Знайсці
14.05.2022 / 20:48РусŁacБел

Кіраўнік беларускага ваенпрама: Распрацоўка ракет — адна з ключавых задач, хутка будзе цалкам беларускі ЗРК

Кіраўнік Дзяржкамваенпрама Дзмітрый Пантус ў эфіры «Беларусь 1» расказаў пра поспехі айчыннай ваеннай прамысловасці і ўплыў на гэты працэс санкцый, піша reform.by. Па яго словах, уведзеныя заходнімі краінамі абмежаванні «надалі дадатковы імпульс для развіцця».

Паводле чыноўніка, Беларусь займаецца распрацоўкай розных тыпаў узбраення, у тым ліку ўласных ракет для ЗРК «Бук» і сістэмы «Паланэз», а таксама некалькіх беспілотных лятальных апаратаў. Па словах Дзмітрыя Пантуса, частка беларускіх беспілотных лятальных апаратаў ужо пастаўленая на ўзбраенне ў войска.

У прыватнасці, у 2021 годзе былі завершаныя выпрабаванні двух беспілотнікаў квадракоптарнага тыпу, распрацоўваецца некалькі мадыфікацый беспілотніка «Грыф 100», завяршаецца распрацоўка беспілотніка «Камікадзэ». У 2022 годзе ён пройдзе ўсе выпрабаванні і будзе пастаўлены на ўзбраенне.

Гаворачы пра распрацоўку ракет для ЗРК «Бук», Дзмітрый Пантус адзначыў, што ракеты ўжо праходзяць выпрабаванні. Паводле яго слоў, было зроблена ўжо 12 пускаў, і ўсе яны прайшлі паспяхова.

У жніўні 2022 года запланаваны чарговы этап выпрабаванняў, а да асенне-зімовага перыяду 2022-2023 года Дзяржкамваенпрам разлічвае выйсці на дзяржаўныя выпрабаванні ў цэлым цалкам беларускага зенітна-ракетнага комплексу.

Дзмітрый Пантус расказаў, што распрацоўка ракет для сістэмы «Паланэз» працягваецца ўжо тры гады, і ўдакладніў: на тэрыторыі Беларусі няма магчымасці праводзіць увесь комплекс выпрабаванняў, і менавіта з гэтым звязаныя такія тэрміны распрацоўкі. Чарговы этап выпрабаванняў, па яго словах, запланаваны на канец вясны і пачатак лета.

«Чарговы этап выпрабаванняў мы ў канцы мая — пачатку чэрвеня будзем праводзіць і паступова будзем выходзіць на тыя задачы, якія стаяць перад намі — стварэнне цалкам беларускага вырабу», — заявіў Пантус.

Пантус назваў ракетабудаванне адной з ключавых задач Дзяржкамваенпрама і адзначыў, што Беларусь вядзе падрыхтоўку спецыялістаў па гэтым кірунку.

«Мы навучаем спецыялістаў па гэтым кірунку, у тым ліку і ў Расійскай Федэрацыі. У 2022 годзе чатыры спецыялісты ўжо вернуцца пасля навучання і дапоўняць школу, якая ўжо створана. Задача дарагая, але калі будзе вынік, можна будзе прадаваць дадзеныя вырабы і на міжнародны рынак», — расказаў Дзмітрый Пантус. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера