Знайсці
20.05.2022 / 14:12РусŁacБел

Еўра каштуе амаль як даляр. Што адбываецца і як гэта адаб'ецца на нас?

Беларусы звыклі назіраць за курсам даляра, а цікавасць да еўра прачынаецца ў асноўным напярэдадні паездак у Еўрасаюз. Тым не менш у апошні час было за чым назіраць: еўра ўстойліва падаў і амаль прыйшоў да парытэту з далярам. Чаму гэта адбылося і што для нас значыць танны еўра, тлумачыць Onliner.

Чаму раптам загаварылі пра еўра?

У апошні год еўрапейская валюта патроху зніжалася да даляра і на днях наблізілася да парытэту з ім. Цяпер еўра вагаецца на ўзроўні 1,05 да даляра.

Падзея не экстраардынарная, паколькі за ўвесь час існавання еўра быў перыяд, калі ён таргаваўся ніжэй за даляр. Аднак цяпер гэтыя валюты могуць прыйсці да парытэту ўпершыню за 20 гадоў. Вось як выглядае рух еўра да даляра на графіку Bloomberg. 

Пасля запуску еўрапейскай валюты ў 1999 годзе яна некаторы час таргавалася ніжэй за даляр. У 2002-м еўра падняўся вышэй, паколькі яго міжнароднае выкарыстанне хутка пашыралася. На гістарычным піку ў сакавіку 2008 года еўра каштаваў прыкладна 1,58 даляра.

Падзенне было чаканым?

Не. Паводле ацэнак экспертаў, еўра ў 2022 годзе павінен быў умацоўвацца.

— Калі б мы паглядзелі прагнозы, якія рабілі эксперты ў канцы 2021 года, то ўбачылі б, што для курсу еўра яны былі аптымістычнымі. Як чакалася, пандэмія пойдзе на спад і гэта паскорыць ажыўленне эканомікі, у тым ліку еўрапейскай. У сувязі з гэтым меркавалі, што еўра будзе ўмацоўвацца, — тлумачыць эксперт даследчага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна.

Тады чаму еўра так патаннеў?

Перш за ўсё гэта звязана з вайной ва Украіне. З аднаго боку, ідзе разрыў гандлёвых ланцужкоў, з другога — баявыя дзеянні разгортваюцца ў непасрэднай блізкасці ад еўразоны, а не каля ЗША.

— Калі мы гаворым пра пару даляр‒еўра, то амерыканская эканоміка не адчувае такіх наступстваў, як еўрапейскі рэгіён, дзе разгарнуўся ваенны канфлікт. На еўрапейскую эканоміку ўплывае сітуацыя з пастаўкамі газу і нафты, а таксама іншых сыравінных тавараў. Газ ужо прыкметна падаражэў, а ад кошту энерганосьбітаў залежаць цэны на іншыя тавары, таму прагноз па інфляцыі ў еўразоне быў скарэктаваны ў бок павелічэння, — кажа Анастасія Лузгіна.

Яшчэ адной прычынай аслаблення еўра называюць розніцу ў грашова-крэдытнай палітыцы Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША і Еўрапейскага Цэнтрабанка.

ФРС двойчы павысіла стаўку ў 2022 годзе, каб змагацца з нарастаючай інфляцыяй.

Чакаецца, што ў найбліжэйшыя месяцы ўзмацненне жорсткасці манетарнай палітыкі ЗША працягнецца. ЕЦБ пакуль захоўвае стаўкі, хоць не выключана, што да пытання пра павышэнне вернецца на сваім наступным пасяджэнні.

ЗША робяць больш жорсткай грашова-крэдытную палітыку, і гэта прыцягвае інвестараў, кажа эксперт. Гэта значыць, адбываецца ператок капіталу з еўрапейскага і іншых рынкаў на амерыканскі, што спрыяе ўмацаванню амерыканскай валюты.

— Яшчэ адзін момант: парушыліся ланцужкі паставак з Кітая, бо ў асобных правінцыях у гэтым годзе зрабілі больш жорсткімі антыкавідныя меры, што адбіваецца на вытворчасці і знешнім гандлі з тым жа Еўрасаюзам.

І што далей?

Прагнозы вельмі розныя. Некаторыя аналітыкі лічаць, што еўра прыйдзе да парытэту з далярам і нават апусціцца ніжэй. Кіраўнік кампаніі па кіраванні інвестыцыямі Acadian Asset Management Кліфтан Хіл у каментарыі Bloomberg даваў негатыўны прагноз для еўра:

парытэт з далярам да лета і 0,85-0, 90 еўра за адзін даляр да канца гэтага года. Падставай для такога аслаблення еўрапейскай валюты ён называў газавае супрацьстаянне Расіі і ЕС.

Аднак есць і іншая кропка гледжання. Джордж Саравелас з Deutsche Bank сцвярджае, што курс даляра, у які ўсе кінуліся як у бяспечную гавань, неапраўдана высокі:

«Нашы прагнозы маюць на ўвазе, што суадносіны еўра—даляр вернуцца да 1,10, а не да парытэту ў найбліжэйшыя месяцы».

А што нам з таго?

— Тое, што мы назіраем, — гэта знешнія ваганні адной валюты да іншай. Каб зразумець, што адбываецца з беларускім рублём, трэба глядзець на кошык валют, а не на асобныя ваганні даляра і еўра, — тлумачыць Анастасія Лузгіна. — Сітуацыя з еўра — гэта не рэзкае аднамомантнае паніжэнне, еўра таннеў паступова. І цяпер рэзкіх зменаў не чакаецца, калі на знешніх рынках не адбудзецца ніякіх істотных перамен. У той жа час, калі чалавеку патрэбныя еўра для паездкі ў Еўропу, то купляць еўра, безумоўна, больш выгадна цяпер, чым год таму, калі еўрапейская валюта каштавала больш за тры рублі.

Ці варта ісці ў абменнік за танным еўра? Падобна на тое, што зарабіць на гэтым наўрад ці атрымаецца.

— Гэта не нейкі кароткатэрміновы трэнд: сёння еўра танны, а заўтра — дарагі. Рэзкага росту еўра ў адносінах да даляра ў найбліжэйшай перспектыве не чакаецца.

ЕЦБ будзе праводзіць грашова-крэдытную палітыку, накіраваную на стабілізацыю курса. Але пакуль не створана ўмоў, каб ён пачаў расці да даляра, і перш за ўсё гэта звязана з нявызначанасцю з нагоды ваеннага канфлікту ва Украіне і цэн на энергарэсурсы.

Аднак трэба ўлічваць, што беларускі рубель можа пачаць зніжэнне да еўра (і да даляра) пры аслабленні курсу расійскага рубля да замежных валют або пры пагаршэнні эканамічнага становішча ў краіне.

Даляр апусціўся ніжэй за 2,50 рубля

Даляр каштуе танней, чым да вайны. Як так?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера