Аўтар: Арцём Гарбацэвіч
Ілюстрацыі: Дана Мігунова, @Danko_m_gallery (Insta)

Спецслужбы, каханкі, загадкавыя смерці...
У гэтай гісторыі пра мадэрнізацыю сістэмы аховы здароўя Беларусі ёсць усё: людзі са спецслужбаў, каханкі чыноўнікаў, лабісты, распіл мільёнаў і таямнічыя смерці. Дэталі вялікай беларускай пагоні за $65 мільёнамі ад Сусветнага банка апісвае Арцём Гарбацэвіч.
Аўтар: Арцём Гарбацэвіч
Ілюстрацыі: Дана Мігунова, @Danko_m_gallery (Insta)

Спецслужбы, каханкі, загадкавыя смерці...
У гэтай гісторыі пра мадэрнізацыю сістэмы аховы здароўя Беларусі ёсць усё: людзі са спецслужбаў, каханкі чыноўнікаў, лабісты, распіл мільёнаў і таямнічыя смерці. Дэталі вялікай беларускай пагоні за $65 мільёнамі ад Сусветнага банка апісвае Арцём Гарбацэвіч.
 
2019 год. Самае звычайнае беларускае 16 снежня — мала снегу, сонца свеціць, але на вуліцы холадна і моцны вецер. Асабліва непрыемна каля ледзяной вады, з якой ратавальнікі і следчыя выцягваюць целы двух дарослых мужчын.
Няўдачлівыя рыбакі? Наўрад ці — нічога рыбацкага на беразе вадасховішча Крыніца не відаць. Можа, пайшлі купацца і патанулі? Але ў снежні і апранутымі…

Непадалёк знаходзіцца кінутая машына з пашкоджаннямі, як быццам пасля аварыі. Устанаўліваюцца асобы патанулых.
Высвятляецца, што адзін з іх — Уладзімір Лапіцкі, намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, а другі — бізнэсмен Леанід Ляўшынскі, кіраўнік кампаніі «БелІнфаРашэнні».
Уладзімір Лапіцкі (злева) і Леанід Ляўшынскі
Мужчыны былі блізкімі сябрамі: з 1990-х працавалі разам, пасяліліся побач у Калодзішчах пад Мінскам.

Сэнс іх дзейнасці быў у напісанні і ўкараненні інфарматызаваных сістэм у сферы аховы здароўя: электронныя карткі, сістэмы абмену медыцынскай інфармацыяй між рознымі бальніцамі і гэтак далей. Гэта даволі вузкая ІТ-сфера, дзе пры гэтым хапае грошай.

Следчы камітэт заводзіць крымінальную справу па факце незвычайнай гібелі. Парны суіцыд уласцівы закаханым падлеткам, а двое дарослых мужчын адначасова забіваюць сябе рэдка.

Пры гэтым сем'і згубілі з імі сувязь і пачалі іх шукаць яшчэ 10 снежня, 15 снежня іх разам, жывых, бачылі ў вёсцы Зарэчча пад Мінскам, а ўжо на наступны дзень знайшлі трупы.
Трыма гадамі раней
Восень 2016-га. Беларусь падпісвае з Сусветным банкам пагадненне аб «Мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь» на 125 мільёнаў долараў. Шалёныя грошы!
На 46 мільёнаў з іх трэба абнавіць тэхніку ў медыцынскіх адукацыйных установах і навучыць тысячы медыкаў працаваць з сучаснымі тэхналогіямі, яшчэ на 11 мільёнаў — пабудаваць новы корпус аддзялення рэанімацыі для нованароджаных у РНПЦ «Маці і дзіця» (пры нядаўнім аддкрыцці гэтага корпуса пра Банк на дзяржаўным тэлебачанні не сказалі ні слова).

А за іншыя 65 мільёнаў трэба ўкараніць у рэспубліцы электронную сістэму аховы здароўя.
І тут замена папяровых карт электроннымі — толькі вяршыня айсберга. У ідэале маецца на ўвазе, што такая электронная сістэма зможа дапамагаць доктару прымаць рашэнні: аналізаваць здымкі і аналізы, выдаваць рэкамендацыі, правяраць сумяшчальнасць лекаў і гэтак далей.
Рашэннем Лукашэнкі сродкамі займу стаў распараджацца РНПЦ МТ — Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя.

РНПЦ МТ — гэта такі занядбаны будынак на вуліцы Петруся Броўкі ў Мінску, за трэцім корпусам Універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Схаваны ў дварах, аблезлы. Атмасфера ўнутры — як у савецкай паліклініцы: драўляныя расшатаныя дзверы, абыякавы вахцёр, крэслы з падранай карычневай дэрманцінавай абшыўкай у калідоры, у кіраўніцтве — бабулі на ганаровай пенсіі.
Хто чым там займаецца — цяжка зразумець, пра кампетэнцыі супрацоўнікаў можна спрачацца. А тут воляй лёсу трэба размеркаваць грошы, якіх у беларускай медыцыне ніколі не было — $125 мільёнаў. Ды яшчэ як размеркаваць? Большую частку на тое, у чым супрацоўнікі РНПЦ МТ нічога не разумеюць — на e-Health.

Чуткі пра тое, што ў Беларусі будзе «асвойвацца» бюджэт у 65 мільёнаў долараў хутка разлятаюцца па ўсім свеце. Расіяне, туркі, беларусы, харваты, аўстрыйцы — хто толькі не цікавіцца тым, каб стварыць электронную сістэму за грошы Сусветнага банка.

Тут разлік ясны: апроч таго, што гэта ў прынцыпе добрая аплата, гэта яшчэ і гіганцкі трамплін — маючы распрацаваную за чужыя грошы сістэму, ты можаш далей крочыць па іншых краінах, і азалаціцца. Такая салодкая булачка.

Такім чынам, спаборніцтва разгарнулася за тэндар на шэсць дзясяткаў крэдытных мільёнаў долараў.
Змаганне за тэндар
Агульнавядома: каб правесці тэндар — трэба напісаць да яго тэхзаданне. Гэта самы дыскусійны момант у беларускай сістэме тэндараў, бясконцае поле карупцыйнага ўзбагачэння. Вядомыя тысячы прыкладаў з самых розных сфер, калі тэхзаданне пісалася пад канкрэтнага пастаўшчыка.

Фактычна, у нашых умовах той, хто ўплывае на фармаванне тэхзадання, той і выйграе тэндар.

Але са здароўем была асаблівая сітуацыя: такія праекты, з вялізнымі грашыма міжнародных інстытуцый, вельмі любяць чыноўнікі ва ўсім адсталым свеце — у СНД, Азіі і Афрыцы.

Грошы міжнародных структур дазваляюць ім на нейкі час забыць пра свае звыклыя 400 долараў заробку і атрымліваць некалькі тысяч проста на суправаджэнні праекта.
Хто ўплывае на фармаванне тэхзадання, той і выйграе тэндар
Хто ўплывае на фармаванне тэхзадання, той і выйграе тэндар
На такія пасады-сінекуры заўсёды імкнуцца ўсесціся самі, пасадзіць туды сваіх сваякоў і каханак.

У выніку каманда праекта, адказная за e-Health, у розныя перыяды складала сабой калейдаскоп людзей, якія мала чым займаліся ў рэальнасці, але пісалі справаздачы і атрымлівалі тысячу-другую долараў заробкаў за фіктыўную работу па напісанні канцэпцыі і тэхзадання для беларускага e-Health.

Канцэпцыя — гэта дакумент на 20 старонак, тэхзаданне — на сотні.

Забягаючы наперад, скажам, што ў выніку толькі на падрыхтоўку папер у РНПЦ МТ праелі два мільёны долараў, але гэта, як той казаў, дробязь.
Сухая мараль у тым, што сярод калейдаскопа выпадковых дармаедаў у выніку павінен знайсціся нехта, хто разбіраецца ў складаных айцішных справах і зможа напісаць патрэбнае. Для гэтага ў РНПЦ МТ вылучылі аддзел «электроннай аховы здароўя».
Барацьба за свайго чалавека
І вось за тое, каб прызначыць туды сваіх людзей, але выгнаць чужых, і разгарнулася вялізная барацьба, усе дэталі якой нам невядомы. Але мы ведаем некаторыя факты.

Так, першым кіраўніком гэтага аддзела стаў айцішнік Андрэй Д. Д. сам беларус, але да з'яўлення ў РНПЦ МТ ён працаваў у Расіі, у кампаніі «РТ Лабс», якая займаецца ў тым ліку і распрацоўкай сваіх уласных МІСаў (медыцынскіх інфармацыйных сістэм).
Але цікава вось што: «РТ Лабс» — даччыная кампанія «Растэлекама», які цікавіўся тэндарам і, у выніку, на яго заявіўся. Праўда, фінт не прайшоў праз некаторыя абставіны.
У размове з карэспандэнтам «Нашай Нівы» яшчэ ў 2019-м годзе Д. пацвердзіў, што прапанову паехаць у Беларусь ён атрымаў ад свайго расійскага працадаўцы. Імаверна — з мэтай паўплываць на напісанне тэхзадання.

Але агентам уплыву Андрэй Д. аказаўся кепскім і нічым не дапамог.

«У яго былі свае матывы пагадзіцца на прапанову, каб вярнуцца на радзіму. Але ён мала чым дапамог рускім, і ў выніку, атрымаўшы лепшую працоўную прапанову, звольніўся. Пры ім работа амаль не рухалася, да правядзення тэндара было далёка, зрабілі збольшага толькі канцэпцыю.

Як ён трапіў на пасаду, Д. не ведаў і сам. У прыватных размовах расказваў, што яго проста адправілі ў Беларусь: «Будзеш кіраўніком праекта». А пасля сумоўя ў РНПЦ МТ ён ім і стаў, усё», — успамінае работнік РНПЦ МТ тых часоў.
«Пры гэтым не факт, што гэтую пасаду «прадалі». Цалкам імаверна, што беларускія чыноўнічкі, шукаючы ў сваю каманду дармаедаў чалавека, які зробіць за іх усю работу, проста атрымалі «патрэбную» рэкамендацыю, і адразу за яе ўхапіліся», — дадае сведка падзей.
Самае прынцыповае пытанне пры напісанні тэхзадання, якое стаяла і пры Д., і абмеркаванне якога шырока разгарнулася ў далейшым, тычылася архітэктуры выніковага праекта: ці будзе новая сістэма замяшчаць усё, што было на рынку да таго, ці будзе інтэгравацца з іншымі сістэмамі?
Замест ці ў працяг?
У некаторых бальніцах і паліклініках Беларусі ўжо былі электронныя рашэнні і карткі — яны пастаўляюцца прыватнымі распрацоўшчыкамі.
СЦЭНАР ПЕРШЫ
Згодна з адным са сцэнарыяў, прыватныя распрацоўшчыкі маглі б працягваць пастаўляць свае прадукты, але інфармацыя з іх акумулявалася б у адным месцы, перастала б быць аўтаномнай — для інтэграцыі ўсіх магчымых сістэм з цэнтральнай базай, і была б напісаная праграма на грошы банка, па сутнасці — сервер для акумуляцыі.
СЦЭНАР ДРУГІ
У іншым сцэнарыі стваралася асобная, новая праграма, якая абнуляла ўсе ранейшыя рашэнні. Рынак гэтых паслуг у Беларусі б паміраў, а ўсе ўстановы аховы здароўя вымушаныя былі б перайсці на новую праграму і карыстацца толькі ёй.
Пасля сыходу безыніцыятыўнага Д., які, як мы разумеем, выступаў за першы варыянт, змаганне за выгляд сістэмы разгарнулася шырэй, а ў аддзел архітэктараў тэхзадання высадзіўся дэсант з супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі, адзін з якіх — Юрый Ч., заняў месца Д.
Інтарэс КДБ. Ці не КДБ?
Але Юрый Ч. быў не адзін. Мы ведаем імёны прынамсі двух з спеслужбістаў. Абодва — супрацоўнікі в/ч 10091, або наўпрост — цэнтральнага апарату КДБ.

Гэтыя людзі змянілі ранейшую архітэктуру праграмы ў бок стварэння аднаго вялізнага прадукту, давялі справу да тэндара, але сышлі незадоўга да яго правядзення.

Чаму? Ёсць падставы меркаваць, што дэсант кадэбістаў высаджваўся ў РНПЦ МТ з мэтай недапушчэння на конкурс расійскіх і замежных кампаній, а таксама напісання тэхзадання пад канкрэтную беларускую фірму Х.
У прыватнай гутарцы з аўтарам «Нашай Нівы» ў 2020 годзе часткова тэорыю пацвердзіў адзін з гэтых спецслужбістаў, які на той момант ужо не працаваў у РНПЦ МТ. Ён сказаў фактычна наступнае: «Там жа столькі медыцынскай інфармацыі на самых розных людзей, вы разумееце, як важна гэта кантраляваць?»
Рызыка сапраўды была. У тандэмах з некаторымі беларускімі фірмамі на тэндар збіраліся падавацца такія арганізацыі, як, напрыклад, Інфармацыйна-аналітычны цэнтр Санкт-Пецярбурга, «Растэлекам» ды іншыя арганізацыі, звязаныя з расійскімі спецслужбамі.

У першаснай фармулёўцы канцэпцыі тэндара прадугледжвалася, што ўмовамі будуць 1) абарот кампаніі і 2) вопыт рэалізацыі падобных праектаў у як мінімум дзвюх краінах. Дзвюм такім умовам ніводная беларуская кампанія не адпавядала, таму дробныя беларускія гульцы спрабавалі прыляпіцца да буйных замежнікаў, каб у будучыні атрымаць частку работы.

Як мы разумеем, дэсантант кадэбістаў перапісаў праект так, што вялікія беларускія IT-кампаніі змаглі прэтэндаваць на грошы тэндара. Хоць ні адна з іх не мала досведу разгортвання такіх сістэм.

Кадэбісты таксама змянілі канфігурацыю задання на такую, якая выглядала б заведама нерэалізуемай. Разлік быў такі, што замежнікі адсеюцца, беларуская кампанія выйграе тэндар, Сусветны банк вынік тэндара зацвердзіць, а далей умовы выканання тэндарнага задання зменяць, каб кампанія магла выканаць іх.
«Я за гэтым назірала толькі збоку, бо незадоўга перад тым звольнілася. Але тэхзаданне пісалі ўжо так мудрагеліста, што было ясна — пішацца пад аднаго выканаўцу, астатнія проста адмовяцца працаваць пад такія патрабаванні. Бо, калі ты сам выканаўца і сам замоўца, то ты пасля можаш нешта адыграць і сказаць, што гэта вось у рэальнасці ўжо не трэба. Пасля выйгранага тэндара гэта зрабіць прасцей»,
— сказала нам былая супрацоўніца РНПЦ МТ.
Далей адбылося нечаканае — тая самая беларуская кампанія Х., у інтарэсах якой, як выглядае, працавалі кадэбісты, у выніку адмовілася ўдзельнічаць у тэндары. Прычыны адмовы нам невядомыя. Але аналагічным чынам у тэндары адмовіўся ўдзельнічаць, напрыклад, і ЕРАМ, хаця спачатку праяўляў цікавасць.
Калі стала ясна, што буйныя беларускія прыватнікі не будуць удзельнічаць у тэндары, група сілавікоў са сцен РНПЦ МТ выпарылася. І мы не ведаем, працавалі яны ў інтарэсах КДБ, ці, хутчэй, у інтарэсах нейкай беларускай кампаніі, і проста згубілі матывацыю пасля сыходу беларусаў з тэндара.

«Тэндар пісаўся для адных, а яны не прынеслі прапанову, у выніку па напісаных для іх паперах удзельнічалі ўсе астатнія, што вызначыла далейшыя правалы ў праекце», — успамінае работніца РНПЦ МТ.
Што за гісторыя была з Лапіцкім?
І вось тут трэба вярнуцца да Лапіцкага. Вялікім праціўнікам стварэння новай, асобнай праграмы (па сцэнарыі №2, які навязвалі кадэбісты) быў чалавек па імені Уладзімір Лапіцкі, стваральнік такога вядомага медыкам прадукту, як АІС «Клініка».
Поўная назва — «Аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма ўстаноў аховы здароўя стацыянарнага тыпу». Гэтай сістэмай карыстаюцца ў РНПЦ кардыялогіі, РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, РНПЦ гематалогіі, амаль ва ўсіх бальніцах Мінска.
«Лапіцкі лічыў, што ўсё, што ёсць у беларускай інфарматызацыі аховы здароўя, зроблена з яго удзелам. Ён быў такім напалову навукоўцам, напалову чыноўнікам і бізнэсменам. Яго супрацьдзеянне навязванню адзінай платформы было зразумелым: у такім выпадку ён губляў бы не толькі манаполію, а ўвогуле ўсё, яго прадуктам бы не карысталіся, ён бы пайшоў ва ўціль»,
— кажа нам адзін з яго былых работнікаў.
У Лапіцкага таксама была роля ў гэтым вялікім забегу па фармаванні тэхзадання.

Ён таксама імкнуўся ўтварыць свайго роду тандэм з адной расійскай кампаніяй — «Нетрыка», каб паўдзельнічаць у тэндары. Лічыцца, што са спрыяння Лапіцкага ў РНПЦ МТ на пасаду намесніка кіраўніка праекта быў уладкаваны намеснік Лапіцкага ў НАН Віктар Алюшкевіч.

Сам Лапіцкі стаў пазаштатным супрацоўнікам РНПЦ МТ і, у сваю чаргу, таксама напісаў вялікую частку тэхзадання.
У выніку Лапіцкага падлавілі на тым, што ён вядзе двайную гульню і мае канфлікт інтарэсаў — сведкі прыпісваюць такую назіральнасць «партыі кадэбістаў». Рабяты, вы афіляваныя, сказалі яму. Вы, Лапіцкі, удзельнічалі ў фармаванні тэхзадання. А па факце вы звязаныя з «БелІнфаРашэннямі». Юрыдычна — не, але па факце звязаныя. А «БелІнфаРашэнні», у сваю чаргу, падаваліся на тэндар у звязцы з «Нетрыкай».
Лапіцкі ўпарта адмаўляўся сыходзіць з праекта, таму што лічыў усю гісторыю з інфарматызацыяй аховы здароўя ў Беларусі гісторыяй усяго свайго жыцця. Абвінавачванні ў канфлікце інтарэсаў ён адмаўляў, заяўляючы, што як бы там ні было, тэхзаданне павінен пісаць прафесіянал, а навязванне адной сістэмы — катастрофа.

Мы маем фрагменты яго лістоў у Мінздароўя, напісаных незадоўга да загадкавай смерці, з крытыкай таго, што адбываецца пры напісанні тэндара. Першым пунктам ён звяртаў увагу на кавардак з частай зменай кіраўнікоў праекта.
А таксама звяртае ўвагу на некампетэнтнасць тых, хто навязвае цэнтралізаваную мадэль.
І канстатуе фактычную забарону на развіццё, уведзеную з пачаткам тэндара. Намякае, што калі б не тэндар, то ён сам бы даўно ўжо ўсё зрабіў на пару з Ляўшынскім.
І крытыкуе ідэю стварэння, як ён піша, «монаМІС», са сваёй аргументацыяй.
Мы не ведаем дэталяў наступных падзей. Але ведаем, што незадоўга да смерці Лапіцкага звольнілі з РНПЦ МТ, ён страціў уплыў на працэсы, а ў АІПІ НАН і «БелІнфаРашэнні», якімі кіраваў яго партнёр па распрацоўках Леанід Ляўшынскі, Камітэт дзяржаўнага кантролю прыйшоў з праверкай.
Імаверна, у фінале яна вяла б да турэмнага тэрміну, паколькі значная частка ўкаранёных распрацовак праводзілася за дзяржаўныя сродкі.
«Тады мы звязвалі смерць Лапіцкага і Ляўшынскага з праверкамі. Галоўная прэтэнзія была ў тым, што яны працавалі адначасова і ў АІПІ і ў «БелІнфаРашэннях». Самі Лапіцкі з Ляўшынскім сядзелі ў адным кабінеце. Наколькі я разумею, гэта было зроблена для таго, каб грошы, якая дзяржава сама раней выдаткоўвала на электронныя сістэмы аховы здароўя, можна было праводзіць праз НАН. Прыватнікам даваць не хацелі, а тут як бы дзяржава дае сама сабе, а потым АІПІ наймае субпадрадчыка — «Белінфарашэнні», і маецца магчымасць вымаць іх з бюджэтнага замкнёнага кола. Наколькі я разумею, іначай працаваць было і немагчыма», — кажа былы работнік АІПІ.

Такім чынам, кампанію «Нетрыка», з якой супрацоўнічаў Лапіцкі, не дапусцілі да ўдзелу ў тэндары. Лапіцкі з калегам загадкава загінуў. Што канкрэтна з ім здарылася, дагэтуль невядома. Следчы камітэт ні ў 2020-м, ні ў 2021-м годзе не адказаў на запыты «Нашай Нівы» адносна вынікаў расследавання.

Сваякі загінулых пасля звароту журналістаў з просьбай пагаварыць пра апошнія тыдні жыцця мужчын спачатку ўзялі час на падумаць, а потым наадрэз адмовіліся і патрабавалі больш ніколі з гэтым пытаннем да іх не звяртацца.
Дык што ж адбылося?
Існуе некалькі версій наконт таго, што магло прывесці да смерці мужчын, усе яны шчыльна пераплеценыя з тэндарам Сусветнага банка. Суіцыд сярод іх — не самая верагодная. Што яшчэ магло адбыцца?
ВЕРСІЯ ПЕРШАЯ
Адна з версій — помста з боку расіян за нерэалізаваныя абяцанні і нядопуск да тэндара, пры, магчыма, выдаткаваных на лабіраванне сродках.
ВЕРСІЯ ДРУГАЯ
Іншая версія заключаецца ў жаданні асобнай групы беларускіх чыноўнікаў, якія падпісвалі паперы на размеркаванне вялікіх бюджэтных сродкаў для АІПІ НАН, схаваць сляды на фоне распачатай з падачы супрацоўнікаў КДБ праверкі.
Суіцыд на фоне жыццёвых і прафесійных праблем выглядае магчымым, але не вяжацца з абраным метадам сыходу з жыцця. У мужчын засталіся дзеці і сем'і.
Важна, каб тыя людзі, якія нешта ведаюць і прачытаюць гэты тэкст, выйшлі на сувязь і дапамаглі адказаць на гэтае пытанне. Для сувязі лепш выкарыстоўваць ананімны і абаронены тэлеграм-бот аўтара @Harbacevic_bot
Што ў выніку?
Лапіцкі і Ляўшынскі загінулі, кадэбісты сышлі з РНПЦ МТ, пакінуўшы крывое тэхзаданне, у краіне адбыліся гістарычныя падзеі 2020-га, кампаніі, якія столькі часу гублялі на ўдзел у гісторыі, у выніку вырашылі ўсё ж такі падацца на тэндар.

У канцы 2020-га ён нарэшце адбыўся, перамагла харвацкая дачка кампаніі «Эрыксан», падпісаўшы кантракт на 48,7 мільёна еўра.
Па ўмовах першаснай дамовы між Беларуссю і Банкам інфармацыйная сістэма павінна была быць распрацаваная да пачатку 2022. Ці нешта зроблена, спытаеце вы? Адказ — не.
Два мільёны долараў і тры гады страчаныя на напісанне 20 старонак канцэпцыі і пары соцень старонак тэндара, што ў цэлым не павінна столькі каштаваць. І яшчэ год ды, як кажуць, $8 мільёнаў — на апісанне кампаніяй-пераможцам таго, як яны збіраюцца выконваць заданне. Што канкрэтна кампанія «Эрыксан» зрабіла да гэтага моманту, невядома, ёсць факт: на дату здачы праграмы няма.
Былы куратар гэтай гісторыі ў беларускім аддзяленні Сусветнага банка сказаў, што больш на пасадзе не працуе і параіў звяртацца ў РНПЦ МТ. Са словаў бягучага кіраўніка праекта ў РНПЦ МТ, а таксама згодна з афіцыйнай інфармацыяй на сайце Банка, тэрмін рэалізацыі працягнуты да канца 2023 года.

Аднак Сусветны банк цяпер, у адказ на агрэсію ва Украіне, спыніў фінансаванне праектаў у Беларусі і Расіі.
І яшчэ адна цікавостка: у Казахстане цяпер судзяць былога экс-намесніка міністра аховы здароўя Елжана Біртанава.
Мясцовыя СМІ пішуць:
«Казахстанскія праваахоўныя органы падазраюць харвацкую кампанію Ericsson Nikola Tesla у махлярстве, перадае карэспандэнт BaigeNews.kz. […]». Нагадаем, харвацкая кампанія Ericsson Nikola Tesla з'яўляецца пастаўшчыком інтэграцыйнай платформы, якую замовіла Міністэрства аховы здароўя Казахстана для таго, каб аб'яднаць усю інфармацыю аб пацыентах, леках і медыцынскіх вырабах і стварыць так званы электронны пашпарт здароўя. Аднак інфармацыйная сістэма так і не запрацавала.

«Па словах пракурора, дасудовае расследаванне ўстанавіла, што ў 2015-м Мінздароўя заключыла кантракт з харвацкай фірмай Ericsson Nikola Tesla на пастаўку аўтаматызаванай інфасістэмы «Платформа інфарматызацыі і інтэраперабельнасці інфармацыйных сістэм аховы здароўя» за 17,8 мільёна долараў. Елжан Біртанаў дакладна ведаў пра непрацаздольнасць платформы, […] чым учыніў растрату грашовых сродкаў і шкоду дзяржаве […]».
У Казахстане, што праўда, патрацілі 17,8 мільёна долараў. А колькасць ужо патрачаных на праект сродкаў у Беларусі невядомая і звесткі пра гэта грунтуюцца толькі на інфармацыі крыніц. Сусветны банк з 2020-га не публікуе адкрытай справаздачнасці па гэтым праекце, а ў РНПЦ МТ называць безвынікова патрачаныя сумы адмовіліся.
Над матэрыялам працавалі:
Арцём Гарбацэвіч
Намеснік галоўнага рэдактара Nashaniva.com
Telegram: @harbatsevich
Для сувязі: @Harbacevic_bot
Дана Мігунова
Ілюстратарка
Instagram: @danko_m_gallery
Перадрук магчымы пры ўмове спасылкі на Nashaniva.com.
© 2022 Усе правы абароненыя
Nashaniva.com