Знайсці
20.05.2022 / 15:08РусŁacБел

За айцішніцу, якая з'ехала ў Польшчу, павысілі камуналку яе бацькам

У кватэры, дзе жыла беларуская айцішніца, пасля яе ад'езду за мяжу паднялі камунальную плату. Пры гэтым сама дзяўчына не была ні ўласніцай ні наймальніцай — гэта кватэра яе бацькоў, піша dev.by.

«Я з'ехала з Беларусі ў сакавіку, будучы яшчэ супрацоўніцай мінскай кампаніі. Толькі 8 красавіка я звольнілася і стала працаваць у польскім офісе. А 16 мая бацькі атрымалі гэты ліст на маё імя», — расказвае дзяўчына.

У лісце гаварылася, што яна трапіла ў спіс працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, якія выехалі за межы Беларусі. Таму камунальныя паслугі ёй будуць налічваць па поўных тарыфах. Пры гэтым уласнікам кватэры з'яўляецца бацька дзяўчыны — пенсіянер. 

Калі дзяўчына патэлефанавала па нумары, указаным у апавяшчэнні, ёй сказалі, што з бацькоў будуць браць павышаную камуналку, бо яна прапісаная ў іх.

Згодна з пастановай Саўміна №166 ад 25 сакавіка 2022 года ў спіс «дармаедаў» сапраўды ўносяць тых, хто з'ехаў за мяжу больш чым на 30 дзён. Пры гэтым уладкаванымі на працу за мяжой лічацца толькі тыя, хто працуе ў краінах ЕАЭС — Расіі, Казахстане, Кыргызстане і Арменіі. 

Праўда, ад'езд за мяжу не робіць чалавека плацельшчыкам «камуналкі» аўтаматычна. Імі лічацца ўласнік памяшкання, наймальнік, арандатар, лізінгаатрымальнік і член арганізацыі забудоўшчыкаў.

Калі дзяўчына падрыхтавалася да гутаркі з чыноўнікамі і патэлефанавала яшчэ раз, ёй заявілі, што ва ўсім вінаваты Памежны камітэт. «Гэта яны дасылаюць спісы, а сакратар уносіць імёны ў рассылку па адрасах, як я разумею, не ўнікаючы, уласнік ты ці не. Але горш за ўсё, што гэтая рассылка потым ідзе ў разлікова-даведачны цэнтр, і калі там не правераць, што я не ўласнік — выставяць па поўнай», — дзеліцца яна падрабязнасцямі. 

Айцішніцы параілі ператэлефанаваць 30 мая, калі сакратар выйдзе з адпачынку, і яшчэ раз расказаць усё. 

«Але самы прыкол у тым, што я была ўключаная ў спісы незанятых яшчэ за сакавік, хоць звольнілася толькі 8 красавіка», — падкрэслівае дзяўчына.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера