Знайсці
23.05.2022 / 16:09РусŁacБел

«У маім асяроддзі шмат людзей, у якіх элементарна няма сэксу месяцамі, а то і гадамі»

Чытач «Нашай Нівы» дзеліцца назіраннямі: у многіх яго знаёмых не складваюцца інтымныя адносіны. 

«У маім асяроддзі шмат людзей абодвух палоў (30 і старэйшыя), у якіх элементарна няма сэксу месяцамі, а то і гадамі. Не кажучы ўжо пра паўнавартасныя адносіны. Прычыны банальныя — цяжкасці ў камунікацыі, негатыўны вопыт у сем’ях з бацькамі», — дзеліцца чытач «Нашай Нівы».

Ён расказвае гісторыі сваіх знаёмых. Адзін прыяцель скардзіцца, што жанчынам патрэбныя толькі багацеі. Таму дзяўчыну да сябе ён кліча толькі тады, калі ёсць грошы — раз на месяц.

У іншага шлюб распаўся праз фінансавую нестабільнасць. Жонка зарабляла ў два разы больш. І з новай дзяўчынай адносіны не склаліся, бо яна больш зарабляла. 

Яшчэ ў аднаго не складваецца з аднагодкамі. Таму сэкс у яго звычайна з жанчынамі нашмат старэйшымі — ад 50 да 60 год. І не так часта, як хацелася б. Летась ён пачаў хадзіць да псіхатэрапеўта і піць антыдэпрэсанты. 

«Ад мужчын патрабуюць усё менш спантаннасці»

Чаму ў многіх мужчын не складваюцца інтымныя адносіны? Беларускі псіхатэрапеўт і сэксолаг (па просьбе спецыяліста, яго імя не ўказваецца) называе некалькі прычын. Адна з іх — новыя запыты грамадства. 

«Соцыум патрабуе ад мужчын навыкаў, якія не характэрныя для гэтага гендару. Напрыклад, рабіць упор у бок развіцця інтэлектуальных рэсурсаў, шматвектарнага мыслення і ўсё менш спантаннасці, момантаў, звязаных з эмацыйнай актыўнасцю. За кошт гэтага, вядома, мужчыну шмат у чым даводзіцца стрымліваць свае парывы, ​​і з-за гэтага церпіць доля сэксуальнай актыўнасці.

Як вынік: у мужчын развіваецца шмат складаных неўратычных праблем. Асабліва тут «працуюць» трывожнасці, фобіі, сацыяльныя страхі. Такія псіхалагічныя складанасці цягнуць за сабой праблемы ў сэксуальнай камунікацыі», — дзеліцца назіраннямі спецыяліст.

Сэксуальнае жыццё шчыльна завязанае з эмацыйным станам. Калі чалавек у стрэсе, прыгнечаны, гэта не спрыяе таму, каб пачынаць адносіны.

Перашкодай становіцца таксама невысокі ўзровень культуры камунікацыі.

«Людзі банальна не ўмеюць размаўляць адно з адным, слухаць, вытрымліваць паўзы, даносіць свае перажыванні», — заўважае псіхатэрапеўт. 

Па яго словах, адсутнасць сэксу з партнёрам доўгі час — не адхіленне ад нормы. 

«Гэта цалкам можа ўкладвацца ў партнёрскую форму. Мастурбацыя, у нейкім плане, з'яўляецца таксама сэксам. А ёй большасць людзей займаецца як падчас адсутнасці ў жыцці партнёра, так і пры яго прысутнасці. Калі мужчына і жанчына дастаткова доўга знаходзяцца без сэксуальных адносін, але пры гэтым працягваюць сэксуальную актыўнасць, звязаную з самазадавальненнем, то ніякіх праблем тут няма.

Калі ўсё ж такі чалавек адмаўляецца па якіх-небудзь прычынах ад сэксуальнай актыўнасці, то тады, вядома, гэта адбіваецца на арганізме і на псіхалагічным стане. Напрыклад, могуць мяняцца гармоны, эмацыйны стан.

Калі сэксуальная актыўнасць невысокая, то ў арганізме тыя сістэмы і механізмы, якія адказваюць за гэта, будуць незапатрабаваныя. Арганізм будзе іх абясточваць і, каб вярнуць сэксуальную цягу, якаснае ўзбуджэнне, трэба будзе прыкладваць шмат намаганняў.

Плюс гэта залежыць ад узросту, сэксуальнага тэмпераменту, асаблівасцяў асобы», — тлумачыць суразмоўца.

«Жанчынам нават спакайней, калі яны зарабляюць на ўзроўні мужчыны»

Калі мужчыну не задавальняе, што жанчына хоча бачыць побач з сабой толькі заможнага спадарожніка, то ці не варта пашукаць іншую, разважае спецыяліст.

«Ёсць людзі з рознымі каштоўнасцямі, выхаваннем. У тым ліку і тыя, якія гатовыя выкарыстоўваць сэксуальнасць і сэкс як інструмент адносін, якімі можна карыстацца ў рамках дамоўленасцяў і маніпуляваць».

З іншага боку, побач з жанчынай, якая зарабляе больш, мужчына можа адчуваць сябе некамфортна праз сацыяльныя стэрэатыпы. Хаця многім жанчынам нават спакайней, калі яны зарабляюць на ўзроўні мужчыны. Тады з'яўляецца свабода, магчымасць існаваць не ў межах фінансавай залежнасці, а ў нармальных адносінах.

«Але ці гатовы мужчына зарабляць больш, калі ў гэтым будзе неабходнасць? Таму што жанчына, як ні круці, калі зачынае дзіця, траціць шмат рэсурсаў, а ў мужчыны яны ідуць на самаразвіццё, працоўную дзейнасць. І гіпатэтычна мужчына можа пайсці на ўзровень вышэй і палепшыць узровень даходаў. Думаю, што перажываць яму, што ён зарабляе менш за жанчыну, даволі неразумна. 

Тут пытанне матывацыі і ўзроўню жыцця. Усе мы з сем'яў з розным матэрыяльным дастаткам, да якога прывыкаем і потым падтрымліваем у жыцці, але гэта не азначае, што калі будзе неабходнасць, мы не зможам яго павысіць». 

Сэкс — не толькі доля маладых, звяртае ўвагу наш суразмоўца на яшчэ адзін стэрэатып.

«На жаль, у нашай краіне і краінах блізкага замежжа зноў-такі з прычыны нізкага ўзроўню клопату пра сэксуальнае здароўе людзі пачынаюць здаваць пазіцыі раней, чым гэта прадугледжвае прырода.

Ідэя таго, што ў цэлым, калі мы падтрымліваем якасць сэксуальнага жыцця да 50 гадоў, то далей пажынаем той назапашаны досвед, які ёсць. Калі няма сур'ёзных праблем са здароўем, сэксуальнае жыццё не моцна мяняецца і цалкам адэкватна дазваляе рэалізоўваць сэксуальныя функцыі і падтрымліваць якасць узаемаадносін. Для гэтага трэба клапаціцца пра здароўе і валодаць мінімальнымі ведамі пра тое, як працуе арганізм», — раіць спецыяліст.

Чытайце таксама: 

У Беларусі антырэкорд нараджальнасці. Спыталі ў маладых людзей, чаму яны не гатовыя да дзяцей

Ці сапраўды для здароўя карысна праходзіць 10 тысяч крокаў штодзень? Не, толькі 7500

Ці дастаткова менш есці, каб пахудзець? Усё не так проста

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031