Знайсці
17.05.2022 / 21:13РусŁacБел

«Я шчасліўчык!» Як 40-гадовы бацька трох дзяцей Кальцоў сышоў з сям’і дзеля 23-гадовай Арыны Сабаленка

Розніца між закаханымі складае 17 гадоў, свой раман тэнісістка і хакеіст доўга хавалі ад чужых вачэй.

Арына Сабаленка ды Канстанцін Кальцоў. Фота: instagram.com/sabalenka_aryna

Хто яна?

Арына Сабаленка — лідар айчыннага тэніса апошніх гадоў. Услед за Наташай Зверавай ды Вікторыяй Азаранкай яна перамагала на прэстыжных турнірах WTA і цягам сямі сезонаў прафесійнай кар'еры прасоўвалася да вяршынь сусветнага рэйтынгу.

Аднак галоўныя пікі мінчанка пакуль так і не скарыла. У адзіночным разрадзе на турнірах «Вялікага Шлема» яна спынялася на паўфіналах максімум. У планетарным «табелі аб рангах» уздымалася на другі радок, хаця рэальныя мажлівасці стаць найлепшай на свеце былі.

За кар'еру Сабаленка зарабіла амаль 7 мільёнаў даляраў толькі поспехамі на корце. Вялікія грошы давалі і рэкламныя кантракты. Таму Арыну можна назваць і паспяховым камерцыйным праектам.

Сабаленка атрымлівае персанальныя віншаванні ад Лукашэнкі з кожнай перамогай. Яна ўдзельнічала ў навагоднім звароце палітыка.

Хто ён?

Найлепшыя кар'ерныя гады Канстанціна Кальцова прыпалі на перыяд, калі Арына была яшчэ маленькай дзяўчынкай.

Напачатку стагоддзя форвард-вундэркінд пасля шэрагу годных сезонаў у Расіі пераехаў за акіян. Клуб НХЛ «Пітсбург Пінгвінз» абраў на драфце хакеіста яшчэ 17-гадовым (пад высокім 18-м нумарам), але вырашыў пачакаць колькі сезонаў сталення беларуса.

Паўза апраўдалася: пасля скамечанага дэбютнага першынства Кальцоў правёў усе 82 гульні «рэгуляркі» другога сезона.

Пасля, праўда, амерыканскі прарыў спыніў лакдаўн, які Канстанцін прабавіў у Расіі. А затым форвард увогуле вырашыў ісці па шляху найменшага супраціву — ды змяніў НХЛ на КХЛ да канца прафесійнай дзейнасці. За дзесяць наступных год ён перамагаў у Кубку Гагарына, двойчы ўдзельнічаў у Алімпіядзе ў складзе нацыянальнай зборнай ды рэгулярна выступаў на першынствах свету.

Пасля заканчэння кар'еры Канстанцін застаўся ў хакеі, каб працаваць трэнерам. Як галоўны ў «Брэсце» ды маладзечанскім «Дынама» сябе асабліва не праявіў. А вось як асістэнт карыстаўся попытам: за яго плячыма праца ў КХЛ на мастках мінскага «Дынама», маскоўскага «Спартака» і «Салавата Юлаева» — кантракт з уфімцамі беларус падпісаў на мінулым тыдні.

Кальцоў абараняў колеры прэзідэнтскай каманды на лёдзе падчас каляднага хакейнага турніру. І рэгулярна выступаў у медыя, калі ў Беларусі аднялі права прымаць чэмпіянат свету па хакеі: абвінавачваў у палітызаванасці IIHF ды наракаў на ўціск свабод ды правоў беларускіх заўзятараў з боку Захаду.

Што было да адносін?

Рамантычныя прыгоды Сабаленка публіка стала адсочваць у 2018-м, калі Інстаграм 20-гадовай спартсменкі поўніўся сумеснымі здымкамі з хакеістам Мацвеем Бажко.

Пасля падарункаў ды кветак, якія спартовец дасылаў дзяўчыне, быў заручальны пярсцёнак. І пасля з'яўлення Арыны з ім на руцэ у адной са спартовых праграм нават пайшлі чуткі пра хуткі шлюб тэнісісткі. Аднак у 2020-м знікла і ўпрыгожанне, і сам залётнік: Сабаленка прызналася, што адмовілася ад прапановы, бо не бачыла сябе побач з Бажко.

«Дарма распачала гэтыя адносіны. У мяне была дэпрэсія невялічкая. І тут былы з'явіўся. І я: «Ну доообра»… Не вельмі прыгожа было з майго боку. Атрымалася так, што я выкарыстоўвала чалавека, хаця і добра да яго стаўлюся. Аднак шмат пытанняў, шмат нюансаў», — тлумачыла спартсменка пасля.

Кальцоў, наадварот, жыў шчаслівым шлюбам з 2006 года. Сваю нарачоную ён сустрэў яшчэ ў Штатах за два гады да таго, як узаконіў адносіны: Юлія працавала ў рэстаране, куды хакеіст аднойчы завітаў на вячэру. Пасля сям'я расшырылася: Аляксандр, Даніла і Стэфан зрабілі Канстанціна шчаслівым бацькам. Самы малодшы сын нарадзіўся ў спартсмена ў 2019-м.

Як яны сышліся?

Дзе канкрэтна між Арынай ды Канстанцінам праскочыла іскра, складана сказаць.

Аднак ў 2020 годзе спартсмены паасобку з'яўляліся на розных мерапрыемствах — і, адпаведна, маглі камунікаваць. Узаемная цікавасць «падагравалася» і тым, што Кальцоў сутыкнуўся з шэрагам сямейных праблем ды не вытрымаў іх цяжару. Прынамсі, пра гэта распавядала яго жонка, якая і паведаміла пра разрыў.

«Наш шлюб не вытрымаў года без працы Канстанціна, каранавіруса і нараджэння дзіцяці», — напісала ў сацсетках Юлія. А пасля, тэгнуўшы Сабаленку, у тым жа паведамленні абвінаваціла «дзяўчат, што віснуць на шыі чужых мужчын з немаўлятамі ў сем'ях» у непрыстойных паводзінах.

Напачатку пара пра адносіны не гаварыла. Арына казала, што ў асабістым жыцці адчувае сябе перакаці-полем. Канстанцін жа адмаўляў усялякае дачыненне тэнісісткі да сямейнай драмы — і прасіў грамадства не чапаць дзяўчыну ды не варушыць свайго прыватнага жыцця.

Аднак цягам 2020-га Сабаленку ўсё часцей сталі заўважаць на матчах хакейнага «Дынама» — клуба, дзе Кальцоў працаваў асістэнтам. У імянным джэрсі з VIP-ложы дзяўчына раз-пораз назірала за дзеяннямі «бела-блакітных». Пасля з'явілася фота з аэрапорта, дзе вельмі падобны да Кальцова чалавек выпраўляў Арыну ў падарожжа.

Зусім жа відавочным тайнае стала ў 2021 годзе, калі пара перастала маскіраваць адносіны.

Кальцоў пачаў віншаваць дзяўчыну ў сацсетках са святамі ды прызнавацца ў каханні. Арына ж адказвала мэсэджамі ды смайламі ўзаемнасці, а таксама асаджвала каментатараў, якія дзівіліся розніцы ва ўзросце ды задавалі непрыемныя пытанні.

Калі ж свет пабачыў сумесныя фоты з абдымкамі-пацалункамі пары, а самі спартоўцы разам пачалі з'яўляцца на гламурных мерапрыемствах, апошнія пытанні адпалі самі сабой.

«Яе немагчыма не кахаць!»

Цяпер у сацсетках тэнісістка і хакеіст шмат посцяць пра свае адносіны.

Сабаленка віншавала каханага з народзінамі, дзялілася сумеснымі фота з вандровак па Еўропе, дэманстравала дапамогу Канстанціна ў трэніровачным працэсе. Допісы «хай так будзе заўсёды» пад сумеснымі пацалункамі, падаецца, пацвярджаюць, што Арыну з галавой накрыла пачуццямі. 

«Добра, калі ёсць нехта, здольны зразумець маё вар'яцтва. Затое са мной не засумуеш», — напісала тэнісістка пад адным з сумесных фота.

Хакеіст у сацсетках куды менш актыўны, аднак асноўную масу пастоў прысвячае каханай. Сціслы на словы Кальцоў часам дзеліцца пачуццямі.

«Лёс звёў маё жыццё з самай прыгожай, пяшчотнай, клапатлівай і неверагодна мудрай дзяўчынай. Але пачуццё, калі ты побач, не перадаць словамі для мяне. Я шчасліўчык!» — радасна пісаў Кальцоў.

«Большасць мяркуюць па людзях са сродкаў масавай інфармацыі. І калі паглядзець на Арыну толькі з гэтага ракурсу, то ствараецца ўражанне, што гэта вельмі агрэсіўны і дужы чалавек на корце з вялікай колькасцю эмоцый. Але яе любяць не за гэта. Вы калі-небудзь бачылі інтэрв'ю з Арынай без яе цудоўнай усмешкі і шчаслівага позірку? Не! — пісаў хакеіст. — Але… Яна неверагодна пяшчотны, ранімы, любячы чалавек, якога немагчыма не кахаць!»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера