Знайсці
19.05.2022 / 09:51РусŁacБел

Што адбывалася ў СІЗА з удавой Андрэя Зельцэра? Расказвае сукамерніца. «Маша паўтарала: як ён мог мяне пакінуць?»

«Наша Ніва» пагаварыла з жанчынай, якая ўтрымлівалася ў СІЗА на Валадарскага гэтай зімой. Яна сцвярджае, што некалькі тыдняў правяла ў адной камеры з Марыяй Успенскай, удавой айцішніка Андрэя Зельцэра, забітага ва ўласнай кватэры пры перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ 28 верасня 2021 года. Вось яе ўспаміны пра Марыю. 

Марыя Успенская

Жанчына (яе асабістыя даныя вядомыя Рэдакцыі) расказвае: 

«Калі я трапіла ў адну камеру з Марыяй, то адчувала сябе не надта добра, мне было вельмі цяжка псіхалагічна. Маша вельмі мяне падтрымлівала першы час. Спачатку яна падалася мне вельмі адкрытым чалавекам. 

Пра гісторыю з перастрэлкай Маша не гаварыла. Гэта цікавіла ўсіх сукамерніц, але Маша адказвала, што знаходзіцца пад падпіскай, таму не можа нічога расказаць.

Спадзявалася, што пазней, праз нейкі час, праўда выйдзе на свет і ўсе зразумеюць, што ўсё было зусім не так, як гэта паказвалі ў СМІ.

Але яна была вельмі засмучаная. Маша расказвала, што першыя некалькі месяцаў проста зусім не магла ўспрыняць усё тое, што з ёю адбываецца. Калі я была з ёй у камеры, Маша прымала ўжо менш лекаў, намагалася неяк «жыць у моманце». Але ў яе пастаянна скакаў настрой, яна часта плакала.

Шкадавала пра тое, што адбылося, што яе жыццё так павярнулася. Пастаянна паўтарала словы: «Як жа ён мог мяне пакінуць?» Як я зразумела, яна казала гэта на адрас Андрэя Зельцэра. 

Андрэя яна згадвала добрымі словамі. Казала, што ён быў спартыўным мужчынам, які вельмі яе кахаў і заўсёды падтрымліваў. Па яе словах, з Андрэем яны ніколі не сварыліся. Разам гадавалі сына. Маша казала, што Андрэй нават прысутнічаў на родах, трымаў яе за руку ў радзільнай зале.

Таксама Маша часта згадвала сына, вельмі за яго перажывала. Ёй было балюча, што не зможа ўбачыць, як сын расце. Малога забралі бацькі Зельцэра, у Машынай маці не было магчымасці.

Маша казала, што бацькі Андрэя вельмі строга выхоўвалі яго, а цяпер гэтак жа строга будуць выхоўваць іх сына. Як я зразумела, яны не дазвалялі нават адвакату Машы пагаварыць з малым. Праз гэта яна вельмі перажывала.

Расказвала пра сваю маму: што тая даглядала сваю маці, бабулю Машы. Але за гэты час, што Маша сядзіць у СІЗА, бабуля памерла.

Спатканняў Машы не дазвалялі. Лісты ёй даходзілі вельмі рэдка: два-тры на месяц.

У нашай камеры сядзела прыкладна палова палітычных, палова «звычайных» вязняў. Палітычныя, як маглі, падтрымлівалі Машу, але некаторыя, каго затрымлівалі за наркотыкі ці іншую такую крыміналку, бывалі іншых палітычных поглядаў. Такія часам ставіліся да Машы негатыўна, асуджалі яе. Некаторыя былі ў СІЗА вельмі даўно, пра ўсю сітуацыю з Зельцэрам ведалі толькі з дзяржаўнага тэлебачання, абураліся: як Маша так магла, стаяць там спакойна з каменным тварам, здымаць відэа? 

Але на ўсе пытанні пра гэтую гісторыю Маша адказвала: у мяне падпіска, выбачайце, калі-небудзь усе пра ўсё даведаюцца.

Марыя ведала, што за каментарыі пра справу Зельцэра пасадзілі шмат народу. Але цяжка сказаць, што яна адчувала наконт гэтага. Ведаю толькі, што яна вельмі перажывала за нейкіх сваіх знаёмых, якія зніклі. Здаецца, іх затрымалі — Маша спрабавала іх адшукаць, але нічога не атрымалася». 

Судзіць Успенскую пачнуць 31 мая ў Мінскім гарадскім судзе. Ужо вядома, што суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Марыю будуць судзіць як «асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане бессвядомасці, або якая захварэла пасля здзяйснення злачынства на псіхічнае расстройства (захворванне)» (п. 13 арт. 6 КПК). Гэта значыць, што ёй не пагражае крымінальнае пакаранне, але да яе будуць прымяняць прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Да таго, у снежні 2021-га, стала вядома, што Марыя тры тыдні правяла ў бальніцы ў Навінках — яе туды адпраўлялі, каб правесці псіхіятрычную экспертызу.

«Марыя не зможа прысутнічаць на судзе, там у якасці прадстаўніка будзе прысутнічаць яе маці.

Прынамсі так я зразумела са слоў Машы, калі яна вярнулася пасля сустрэчы з адвакатам, — кажа суразмоўца «Нашай Нівы». — На маю думку, нейкія псіхалагічныя праблемы ў Машы сапраўды былі. Ёй пастаянна патрабаваліся размовы, трэба было размаўляць з кімсьці. Яна заўсёды чытала, вельмі шмат, але ўсё роўна была ў курсе кожнай размовы ў камеры, намагалася ўлезці ў кожную гутарку. Ёй патрабавалася пастаянная ўвага. Яна пастаянна грызла вусны. 

Я ўжо казала, што Маша вельмі падтрымала мяне, калі я толькі трапіла ў камеру. Але праз пару тыдняў побач з ёю было ўжо вельмі цяжка. Пазней Машу перавялі ў іншую камеру, наколькі я ведаю, там ёй было камфортна, яна знайшла з дзяўчатамі ў той камеры агульную мову.

Пакуль мы былі ў адной камеры, Маша была вельмі настроеная на тое, што яе адправяць на лячэнне, а не ў калонію. Нават абрадавалася гэтаму. Яна казала, што ў Навінках адэкватныя людзі, што ўсё будзе добра: маўляў, калі яе адправяць на лячэнне, то яна зможа бачыцца з сынам. 

Калі шчыра, да асабістай сустрэчы з Машай я ўяўляла яе зусім іншым чалавекам. Але я ўспрымала яе як ахвяру абставін — і цяпер працягваю лічыць гэтак жа. Маша — чалавек, якому патрабуецца псіхалагічная дапамога, але я не лічу, што яна ў нечым вінаватая. Як яна магла не падтрымаць мужа? Ды і ў чым яе віна — у тым, што проста здымала відэа?»

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера