Знайсці
14.05.2022 / 20:10РусŁacБел

Былы палітвязень Арцём Дубскі не выходзіць на сувязь пасля выкліку ў КДБ

Былы палітвязень Арцём Дубскі, брат прызнанага палітвязнем Іллі Дубскага, не выходзіць на сувязь пасля заявы аб збіцці сілавікамі і выкліку ў КДБ 12 траўня. Пра гэта паведамляе праваабарончая валанцёрская група MAYDAY.

Арцём Дубскі

Арцём Дубскі — чалавек з даўняй апазіцыі рэжыму Лукашэнку, адзін з лідараў Маладога Фронту ў Асіповічах у другой палове 2010-х. Тады ж ён быў і палітвязнем, адбыўшы ў 2009—2010 гадах год у калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў 2008 года і за тое, што пасля з'ехаў з краіны, каб не адбываць палітычнае пакаранне (першапачаткова быў асуджаны на 2 гады ўмоўна). Пасля вызвалення выехаў за мяжу, з 2011 года жыў у Польшчы.

Як пішуць праваабаронцы, Дубскі прыехаў з Польшчы ў Асіповічы, каб праведаць сваю сям'ю. 11 мая ён разам са сваякамі паехаў у Мінск, дзе былога палітвязня на выхадзе з ГЦ «На Нямізе» затрымалі і збілі «байцы ў масках».

«Калі выходзілі з будынка, да нас падбеглі шэсць ці сем байцоў у масках, вырвалі з маіх рук тэлефон, павалілі на зямлю, збілі, закавалі ў кайданкі і закінулі ў машыну», — расказаў Дубскі.

Фота Дубскага пасля затрымання

Паводле інфармацыі MAYDAY, у ведамстве Дубскаму паведамілі, што прычынай затрымання стала яго «ацэначнае меркаванне аб тым, што грамадзянін Беларусі, які знаходзіцца ў Польшчы — Сяргей Васільеў — з'яўляецца агентам КДБ РБ».

«З сакавіка 2011 года па май 2019-га на пастаяннай аснове я пражываў у Польшчы. Прыкладна чатыры гады таму, у 2018-м, там жа меў няшчасце пазнаёміцца з чалавекам, які прадставіўся Сяргеем Васільевым. Я напісаў заяву [польскім праваахоўнікам] аб тым, што гэты чалавек, верагодна, мае нейкае дачыненне да беларускіх спецслужбаў: у мяне былі падставы так меркаваць», — расказаў былы палітвязень.

Дубскаму прапанавалі застацца на «службовай кватэры» на ноч, каб 12 мая ён зноў з'явіўся ў КДБ на «аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы». Калі той адмовіўся, супрацоўнікі КДБ зачыталі на камеру позву аб неабходнасці яўкі ў якасці асобы, у дачыненні да якой праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы.

Калі Дубскі вяртаўся ў Асіповічы пасля допыту, за ім ішла машына з трыма «людзьмі ў масках», расказваў былы палітвязень.

Ягоны знаёмы расказаў выданню, што 12 мая Дубскі так і не трапіў у Мінск: недзе апоўдні яго затрымалі ў Асіповічах. Дзе ён знаходзіцца, невядома.

«Да машыны, якая сачыла за імі, далучыўся бус. Арцём выйшаў на вуліцу, і яго «скруцілі». Сястра тэлефанавала ў РАУС, там сказалі што ён у КДБ «у гасцях», — сказаў знаёмы Дубскага.

«Заява ў 102 аб знікненні чалавека толку не прынесла — МУС сцвярджае, што не ведаюць, дзе Арцём. Наяўнасць Дубскага адмаўляюць у КДБ, у ЦІП на Акрэсціна і ў СІЗА», — паведамляе MAYDAY.

Чытайце таксама:

Былы палітвязень Арцём Дубскі расказаў, як дабіўся беларусізацыі пашпартнага напісання свайго імені

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера