Знайсці
22.05.2022 / 11:41

«Баімся выйсці наверх». Гісторыі тых, хто да гэтага часу хаваецца ў Харкаўскім метро

Пасля таго, як украінская армія адагнала расіян ад Харкава, па горадзе радзей працуе артылерыя. На пачатку тыдня ў Харкаве запусцілі наземны транспарт. Наступным крокам павінна стаць метро. Менавіта там ад бамбардзіровак і абстрэлаў хавалася вялікая колькасць гараджан і жыхароў вобласці, піша BBC News Украіна.

На пачатку тыдня Харкаўскі гарадскі галава Ігар Церахаў паведаміў аб аднаўленні працы метро.

«У нас былі некаторыя асцярогі, мы абследавалі ўчасткі, якія падвяргаліся абстрэлам. Сёння ёсць выснова, што яны прыдатныя для руху», — паведаміў Церахаў. Метро павінна пачаць рух ужо 24 мая.

«Транспарт — гэта вельмі важна. Бо, калі працуе транспарт, працуе эканоміка. Людзі могуць даязджаць да працы. Пачынае працаваць бізнэс».

З пачатку вайны падземка служыла сховішчам для тысяч людзей. Гэта самае бяспечнае месца, сцвярджаў Церахаў. І пасля запуску наземнага грамадскага транспарту людзям у метро паведамілі аб неабходнасці пераезду.

Людзей пераселяць у інтэрнаты. Гарадскі галава паабяцаў —размешчаныя яны будуць у найбольш бяспечных раёнах. Людзей будуць карміць, дапамагаць з лекамі.

«Таксама мы падрыхтуем сховішча, куды вы зможаце спускацца падчас паветранай трывогі», — паабяцаў Ігар Церахаў, размаўляючы з людзьмі на адной са станцый метро.

Але многія людзі да гэтага часу баяцца падымацца з падземкі.

«Надзеі няма»

Станцыя метро «Герояў працы» на Салтаўцы (гэта найбольш небяспечны раён горада, тут і цяпер можна чуць гукі кананады) з пачатку вайны была ледзь ці не самая населеная. Цяпер імправізаваныя ложкі таксама стаяць ад самага пераходу, але ўжо ў вестыбюлі людзей няшмат.

Частка тых, хто тут хаваўся, ужо з'ехала. Тыя ж, хто застаўся, маюць разгублены выгляд.

На прыступках асобна ад усіх сядзіць жанчына, быццам тут няма ёй месца. І ледзь стрымлівае слёзы. Яе завуць Алена, яна жыве ў гэтым жа раёне.

«У сакавіку ўляцела ракета, прыступкі склаліся — і ўсё… Мы не можам зайсці. Мы жылі і ў падвале, і ў метро, і ў знаёмых. І з чамаданамі вось ходзім. І няма ніякай надзеі», — скрозь слёзы тлумачыць жанчына.

У падземку Алена з мужам, дачкой і катом прыходзяць начаваць. Жанчына кажа, тут цішэй. Рэчы мыюць і самі мыюцца ў знаёмых. харкаўчанка вельмі спадзяваецца на прапанову ад гарадскіх уладаў — бясплатнае часовае жыллё.

Лорд знайшоўся

Уздоўж усёй платформы — імправізаваныя ложкі. Пад ногі часам трапляе кардон. Тут нават ёсць палатка. Людзі спяць, шпацыруюць або разглядваюць нешта ў смартфонах.

А вось кот на ланцужку. Хатні, дагледжаны з вочкамі-сподкамі. Ён ідзе на рукі да любога, хто падыходзіць. Спрабуе залезці і схавацца. Нястрымна мяўкае.

Яго гаспадар Зміцер кажа, што кот адыходзіць ад вольнага жыцця бяздомных жывёл. Чатыры дні гуляў па тунэлях метро. Ката клічуць Лорд, хоць на яго ён сёння не вельмі падобны.

Разам са сваімі гаспадарамі ён жыў у вагончыку метро ў тунэльным тупіку. Чатыры дні таму ўсіх, хто жыў у вагонах метро, перасялілі на платформу. А Лорд падчас пераезду згубіўся.

Жыў у суцэльнай цемры, здабываючы ежу ў смеццевых пакетах9. Іх разадранымі знайшла пошукавая група, сфармаваная з рабочых метрапалітэна і гаспадароў ката. І толькі цяпер яго знайшлі.

Зміцер кажа, у падземцы яны з сакавіка. Спусціліся сюды пасля аднаго з абстрэлаў. Іх кватэру пашкодзіла выбуховай хваляй.

«У нас дзверы вынесла. Там кавалкі бетону ляцелі над галавой. Мы тады дома былі, дзве хвалі было. Пабеглі ў падвал, бо бегчы адразу (у метро. — Рэд.) было немагчыма, а з падвала — сюды», — дома лепш, але тут бяспечней, рэзюмуе мужчына.

«Лорд! Ты знайшоўся!» — да ката кідаецца бялявая жанчына. Яна плача і абдымае мурзатую знаходку.

Таццяна — суседка Дзмітрыя па вагончыку на працягу апошніх месяцаў. Лорд часта прыходзіў да яе спаць. Кватэра Таццяны таксама на Салтаўцы, на 14-м паверсе. З 26 лютага жанчына з сям'ёй ужо была ў падземцы. З тых часоў дадому вярталася толькі двойчы.

«Вокны ўсе павыляталі. Былі ўдарныя хвалі. Ліфт упаў, — распавядае Таццяна. — Цяпер прапануюць сысці адсюль, вызваліць метрапалітэн, ды вельмі страшна туды ісці, я не змагу там жыць. Гэта самае бяспечнае бамбасховішча для нас. Усё, што размешчана на паверхні, вельмі страшна. У людзей ужо расхістаная нервовая сістэма. Яны не могуць проста так пайсці дадому».

«Страляюць, а тут бяспечна»

На станцыі метро «Герояў працы» яшчэ засталося некалькі сотняў чалавек. Сотня з іх знаходзіліся там пастаянна, іншыя прыходзяць начаваць.

Баючыся, што іх выштурхаюць на вуліцу або пераселяць у небяспечны раён, часовыя жыхары метро нават сабралі подпісы пад зваротам. Просяць пакінуць іх тут, на станцыі, пакуль будзе бяспечна.

«Будуць рассяляць па інтэрнатах. Але што той інтэрнат. Усё ж страляюць. Тут-та бяспечней!» — кажа Любоў Перасічанская.

Побач з ёй сядзіць кот па мянушцы Ціхан.

За два месяцы ён паспеў стаць улюбёнцам фатографаў. І не дзіўна, бо міміка ў Ціхана не горшая, чым у харкаўскага ката Сцяпана. Пагарда да двухногіх у яго напісаная на пысе.

Спачатку Ціхан нават пазіраваў для фатаграфій, кажа спадарыня. А сёння надакучыла, можа і ўкусіць, калі што не падабаецца. А яшчэ Ціхан «строіць» мясцовых сабак.

Але больш за ўсё, кажа яго ўладальніца, Ціхан хоча дадому. Але ў той раён Салтаўкі не пускаюць ваенныя. Занадта небяспечна. Таму прыйдзецца паспрабаваць жыць у інтэрнаце.

З трох тысяч на станцыі ў інтэрнат перасяліліся 33 чалавекі

Ахайны пяціпавярховік. Гэты інтэрнат у адным з раёнаў Харкава цяпер без студэнтаў. На 4-м паверсе тут рассялілі людзей з метрапалітэна. Займаюцца гэтым прадстаўнікі адміністрацыі Слабадскога раёна.

На іх тэрыторыі — тры станцыі метро, дзе хаваліся больш за тры тысячы чалавек. Каб іх рассяліць, у адміністрацыі падрыхтавалі тры інтэрнаты. Гатовыя былі прыняць каля дзвюх тысяч. Але пакуль засялілі 33 чалавекі.

Куды падзеліся іншыя людзі? Прадстаўніца раённай адміністрацыі Святлана Грышчанка кажа — разышліся па дамах. Некалькіх чалавек, па іх просьбе, адправілі ў Польшчу і Заходнюю Украіну, каб тыя ўз'ядналіся з сем'ямі.

«Тут ніякіх крытэрыяў не было. Мы прапанавалі ўсім, хто баіцца, вяртацца або каму няма куды. У нас вельмі шмат людзей з Харкаўскай вобласці, і яны не могуць туды цяпер вярнуцца», — тлумачыць Святлана Грышчанка.

Жыллё бясплатнае, спачатку людзям паведамілі, што знаходзіцца там можна да 1 жніўня. Цяпер, кажа Грышчанка, тэрмін працягнулі да канца ваеннага становішча.

Жанчына праводзіць невялікую экскурсію па памяшканнях. Тут ёсць кухня, можна гатаваць. На абед сёння — гарачы боршч, яго прывозіць раённая адміністрацыя разам з прадуктовымі наборамі. Тут хлеб, кансервы і салодкае.

Трэба аднаўляць горад

Іван Турдай пераехаць у інтэрнат вырашыў, таму што не мае, дзе жыць.

Ён з Першамайскага раёна, і доўгі час з жонкай жыў у Харкаве, працаваў на будоўлі. У роднай вёсцы — невялікая хатка, яе хіба можна лічыць за дачу, усміхаецца Іван. А ў Харкаве — толькі арэндаванае жыллё. У метро хаваўся з першых дзён вайны.

«Там на лаве, а то і на падлозе бывала (начаваў. — Рэд.). Холадна, некамфортна, але ўсё роўна там людзі жылі, і стаўленне было добрае», — успамінае Іван.

У інтэрнаце трохі паспеў адаспацца. Але доўга сядзець без справы не хоча. Плануе шукаць працу. Хоча адбудоўваць Харкаў. А яшчэ чакае вяртання жонкі, яна жыла ў Дняпры. Ужо забраніраваў ёй месца ў інтэрнаце.

«Мы не верылі, што будзе вайна»

«Страх сядзіць унутры. Нічога не зробіш», — распавядае Ларыса Несцярэнка. Два дні яна ўжо ў інтэрнаце, але да гэтага часу не можа прывыкнуць.

«Мы ніколі не думалі, што будзе вайна. Мы не верылі, мы з Расіяй былі браты. У мяне родныя ёсць там», — дзеліцца Ларыса. На пытанне, ці так яно цяпер, круціць галавой — не, адназначна.

«У мяне была трохпакаёвая кватэра, у мяне ў кватэры было ўсё, мы нічога не ўзялі адтуль», — кажа Ларыса. З мірнага жыцця ў яе застаўся цёплы спартыўны касцюм, у ім і ўцякала ў метро.

У Ларысы ёсць фатаграфія з родным домам на Паўночнай Салтаўцы, дакладней тым, што ад яго засталося. Пагарэлы шматпавярховік.

«Мой — шосты паверх, пагарэлі зала і кухня. Думаю, там унутры таксама ўсё пагарэла», — разважае Ларыса.

У інтэрнат яна пераехала разам з сям'ёй — дачкой і ўнукам. А яшчэ часам прыязджае зяць, ён цяпер на перадавой, ваюе.

У пакоі светла і чыста, ёсць дзе памыцца, паесці. Але Ларыса больш за ўсё хоча дадому:

«Калі не будуць зносіць наш дом, таму што ён у вельмі дрэнным стане, вядома, я б вярнулася ў сваю кватэру».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
9
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31