Знайсці
23.05.2022 / 18:28РусŁacБел

Ібрагімавіч п'е шампанскае на полі, Мбапэ зарабляе 130 мільёнаў за згоду застацца ў Парыжы, а Левандоўскі кідае «Баварыю». Чым запомніўся фінальны ўік-энд у топавых еўрапейскіх лігах?

Тры галы за пяць хвілін зрабілі «Сіці» чэмпіёнамі АПЛ, 40-гадовы Ібграгімавіч здабыў «скудэта» для «Мілана», «Баварыя» займела чарговае золата Бундэслігі, аднак страціла Левандоўскага. «Наша Ніва» распавядае пра фініш еўрапейскага футбольнага сезона.

Пепа Гвардыёла стаў першым небрытанскім трэнерам, які чатыры разы трыўмфаваў у АПЛ. Фота: bestcarsbrands.com

Англія

Перад апошнім турам усяго адзін бал аддзяляў лідара АПЛ, «Манчэстэр Сіці», ад галоўнага канкурэнта, «Ліверпуля». У суперніках манкуніянцаў значылася сціплая «Астан Віла» — і эксперты чакалі, што самы дарагі склад свету легка знойдзе ў сваіх шыхтах галеадора, каб замацаваць перавагу. Аднак за 20 хвілін да заканчэння сустрэчы фаварыт «палаў» 0:2 і рызыкаваў застацца ні з чым, бо паралельна «Ліверпуль» рабіў ўсё, каб скарыць «Вулверхэмптан».

Гранда ўратавала серыя замен, з якіх асабліва вылучым актвізацыю Ілкая Гюндагана. Яго актыўнасць дапамагла «Сіці» адзначыцца тройчы (!) цягам пяці хвілін ды ўратавацца ў сітуацыі, што выглядала безвыходнай. «Камбэк» дапамог «Манчэстэру» не толькі абараніць статус наймацнейшага ў краіне, але і зрабіць настаўніка Пепа Гвардыёлу першым небрытанскім трэнерам, які чатыры разы трыумфаваў у АПЛ.

Што да «Ліверпуля», то вікторыя 3:1 нічога ў яго срэбраным становішчы не змяніла. Хіба што пацешыла самалюбства: выніковыя 92 пункты — фантастычны вынік для сучаснага ўзроўню канкурэнцыі ў Англіі. Кампенсаваць жа негатыў ад няўдачы ў АПЛ «чырвоныя» змогуць ужо на тыдні, калі ў фінале Лігі чэмпіёнаў паспрачаюцца за самы прэстыжны міжнародны трафей для еўрапейскіх клубаў.

Германія

Будзённае чэмпіёнства «Баварыі» азмрочыў разрыў адносін з калектывам Роберта Левандоўскага. Найлепшы форвард свету ў свае 33 так і не стаў валадаром «Залатога мяча». Дый новага кантракта з паляпшэннем фінансавых умоў ад мюнхенцаў не дачакаў. Таму адразу пасля трыумфу ў Бундэслізе паляк запатрабаваў трансфер — цікавасць да яго асобы з боку каталонскай «Барселоны» даўно вядомая на ўвесь свет.

Клубныя босы пакуль марудзяць, бо знайсці замену топ-майстру складана. Ды і грошай немцы плануюць атрымаць больш, чым 35 млн еўра. На іх баку год па кантракце, які Левандоўскі яшчэ павінен адпрацаваць. Аднак ці можна прымусіць Роберта выкладацца на сто адсоткаў, калі ён згубіць імпэт да працы? Ды і як потым «Баварыі» жыць з плямай прыгону на іміджы, што абавязкова сапсуе бездакорную рэпутацыю клуба? Ад адказаў на гэтае пытанне напрамкі залежыць эфектыўнасць «рэкордмайстра», а таксама атмасфера ў распранальні наступным сезонам.

Цікава, што летам згубіць зорнага форварда і асноўны канкурэнт Мюнхена. Дортмундская «Барусія», якая фінішавала другой, за 75 млн еўра адпусціла ў «Манчэстэр Сіці» вундэркінда-галеадора Эрлінга Холанда. Тым самым не толькі сур'ёзна скараціла ўласны атакуючы патэнцыял, але і знізіла візуальную прывабнасць Бундэслігі як першынства. Бо менавіта на такіх геніях, як Левандоўскі ды Холанд, шмат у чым трымаліся ТБ-рэйтынгі турніраў.

Францыя

Тое, што «Пары Сэн-Жэрмэн» традыцыйна перамагае ў чэмпіянаце, успрымаецца як аксіёма з часоў, калі клуб набылі інвестары з Катару. А вось перападпісанне Кіліяна Мбапэ — гэта ўжо сапраўдны доказ пераўтварэння «меха з грашыма» ў суперклуб. Паляванне на форварда цэлы год веў сам мадрыдскі «Рэал», які статусам брэнда, гісторыяй поспехаў ды фінансавымі прапановамі звычайна біў усе казыры канкурэнтаў ў трансферных спрэчках. Аднак найлепшы малады форвард свету стэрэатып зламаў, адмовіўшы іспанцам.

Хтосьці скажа, што Мбапэ элементарна прадаўся, бо заробак 50 млн еўра ў год плюс 130 млн у якасці бонусаў пераважыў усе кар'ерныя выклікі кшталту спробы сябе ў замежным першынстве. Аднак Кіліян разам з ганарарам узяў на сябе абавязак ператварыцца ў флагмана праекта ды прывесці каманду да перамогі ў Лізе чэмпіёнаў. І гэта місія, якую яшчэ ніхто і ніколі ў Лізе адзін не выконваў. Таму поспех Мбапэ, што разам з кантрактам прыдбаў права нават склад ПСЖ фарміраваць, будзе азначаць пачатак зусім новай эры ў гісторыі сусветнага футбола.

Італія

Цягам 11 сезонаў «Мілан» не мог заваяваць «скудэта» — і ў гэтым годзе асноўным прэтэндэнтам на тытул не называўся. Аднак Златан Ібрагімавіч у чарговы раз выкрасліў слова «немагчыма» з футбольных вакабуляраў. У свае 40 год форвард цягам чэмпіянату адзначыўся восем разоў ды зрабіў тры выніковыя перадачы, чым дапамог «чырвона-чорным» апярэдзіць і «Ювентус», і «Інтэр», і «Рому» з «Напалі».

На ўзнагароджанне легендарны швед выйшаў з бутэлькай шампанскага ды сігарай, бо мог сабе такое дазволіць — залаты медаль стаў 12-м (!) у яго прафесійнай кар'еры пры агульных 32 трафеях.

Для параўнання: галоўны трэнер «Мілана» Стэфана П'ёлі, нягледзячы на 23 сезоны прафесійнага кіравання клубамі, упершыню дамогся нейкай вартай увагі ўзнагароды. І таму не вельмі добра ведаў, як з медалем абыходзіцца — падчас святкавання чэмпіёнства залатую блямбу нехта скраў. Кіраўніцтва лігі, праўда, паабяцала хуценька зрабіць копію ды паўторна павесіць яе на шыю трыумфатару.

Аднак трэнеру трэба карэктаваць паводзіны — менавіта з яго новая генерацыя гульцоў бярэ прыклад. А юных футбалістаў у складзе «росанэры» больш чым дастаткова. Клуб стаў самым маладым чэмпіёнам Італіі з 1994 года — сярэдні век выканаўцаў склаў 26 гадоў.

Іспанія

Карла Анчэлоці ў першы год пасля вяртання да руля «Рэала» адразу вывеў падначаленых у чэмпіёны. Да таго ж сам канчаткова ператварыўся ў чалавека-легенду: ніхто раней усе пяць топавых еўрапейскіх першынстваў не скараў. Італьянец замкнуў кола — і плануе упрыгожыць яго залатым нанясеннем за кошт трыумфу ў Лізе чэмпіёнаў на тыдні.

Запомнілася і «Барселона», хай сабе фінішавала толькі другой. Хаві Эрнандэс, прызначаны галоўным трэнерам па зіме, не проста ўзняў каталонцаў з таблічных глыбінь (звольнены Рональд Куман пакінуў калектыў на дзявятай пазіцыі), але і прышчапіў ім прывабны камбінацыйны стыль. З улікам фінансавых праблем і дысбалансу ў складзе «блаўграна» скакнула вышэй за галаву.

А вось «Атлетыка» расчараваў. Каманда Дыега Сімеонэ бязвольна развіталася з Лігай чэмпіёнаў, не вытрымала тэмп «Рэала» па наборы пунктаў у Ла Лізе ды праваліліся у Кубку. Як вынік, самы дарагі трэнер кантыненту нават лакальнымі поспехамі пахваліцца не можа. Аднак крэдыту даверу аргенцінец не згубіў, а таму паспрабуе ў новым сезоне вярнуць Мадрыду веліч, да якой сам фанаў і прывучыў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
9
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930