Знайсці
22.05.2022 / 15:54РусŁacБел

Брытанскія дактары замянілі лекі ад бяссонніцы нечым лепшым

Амаль мільёну брытанцаў, што пакутуюць на бяссонніцу, замест снатворнага прапішуць мабільны дадатак. Такое рашэнне прыняла брытанская Нацыянальная служба аховы здароўя (NHS), яно будзе абавязваць усіх дактароў у краіне.

Фота: pixabay.com

Размова ідзе пра Sleepio — шасцітыднёвую праграму лічбавай тэрапіі, якую можна будзе прымяняць у якасці першачарговага метаду лекавання бяссонніцы.

Мяркуюць, што дадатак дапаможа пацыентам пазбыцца залежнасці ад снатворных, што выклікаюць прывыканне, напрыклад ад залпідэму і запіклону. Гэтыя лекі прымаюць каля паўмільёна брытанцаў, піша The Times.

Ужыванне дадатка ўхваліў Нацыянальны інстытут аховы здароўя і медыцынскай дапамогі (Брытанія), і эксперты лічаць, што новы сродак дапаможа 800 тысячам брытанцаў з бяссонніцай. Дзяржаве гэта будзе каштаваць крыху больш за 55 даляраў на пацыента, і клінічныя выпрабаванні паказваюць, што такім чынам брытанцы сэканомяць шмат грошай на наведванні доктара, ды і дадатак дапаможа ад бяссонніцы больш, чым таблеткі.

Праца з Sleepio уключае ў сябе шэсць штотыднёвых 20-хвілінных сесій кагнітыўнай паводзіннай тэрапіі бяссонніцы, якую праводзіць віртуальны доктар. Гэтая тэрапія ствараецца з улікам індывідуальных патрэбаў і з дапамогай штучнага інтэлекту, яна скіраваная на перамогу над асноўнымі прычынамі бяссонніцы — негатыўнымі думкамі і трывогай.

Sleepio просіць пацыентаў весці дзённік сну і дае парады пра тое, як спыніць бясконцыя думкі, што не даюць заснуць.

Ёсць у дадатку і парады па ладу жыцця, напрыклад, рэкамендацыя не засынаць з тэлефонам каля ложка.

Клінічнае выпрабаванне прадэманстравала, што 75% пацыентаў, якія прайшлі тэрапію праз дадатак, адчулі сябе лепей, і час, патрэбны ім для засынання, скараціўся ўдвая. Даследаванні таксама паказваюць, што кагнітыўная паводзінная тэрапія бяссонніцы змяншае на 30 хвілін час, які пацыенты праводзяць без сну, калі прачынаюцца сярод ночы.

Зараз рэкамендацыі па лячэнню бяссонніцы ў Брытаніі сцвярджаюць, што перш за ўсё пацыенту трэба прапанаваць рэкамендацыі па гігіене сну. Сярод іх, напрыклад, пажаданне абмежаваць ужыванне кафеіну і прытрымлівацца аднаго і таго ж рэжыму перад сном. Калі бяссонніца не праходзіць і прыносіць чалавеку шмат пакут, яму могуць прызначыць кароткі курс снатворнага на тэрмін да сямі дзён.

Як змагацца з храпам? Пяць спосабаў

Чаму кава часам робіць нас больш стомленымі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера