Знайсці
21.05.2022 / 21:47

Адмова ад беларускасці, рымейк драмы 20-гадовай даўніны, эфектны «камбэк». Чым быў адметны фінал Кубка Беларусі па футболе

У суботу на сталічным стадыёне «Дынама» за другі па значнасці трафей рэспублікі спрачаліся барысаўскі БАТЭ ды футбольны клуб «Гомель». «Наша Ніва» распавядае пра найбольшыя цікавосткі вакол двубою.

Праз 20 гадоў БАТЭ ды «Гомель» наноў возьмуцца спрачацца за валоданне Кубкам краіны. Фота: fc_gomel / vk.com

Гэта ж не першая спрэчка каманд за Кубак?

Так, два дзесяцігоддзі таму БАТЭ і «Гомель» ужо сустракаліся ў фінале. На тую пару клубы ніколі так далёка па турнірнай сетцы не прасоўваліся, таму спрэчка за дэбютны трафей выдалася бескампрамісная: з велізарнай колькасцю небяспечных момантаў, пападаннямі ў бэлькі ды двума галамі — адзначыліся палешукі Барэль ды Карсакоў.

Пасля ж двубою яшчэ некалькі тыдняў палала полымя судзейскага скандалу, бо бос барысаўчан Анатоль Капскі абвінаваціў брыгаду Вадзіма Жука, самага дасканалага рэферы краіны, у некампетэнтнасці. Аднак скаргі ў судзейскі камітэт сітуацыю не змянілі: трактоўку эпізодаў з адмовай БАТЭ ў прызначэнні пары пенальці экспертная камісія прызнала слушнай. Як і астатнія памежныя рашэнні «людзей у шэрым». А каб усё ж такі знізіць градус напружання вакол сітуацыі галоўнага арбітра дыскваліфікавалі на некалькі месяцаў.

«Гомель» і зараз мог здзівіць?

Безумоўна. Бо гістарычна калектыў з берагоў Сажа, бадай, самы нязручны для барысаўчан. Чатыры разы сцежкі каманд перакрыжоўваліся ў кубкавым фармаце — і нязменна перавага заставалася за футбалістамі з абласнога цэнтру. Хай сабе па колькасці трафеяў «Гомель» саступаў БАТЭ (два супраць пяці), аднак у гэтым сезоне ён ужо даказаў, што здольны скараць самых крутых апанентаў.

У 1/8-й фіналу падначаленыя Уладзіміра Нявінскага выбілі з турніру чэмпіёнаў краіны, салігорскі «Шахцёр», а на наступнай стадыі расправіліся з бронзавым прызёрам, мінскім «Дынама». Вікторыя над БАТЭ не толькі дакіне яшчэ адзін прыз у скарбонку дружыны, але і дапаможа сабраць кубкавы «роял флэш» з грандаў.

Аднак БАТЭ перад фіналам «валіў» нармальна?

Нават больш, чым можна было чакаць!

Пасля васьмі тураў у Вышэйшай лізе барысаўчане ўпэўнена ўзначальвалі табліцу і мелі ў пасіве ўсяго чатыры прапушчаныя галы — гэта лепшая абарона краіны! Да таго ж «жоўта-блакітныя» заставаліся адзінымі ў рэспубліцы, хто не цярпеў параз на вясеннім адрэзку першынства.

Для параўнання, «Гомель» толькі дзясяты пры ажно чатырох правалах і адмоўнай (10:11) розніцы забітых ды прапушчаных мячоў.

Увогуле барысаўчане толькі аднойчы ў 2022-м сутыкаліся з сапраўднымі футбольнымі праблемамі. Гасцявую гульню паўфіналу Кубка ў Горадні яны скончылі няўдала, 2:3.

Аднак у паўторнай сустрэчы прадэманстравалі ўвесь патэнцыял, што сапраўды закладзены ў ростар, ды ажыццявілі валявы «камбэк» 2:0. Таму нават лідарства ў сустрэчы суботы нічога не гарантуе футбалістам Уладзіміра Нявінскага.

Нявінскі? Чакайце, але я памятаю яго ў БАТЭ!

Так і ёсць, бос «Гомля» яшчэ ў бытнасць футбалістам цягам пяці сезонаў абараняў колеры барысаўчан і двойчы станавіўся ў іх складзе чэмпіёнам краіны. Пасля ж пераходу на трэнерскую працу з 2009 па 2017 гады ў статусе асістэнта дапамагаў Віктару Ганчарэнку ды Аляксандру Ермаковічу.

Адпаведна пры Нявінскім БАТЭ дамінаваў на нацыянальнай арэне і дамагаўся самых гучных поспехаў у Лізе чэмпіёнаў, калі перамагаў «Баварыю», «Ліль», «Рому» ці «Атлетык» Більбаа. Зараз жа Нявінскі мае магчымасць зваяваць першы трафей у паўнавартаснай самастойнай кар'еры.

 

У адрозненне ад апанента, 37-гадовы Аляксандр Міхайлаў ужо меў, чым пахваліцца — хай сабе спецыяліст толькі ўзімку ачоліў БАТЭ, а дагэтуль на вышэйшым узроўні не працаваў. Суперкубак краіны — 2022 барысаўчане здабылі менавіта пад яго кіраўніцтвам, калі ў сакавіку мінімальна перайгралі «Шахцёр». Надалей жа «жоўта-блакітныя» толькі дадавалі ў гульнявым плане, а таму справядліва ўспрымаліся як фаварыты пары.

Мо яшчэ якія цікавосткі напярэдадні былі?

Ды калі ласка! Пачаць хаця б з таго, што ў выпадку перамогі «жоўта-блакітныя» замацаваліся б у футбольных летапісах як каманда, што ўпершыню затрымала трафей на сваёй паліцы тры гады запар. Трыумф над «Гомлем» пасля брэсцкага «Дынама» ды «Іслачы» яшчэ і агульную колькасць кубкаў БАТЭ павялічваў бы. Шостая ўзнагарода — сапраўдная гістарычная анамалія для Беларусі.

Новы вопыт чакаў і галоўнага рэферы сустрэчы. Віталь Севасцьянік, які тройчы прызнаваўся лепшым арбітрам Беларусі, ніколі раней не абслугоўваў фіналы. Хаця за плячыма суддзі ўжо 278 двубояў — гэта трэці паказчык у гісторыі.

Дапамагалі Севасцьяніку Сяргей Гідрэвіч і Сяргей Фірыновіч — паплечнікі, з якімі галоўны рэферы правёў у вышэйшай лізе 104 матчы. Такіх трывалых і нязменных брыгад таксама ў Беларусі футбольнай яшчэ не было.

А акрамя футбола штосьці за душу чапляла?

На жаль, не. Гэта мінулымі гадамі федэрацыя футбола ператварала фінал Кубка на сапраўднае свята беларушчыны. Ладзіўся фінал конкурсу «Мова, музыка, футбол», дзе прэтэндэнты на перамогу нажыва спявалі хіты родным словам са сцэны перад стадыёнам.

Гурт «Наві» прэзентаваў трэк «Наперад, белакрылыя!», які пасля пэўны час быў гімнам нацыянальнай зборнай. Ладзіў выступ галоўны панк краіны Юра Стыльскі. Запускаліся моладзевыя праекты, якія прасоўвалі айчынную культуру, прадавалася атрыбутыка з нацыянальным каларытам. Запрашаліся да асвятлення футбольнага свята ўсе СМІ, незалежна ад палітычных поглядаў — напрыклад, тыя ж «Нашу Ніву» і «Белсат» заўсёды піяршчыкі АБФФ віталі.

Аднак з прыходам да ўлады Уладзіміра Базанава ды пула праўладных функцыянераў курс на беларусізацыю згарнулі за лічаныя месяцы. Калі на сайце федэрацыі беларуская мова знікла цалкам, а ролікі з аглядамі матчаў пачалі падпісвацца па-руску, дзе ж тут весці размову пра нешта маштабнае? Былы палкоўнік артылерыі прывёў усё да ваеннага стану «пусть безобразно, зато однообразно» і канчаткова забіў расткі федэрацыйнага крэатыву.

Таму вечарам перад гульнёй заўзятары здолелі толькі нешта перахапіць на фудкорце, пабачыць фотавыставу «30 год Кубку Беларусі» ды паслухаць кавер-бэнд з «идеологически правильным» рэпертуарам.

Дык а ў самой гульні што годнага было?

Калі шчыра, першы тайм атрымаўся камерным ды мала відовішчным. Ад суму заўзятараў выратаваў Якаў Філіпавіч, які ператварыў вуглавы ў гол. Астатнія больш-менш цікавыя моманты футбольны люд назваў бы «падыходамі». То-бок, ідэя наступальная па сутнасці неблагая, а вось рэалізацыя кульгае.

Затое пасля перапынку хапіла і інтрыгі, і драмы, і нават персанальнай трагедыі.

Апошняя здарылася бадай што з самым вопытным гульцом вечара: Максім Бардачоў «баднуў» мяч ва ўласны створ пасля кросу Сяргея Мацвейчыка ад броўкі. А праз пяць хвілін ужо сам Мацвейчык прымаў віншаванні ад партнёраў, хаця з тым жа імпэтам мог дзякаваць кіперу БАТЭ. Кудравец не апрацаваў мяч пасля стрэлу абаронцы з 25 метраў — і, фактычна, уласнымі рукамі ператварыў лічбы на табло на 1:2 на гомельскую карысць.

Гэты лік і апынуўся фінальным, хаця напрыканцы сустрэчы барысаўчане паспрабавалі здзейсніць навал. Аднак палешукі вікторыю не аддалі, чым перарвалі гегемонію супернікаў у спаборніцтве ды ўпершыню за 11 год заваявалі трафей. У бонус да ўзнагароды «Гомель» таксама атрымаў права прадставіць Беларусь у Лізе Канферэнцый — 2022/23. Пачынаць хаду па дыстанцыі футбалісты Нявінскага будуць з другога кваліфікацыйнага раўнда.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
9
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
Сумна
2
Абуральна
3
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31