з нашых так званых лідараў і не клікаў народ да супраціву і рашучых дзеянняў. У нас «тапілі» за мірны пратэст. Мне здаецца, што ў нас людзі былі гатовыя да большага. Людзі былі гатовыя — але, на жаль, іх ніхто нікуды не павёў і нічога не падказаў.

Гэта і ёсць наша асноўная праблема. Яна не знізу, яна не ў масе — маса гатовая штосьці рабіць. Маса гатовая дзейнічаць. Людзі, якія маглі б павесці гэтую масу, нікуды не вядуць…

— Але ж бальшыня лідараў у турмах, шмат каго пасадзілі задоўга да выбараў, да актывізацыі пратэстаў.

— Так, пасадзілі. Пасадзілі людзей, якіх я заўжды паважаў: Міколу Статкевіча, Паўла Севярынца. Тыя, што засталіся… Шчыра кажучы, я не ведаю, у чыіх інтарэсах яны працуюць зараз. Я не бачу ад іх рашучых дзеянняў. Ад большасці з іх я наагул нічога не бачу зараз. Таму я вельмі скептычна стаўлюся і да штабоў Цапкалы і Бабарыкі. Асабліва скептычна стаўлюся да офісу Ціханоўскай — тое, што я бачу ў эміграцыі. Таму паеду ваяваць за Украіну. У такі час, калі людзі змагаюцца, я не магу знаходзіцца ў Варшаве.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
66
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31