Знайсці
16.05.2022 / 20:41

«Беларускі экспарт не ўпадзе ў нуль, але будуць істотныя страты». Эканаміст пра планы ўрада знайсці новыя рынкі збыту

Нягледзячы на тое, што з-за санкцый, уведзеных заходнімі краінамі на беларускі экспарт, Беларусь траціць мільярды, планы ва ўрада аптымістычныя — нічога не страціць, а пераарыентаваць экспарт на іншыя рынкі, «у тым ліку азіяцкі, афрыканскі, Блізкага Усходу і Арабскага заліва». Ці акажацца гэтая задума паспяховай, аналітычны праект «Филин» абмеркаваў са старэйшым навуковым супрацоўнікам BEROC (Кіеў) Львом Львоўскім.

Прадукцыя «Беларуськалія». Фота: kali.by

Усяго некалькі дзён таму прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка запэўніваў, што беларуская эканоміка адчувае сябе цалкам здаровай, адчуваючы толькі «невялікае прасяданне ў аб'ёмах выпуску і экспарту прадукцыі». Аднак у інтэрв'ю тэлеканалу Al Arabiya з вуснаў прэм'ера прагучалі лічбы стратаў. 16—18 мільярдаў даляраў у год — такую суму складаў экспарт у краіны Еўрапейскага Саюза і Паўночнай Амерыкі, заблакаваны праз санкцыі.

Леў Львоўскі. Фота: BEROC

Леў Львоўскі звяртае ўвагу, што лічбы, названыя прэм'ерам, трохі вышэйшыя за афіцыйныя дадзеныя па аб'ёме экспарту ў краіны ЕС і ЗША.

— Я практычна ўпэўнены ў тым, што, ацэньваючы ўплыў санкцый на наш знешні гандаль, сюды дадалі лічбу па Украіне, — кажа эксперт.

Згадка лічбаў і самога факту заблакаванага экспарту ў інтэрв'ю арабскаму тэлеканалу, адзначае Леў Львоўскі, — адназначная спроба ўрада Беларусі закінуць вуду на ўсход.

— Звычайна урад імкнецца прыменшыць уплыў санкцый, але тут Раман Галоўчанка казаў пра самы негатыўны сцэнар, пры якім страціцца ўвесь экспарт у ЕС і ўвесь экспарт ва Украіну. Хоць у мэйнстрымных сцэнарах эканамічных агенцтваў і незалежных эканамістаў мы ўсё ж такі разлічваем, што нейкая доля экспарту ў ЕС захаваецца. Навошта гэта было зроблена, мы, вядома, можам толькі меркаваць.

Магчыма, Галоўчанка такім чынам хацеў неяк прадэманстраваць прывабнасць Беларусі як краіны для інвестыцый у тым плане, што ў нас шмат пустых нішаў, і нейкі арабскі інвестар мог бы на іх прыйсці.

Ці атрымаецца ва ўрада пераарыентаваць экспарт на іншыя рынкі? Некаторую долю, безумоўна, атрымаецца, мяркуе эксперт — але далёка не ўсё.

— З аднаго боку, з Расіі сыходзяць міжнародныя кампаніі, некаторыя з іх адмаўляюцца гандляваць з Расіяй. І Беларусь сапраўды зможа замяніць частку пустых нішаў. Лёгка ўявіць сабе, напрыклад, павелічэнне паставак МАЗаў у РФ.

Але ёсць і шмат фактараў, якія будуць перашкаджаць планам урада.

Першы: значная частка беларускага экспарту ў ЕС і Украіну была вельмі спецыфічнай, арыентаванай менавіта на гэтыя рынкі.

Скажам, ва Украіну мы пастаўлялі шмат нафтапрадуктаў і бітуму. Зразумела, што ў Расіі ці ў Казахстане нашы нафтапрадукты не патрэбныя — у іх ёсць свае. Пастаўляць іх у Кітай — дорага і няма адпаведнай інфраструктуры.

Або ўзяць мэблю, якую Беларусь экспартавала ў Еўропу і ў Расію. І тое, і тое называецца мэбляй, але гэта два вельмі розных тавары. Еўропа была высокамаржынальным рынкам люксавай мэблі, а ў Расіі, хоць таксама ёсць такі брэнд — беларуская мэбля — але там гаворка ідзе, наадварот, пра танную мэблю нізкай і сярэдняй якасці. І перанакіраваць еўрапейскую мэблю ў Расію будзе не так і проста.

Другі момант: лагістыка. На адзін з асноўных нашых экспартных тавараў, калій, высокі сусветны попыт. Але як яго экспартаваць?

У Расіі ёсць «Уралкалій» — галоўны канкурэнт «Беларуськалія», там наш калій не патрэбны. А для экспарту ў іншыя краіны (Бразілія, Індыя) ёсць праблемы з экспартнымі шляхамі.

Эксперт нагадвае, як з таго часу, калі Літва закрыла для Беларусі перавалку калія праз свае парты, мяняліся заявы на афіцыйным узроўні. Спачатку для мадэрнізацыі транзітнай інфраструктуры адводзілі паўгода, потым гаворка ішла пра год, а некалькі месяцаў таму Лукашэнка заявіў, маўляў, свае парты на расійскай Балтыцы ў Беларусі будуць «цягам двух гадоў».

І гэта не лічачы дзіўных даваенных ідэй па выкарыстанні ўкраінскай інфраструктуры (цяпер, відавочна, пра гэта гаворка не ідзе) або па дастаўцы калію па чыгунцы да Астрахані, адтуль морам у Іран, а далей з дзвюма перагрузкамі ў Індыю…

— Мяркуючы па ўсім, экспартаваць калій ёсць каму — ёсць попыт, але вельмі вялікія складанасці з транспартнай інфраструктурай, — заўважае Леў Львоўскі. — Некаторая колькасць калію ішла ў Кітай па чыгунцы, але гэта далёка не тыя мільёны тон, якія патрэбныя Беларусі.

Пра страты гаворка не ідзе, у калія даволі нізкі сабекошт, і нават зніжка у 60% не з'яўляецца нявыгаднай для нас. Але цяпер пытанне ў тым, як фізічна перавезці гэтыя аб'ёмы, каб прадаць іх хоць бы са зніжкай.

Ёсць яшчэ адна праблема, дадае эканаміст: некаторыя беларускія экспартныя тавары, верагодна, будзе немагчыма вырабляць, калі не ўдасца знайсці замену імпартнай сыравіне і камплектуючым.

Акрамя афіцыйных спробаў выратаваць экспарт, робяцца і неафіцыйныя меры абыходу санкцый. На днях Казахстан заявіў, што гэты нумар у беларускіх кампаній не пройдзе — парламент краіны ўжо абмяркоўвае, як спыніць гэтую схему.

Вядома, нават афіцыйныя заявы не кажуць аб тым, што гэтая схема будзе цалкам заблакаваная.

— Але, тым не менш, гэта сімптаматычна, — адзначае эксперт. — Што адрознівае бягучую сітуацыю ад папярэдніх санкцыйных абмежаванняў?

Раней беларускія прадпрыемствы маглі з тымі ці іншымі стратамі гэтыя санкцыі абыходзіць: рэгістраваць тавары з іншымі кодамі, або дамаўляцца з іншай краінай альбо асобнымі прадпрыемствамі. Але цяпер міжнародная таксічнасць Беларусі вырасла ў разы.

У 2020—2021 годзе, калі накладалі санкцыі на Беларусь, у нас быў генеральны план везці ўсё праз Расію. Але цяпер і таксічнасць Расіі такая высокая, што пры любой схеме, прыдуманай для абыходу санкцый, ёсць вялікі шанец, што гэтую схему неўзабаве спыняць.

Будзе шмат добраахвотных агентаў падтрымкі санкцыйнага рэжыму. Нават асобны работнік прадпрыемства, даведаўшыся, што яно дапамагае абыходзіць санкцыі, можа, напрыклад, з пачуцця салідарнасці з Украінай паведаміць у еўрапейскія органы аб спробе іх абыходу.

Ці само прадпрыемства, якое магло б паўдзельнічаць у гэтай працэдуры, адмовіцца ад удзелу, каб захаваць рэпутацыю. Ды Бог з ёй, з рэпутацыяй — проста каб самому не патрапіць пад санкцыі.

Санкцыі ж не статычныя, яны пашыраюцца і накладаюцца новыя. І калі сёння, скажам, усім стане вядома, што еўрапейскія санкцыі не дзейнічаюць, таму што Казахстан дапамагае іх абыходзіць — хто ведае, ці не апынецца ў наступным пакеце Казахстан…

Гэта не значыць, што беларускі экспарт упадзе ў нуль, але будуць істотныя страты.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
13
Панылы сорам
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31