Знайсці
22.05.2022 / 13:03РусŁacБел

Ад 29 тысяч даляраў. Як выглядаюць і колькі каштуюць самыя танныя кватэры Мінска

«Наша Ніва» ўжо рабіла агляд самых дарагіх кватэр у Мінску і абласных цэнтрах. Гэтым разам мы вывучылі самыя танныя прапановы сталіцы.

Кватэра без прапіскі

Самая танная кватэра ў Мінску выстаўлена на продаж за 29 тысяч даляраў. Столькі просяць за аднапакаёўку агульнай плошчай 16 м². Яна месціцца на першым паверсе 9-павярховіка 1974 года пабудовы па адрасе Ангарская, 20.

Нягледзячы на тое, што гэта самая танная прапанова, кватэра не падобная да тыповага «бабушатніка», дзе рамонт апошні раз рабілі ў андропаўскія часы. 

«Прадаецца памяшканне з выдатным рамонтам, мэбляй і бытавой тэхнікай. Фота адпавядае рэальнасці», — гаворыцца ў апісанні. 

Кватэра адразу гатовая для жыцця, але без нюансаў тут не абышлося. З юрыдычнага пункту гледжання гэта не кватэра, а адміністрацыйнае памяшканне. Таму жыць у ёй, як у звычайный кватэры можна, а прапісацца — не.

«Сучасная плітка ў санвузле»

Самая танная з кватэр, дзе можна атрымаць сталічную прапіску, прадаецца за 32 000 $. Але, у адрозненне ад папярэдняга варыянта, жыць тут адразу немагчыма. Таму першапачаткова давядзецца радавацца толькі прапісцы па адрасе вуліца Перадавая, 5.

Агульная плошча складае 21,1 м², жылая — 11,9 м², плошча кухні — 5 м². Кватэра месціцца на трэцім паверсе пяціпавярховага дома. 

«Аднапакаёвая кватэра пад рамонт. У санвузле сучасная плітка», — апісвае прадавец.

Цэгла — даўгавечны матэрыял

За 32 900 даляраў у Мінску прадаецца кватэра з асобнай кухняй, кладоўкай і балконам. Агульная плошча 20,7 м², жылая — 11,3.

Хоць прадавец і не загрузіў фоты кватэры, затое не паскупіўся на апісанне пераваг, якія дае цэгла. 

«Цэгла — даўгавечны матэрыял, які мае выдатную гука— і цеплаізаляцыю, што дазволіць вам жыць у цішыні і спакоі многія гады», — так гаспадар рэкламуе дом 1971 года пабудовы на Масюкоўшчыне.

Кватэра з «нармальным рамонтам»

У 33 900 даляраў ацанілі аднапакаёўку агульнай плошчай 32,1 м² (жылая плошча — 18,2 м²). Кватэра месціцца на апошнім паверсе 5-павярховіка 1970 года пабудовы. У 2020-м дом перажыў капітальны рамонт.

«Прасторны квадратны пакой. Кватэра з нармальным рамонтам, усталяваны драўляныя шклопакеты, на падлозе ламінат», — сказана ў апісанні. Шкада толькі, што ацаніць, што ў разуменні прадаўца з'яўляецца «нармальным рамонтам», немагчыма. З фота — толькі від дома звонку.

«Суседзі-пенсіянеры, вядуць здаровы лад жыцця»

На Курасоўшчыне за 34 500 даляраў прадаецца двухпакаёвая кватэра ў старым драўляным доме. За гэтыя грошы вы атрымаеце не толькі частку дома, але яшчэ і прылеглы ўчастак памерам 4,5 соткі. 

«Дом у добрым стане. У кватэры газавае ацяпленне, туалет, ванна, электрапліта, склеп. Усе камунікацыі цэнтральныя. Кватэра ў двух узроўнях, з магчымасцю пашырэння жылой плошчы на другім узроўні. Балкон. Паўднёвы бок. Стаянка для машыны. Суседзі-пенсіянеры, вядуць здаровы лад жыцця», — пішацца ў аб'яве.

Інтэр'ер прыкладна такі, як у вясковых хатах, але калі вы не баіцеся прыкласці рукі і маеце грошы на рамонт, з дома можна зрабіць нешта годнае. Галоўнае — паспець скончыць рамонт да таго часу, як гэты раён прыватнай забудовы пойдзе пад знос.

«Камфортны мікраклімат у любую пару года»

На Фролікава, 25 прадаецца яшчэ адна кватэра ў бюджэце да 35 тысяч даляраў. Кватэра з агульнай плошчай 31 м² месціцца на чацвертым паверсе чатырохпавярховіка. 

У апісанні да гэтай кватэры шмат увагі надаецца цэгле, з якой пабудаваны дом. Прадавец называе яе адным з лепшых матэрыялаў для будаўніцтва, які забяспечыць вам камфортны мікраклімат у кватэры ў любы час года.

«Стан кватэры прадугледжвае рамонт у адпаведнасці з вашымі густамі», — гаворыцца ў апісанні.

Новым гаспадарам абяцаюць пакінуць усю неабходную бытавую тэхніку: халадзільнік, пральную машыну, газавую пліту і кухонную выцяжку.

Чытайце таксама: 

Колькі каштуюць і як выглядаюць самыя дарагія кватэры абласных цэнтраў? Інтэр'ер некаторых вас уразіць

Колькі каштуюць і як выглядаюць самыя дарагія кватэры Мінска

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера