Знайсці
19.05.2022 / 00:12РусŁacБел

Снайдэр патлумачыў, чаму не варта ствараць для Пуціна «шляхі для адступлення»

Цікавы твітар-трэд ад амерыканскага гісторыка Цімаці Снайдара, аўтара кнігі «Крывавыя землі».

— Бессэнсоўна абараняць Пуціна ад адчування, што ён прайграе. Ён зразумее гэта сам і сам будзе кіравацца інстынктам самазахавання.

— Расіяне не загнаныя ў кут. Расійская армія не загнаная ў кут. Гэта сілы ўварвання. Пры паразе часці проста адступяць праз мяжу ў Расію.

— Пуцін кіруе ў віртуальнай рэальнасці, дзе заўсёды ёсць шлях да адступлення. Яго нельга загнаць у кут ва Украіне, таму што Украіна — гэта рэальнае месца.

— Людзям з іншых грамадстваў цяжка зразумець, што Пуцін — дыктатар, які кантралюе СМІ сваёй краіны. Ён кіруе, змяняючы парадак дня ў СМІ.

— Пуцін пастаянна мяняе парадак дня сваіх СМІ. Пасля папярэдняга ўварвання РФ ва Украіну ягоныя СМІ раптам пераключыліся на Сірыю, і расіяне пераключыліся следам.

— У лютым гэтага года расійскія СМІ імгненна пераключыліся з мэсэджу «што вы, якое ўварванне, гэта ўсё фэйкі» на мэсэдж «уварванне было непазбежным, у нас не было іншага выбару». Расіяне пераключыліся следам.

— У выпадку рэальнага паражэння Пуцін проста абвесціць пра сваю перамогу па тэлебачанні, і расіяне павераць яму ці зробяць выгляд, што паверылі. Для гэтага яму не патрэбна наша дапамога.

— Бессэнсоўна ствараць «шляхі для адступлення» ў рэальным свеце, калі ўсё, што трэба Пуціну, — гэта адзін шлях у віртуальным свеце, які ён цалкам кантралюе. З размоў пра «шляхі адступлення» расійскія кіраўнікі проста смяюцца. 

— Безумоўна, Пуцін можа памыліцца і зацягнуць з абвяшчэннем перамогі. У гэтым выпадку ён страціць уладу. Мы не здольныя застрахаваць яго ад такой памылкі, ды і не варта.

— Улада Пуціна над СМІ будзе абсалютнай да таго моманту, пакуль яна не скончыцца. Няма інтэрвалу, на якім нашы дзеянні ў рэальным свеце будуць мець значэнне. Альбо ў створаных намі «шляхах адступлення» не будзе патрэбы, альбо ў іх не будзе сэнсу.

— Гратэскам было б прасіць украінцаў прымаць ваенныя рашэнні з улікам зручнасці іх для інтэрпрэтацыі расійскімі тэлепрадзюсарамі, якія ў любым выпадку не кіруюцца рэальным светам.

— Няправільнае разуменне логікі Масквы з-за клішэ аб «загнаным у кут» і «шляхах адступлення» зацягне вайну, бо адцягне ўвагу ад простай неабходнасці нанесці Расіі паразу.

— Украіна — гэта зусім іншая гісторыя. Зяленскі, у адрозненне ад Пуціна, абраны дэмакратычным шляхам, адчувае адказнасць за свой народ і кіруе ў свеце, дзе іншыя людзі маюць значэнне.

— Ва Украіне ёсць СМІ, якімі ўрад не кіруе. Зяленскі не можа проста змяніць парадак дня. Ён павінен звяртаць увагу на людзей для прыняцця любога важнага рашэння.

— У адрозненне ад Пуціна, Зяленскі павінен пераканаць свой народ пакласці канец гэтай вайне. Таму яму патрэбна дапамога як для перамогі ў вайне, так і для таго, каб расказаць украінцам, што будзе далей.

— У адрозненне ад расійскіх салдат, украінцам няма куды адступаць. Яны не могуць проста адступіць дадому. Вайна вядзецца ў іх краіне. Потым яны вернуцца ў свае дамы і будуць іх аднаўляць.

— Спыненне вайны азначае больш думаць пра ўкраінскі народ і яго будучыню і менш турбавацца наконт праблемы, што рабіць Пуціну, бо гэтай праблемы насамрэч не існуе.

Цімаці Снайдэр

Чытайце таксама: Снайдэр: «Вы нават не ямка на дарозе, калі дарогі няма»

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
67
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930