Знайсці
19.05.2022 / 01:31РусŁacБел

Фаны перамаглі ў вулічнай бойцы, гульцы — на полі! Нямецкі «Франкфурт» разам з неверагоднымі заўзятарамі заваяваў золата футбольнай Лігі Еўропы

Другі год запар пераможца фінальнай сустрэчы Лігі Еўропы вызначыўся ў серыі пенальці. У мінулым сезоне «Манчэстэр Юнайтэд» з «Вільярэалам» спыніліся толькі пры ліку 11:10 на карысць іспанцаў. Сёлета ж нямецкаму «Айнтрахту» хапіла набору абавязковых удараў, каб скарыць шатландскі «Рэйнджарс» 5:4.

Сустрэча ў фінале Лігі Еўропы-2021/22 стала трэцяй у гісторыі афіцыйных узаемаадносін «Рэйнджарс» ды «Айнтрахта». Фота: Uefa.com

Яшчэ да пачатку сустрэчы «Айнтрахт» атрымаў дзве буйныя перамогі — хай сабе і не звязаныя непасрэдна са спартыўнымі вынікамі. Спачатку гонар клуба абаранілі «ультрас», што прыбылі ў Севілью вялізным гуртам ды далучыліся да 50-тысячнай плыні нямецкіх заўзятараў у шэсці на арэну.

Падчас руху агульнай калоны ў кірунку стадыёна яе сярэдзіну ды хвост атакавалі шатландскія «хуліганы». Задума мярзотная сама па сабе выглядала яшчэ больш агіднай з-за таго, што па традыцыі марш замыкаюць найбольш мірныя ды безабаронныя заўзятары.

Аднак прыхільнікі «Айнтрахта» імгненна «прачыталі» тактыку суперніка — і ў літаральным сэнсе адбілі сваіх.

Надалей жа немцы з відавочнай перавагай выйшлі трыўмфатарамі ў конкурсе перфомансаў. Для ўласнага «Еўрабачання» актыў «Айнтрахта» выдаткаваў ажно 50 тысяч еўра — і пачаў рыхтаваць шоў непасрэдна на трыбунах ажно за паўгадзіны да стартавага свістка.

Калі ж Стары Свет пабачыў вынік, стала зразумела, што час ды грошы не пайшлі марна. Мастацкі шэдэўр шырынёй ва ўвесь віраж уразіў не толькі гасцей «Рамон Санчас Пісхуан», але нават тых 50 тысяч людзей, што прыйшлі заўзець за любімых футбалістаў дома. І бачылі перфоманс выключна на вялікім экране ў цэнтры поля роднага франкфуртскага стадыёна.

У непасрэднай жа спрэчцы за золата «арлы» не маглі зрушыць раўнавагу у свой бок ні падчас асноўных 90 хвілін, ні ў дадатковыя паўгадзіны. Больш за тое, праз тузін хвілін пасля перапынку немцы прапусцілі, не дагледзеўшы Арыба — той стаў першым нігерыйцам, які адзначыўся ў вырашальных матчах Лігі Еўропы.

Пераможца Лігі Еўропы-2021/22 не высветліўся нават за 120 хвілін гульнявога часу. Фота: Uefa.com

Аднак так проста здацца «Айнтрахт» не меў права.

Звычайна з Франкфурта ў Севілью штодзённа выпраўляюцца чатыры рэйсы. Напярэдадні фінала ў Андалусіі з Германіі прызямлілася ажно 32 самалёты. І менавіта эмацыйная падтрымка фанаў натхніла падначаленых Олівера Гласнера на мяч у адказ.

Рафаэль Борэ, які вызначаўся ў трох папярэдніх еўрапейскіх матчах каманды запар, і гэтым разам прыйшоў на паратунак. Следам за «Барселонай» ды «Вэст Хэмам» ён засмуціў «Рэйнджарс» — і забіў, бадай, самы важны гол у кар'еры. Бо гэтае патраплянне ў браму падаравала «Айнтрахту» нічыю, а з ёю і авертайм.

Цягам дадатковых 30 хвілін арэол героя запальваў над сваёй патыліцай ужо Кевін Трап. Брамнік «Айнтрахта» выцягнуў складанейшы ўдар Кента, а таксама некалькі разоў не дазваляў полымю панікі распаўсюдзіцца па штрафной плошчы ды знішчыць абарончыя пабудовы каманды.

За кошт надзейнасці кіпера Франкфурт дамогся серыі пенальці, дзе ўсё той жа Трап канчаткова замацаваў за сабой статус галоўнай зоркі вечара. Аран Рэмзі, які з'явіўся на полі на 117-й хвіліне спецыяльна пад пенальці, патрапіў пад гіпноз вопытнага кіпера ды схібіў. Тады як усе астатнія гульцы — з абодвух бакоў — уласныя падыходы выкарысталі бездакорна.

Як вынік, «Айнтрахт» узяў другі ў гісторыі трафей пасля Кубка УЕФА — 1980. Аднак гэтая ўзнагарода значна цяжэйшая. І не толькі таму, што была здабытая ў серыі пенальці. Пры вазе ў 15 кг Кубак-2022 з'яўляецца самым «аб'ёмным» сярод астатніх кантынентальных прызоў. Цікава, што Франкфурт заваяваў яго без аніводнай паразы па сезоне, як рабілі раней толькі «Чэлсі» Маўрыцыя Сары ды «Вільярэал» Унаі Эмеры.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера